Акт гістарычнай справядлівасці. 17 верасня Беларусь адзначыць новае свята — Дзень народнага адзінства

logo
Четверг, 16.09.2021 08:57 | Рубрика: Год народного единства
01327

Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Аб эканамічным і палітычным становішчы Заходняй Беларусі ў складзе Польскай дзяржавы, аб жыцці і барацьбе насельніцтва за свае грамадзянскія і палітычныя правы, аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР мы пагутарылі з загадчыкам кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Анатолем Дулавым.

— Анатоль Мікалаевіч, якім чынам частка беларускіх зямель апынулася ў складзе Польшчы?

— У лістападзе 1918 года была адноўлена незалежная Польская дзяржава, кіраўніцтва якой імкнулася да адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года (да першага падзелу). Неўзабаве была распачата польска-савецкая вайна, выніковую кропку ў якой паставіў Рыжскі мірны дагавор. Ён быў падпісаны ў сакавіку 1921 года паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога. Ад імя Савецкай Беларусі дагавор падпісала РСФСР. Паводле ІІ артыкула дагавора да Польшчы адышлі беларускія землі з насельніцтвам больш за тры мільёны чалавек, з якіх звыш 70 працэнтаў складалі этнічныя беларусы. Рыжскі мір фактычна ўзаконіў захоп Польшчай значнай часткі беларускіх і ўкраінскіх зямель.


Беласточчына. Сяляне на сходзе прымаюць адзінагалоснае рашэнне аб падзеле зямлі князя Любамірскага.

За далучанымі да Польшчы беларускімі землямі замацавалася неафіцыйная назва «Заходняя Беларусь». У польскіх жа дакументах гэтыя тэрыторыі абазначаліся назвай «крэсы ўсходнія» (усходнія ўскраіны ІІ Рэчы Паспалітай). Беларускія землі былі падзелены на чатыры ваяводствы: Палескае, Навагруд­скае, Беластоцкае і Віленскае. Да апошняга належалі і землі сучаснай Віцеб­шчыны. Паводле дзеючага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу гэта Браслаўскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі раёны і большая частка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці.

— Часам можна пачуць, што эканоміка заходне-беларускіх зямель у ІІ Рэчы Паспалітай дынамічна развівалася, дастаткова высокім быў узровень жыцця насельніцтва. Ці так гэта?

— Сапраўды, існуе такое меркаванне. Але далёка не ўсё тут адназначна. Справа ў тым, што польскія ўлады разглядалі анексіраваныя беларускія землі фактычна як аграрна-сыравінны прыдатак цэнт­ральнага і заходняга рэгіёнаў Польшчы і абмяжоўвалі іх развіццё. Пераважная большасць прамысловых прадпрыемстваў Заходняй Беларусі былі дробнымі, дзе працавала ад 5 да 20 рабочых. 2/3 прадпрыемстваў прыходзіліся на долю харчовай прамысловасці. Імкліва развівалася дрэваапрацоўка, асабліва выраб фанеры, што было звязана з эксплуатацыяй лясных багаццяў манаполіямі. У выніку з 1921-га па 1936 год пло­шча лясоў зменшылася на 400 тысяч гектараў. Такім чынам, тэмпы прамысловага развіцця значна вышэйшымі былі ў БССР, дзе ажыццяўлялася індуст­рыялізацыя, у выніку чаго да канца 1930-х гадоў рэспубліка з аграрнай ператварылася ў аграрна-індустрыяльную.


Жыхары Заходняй Беларусі сустракаюць вызваліцеляў.

Прычым эканамічнае становішча рабочых у Заходняй Беларусі было значна горшым, чым у цэнтральнай Польшчы. Нават за аднолькавую працу яны атрымлівалі куды меншы заробак. Расло прымяненне працы жанчын і падлеткаў, якім плацілі ў два разы меней, чым мужчынам. Дадайце сюды пераважна ручную працу, працягласць працоўнага дня ў 10–12 гадзін і адсутнасць тэхнікі бяспекі, антысанітарыю на прадпрыемствах, сістэму штрафаў. А падчас сусветнага эканамічнага крызісу 1929–1933 гадоў паўстала і праблема беспрацоўя.

Больш за 80 працэнтаў насельніцтва Заходняй Беларусі было занята ў сельскай гаспадарцы. Сяляне пакутавалі ад беззямелля і малазямелля, падатковага прыгнёту і свавольстваў чыноўнікаў. Вялікая разбежка была ў коштах на прамысловыя тавары шырокага ўжытку (запалкі, соль, газа, тытунь) і сельскагаспадарчую прадукцыю (танную). Буйныя зямельныя ўладанні знаходзіліся ў руках памешчыкаў, у той час як большасць сялянскіх гаспадарак мела надзел ад 2 да 10 гектараў. Беззямельныя і малазямельныя сяляне наймаліся падзёншчыкамі, арэндавалі зямлю, ішлі працаваць на лесараспрацоўкі. Некаторыя ў пошуках лепшай долі выязджалі за мяжу — у Заходнюю Еўропу, ЗША, Канаду, Паўднёвую Амерыку. Па розных падліках у 1921–1939 гадах з Заходняй Беларусі выехала ад 120 да 150 тысяч чалавек.


Заходняя Беларусі, паблізу Вільні. Чырвонаармейцы раздаюць свежыя маскоўскія газеты.

Аграрная рэформа, якая праводзілася ў Польскай дзяржаве, паспрыяла пераадоленню феадальных перажыткаў і павысіла эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці. Аднак моцна ўдарыў па сельскагаспадарчай галіне сусветны эканамічны крызіс. У 1934–1938 гадах назіралася ажыўленне. Ура­джайнасць збожжавых дасягнула 10–12 цэнтнераў з гектара. Вырасла пагалоўе буйной рагатай жывёлы і свіней. У 1937–1938 гадах па ўраджайнасці збожжа Заходняя Беларусь дасягнула ўзроўню Францыі, ураджайнасць асноўных сельскагаспадарчых культур была вышэйшай, чым у ЗША.

Тым не менш большасць сялян не сталі заможнымі. На іх стале звычайнымі стравамі былі бульба, капуста, хлеб, рыба, зрэдку мяса. А неўраджаі пачатку 1930-х выклікалі нават масавы голад. Сялянская гаспадарка ў значнай ступені захоўвала натуральны характар — вырабляліся неабходныя рэчы: абутак, адзенне, хатнія і гаспадарчыя прылады.


Мітынг у Смаргоні, прысвечаны ўз'яднанню. 2 лістапада 1939 г.

— Савецкія гісторыкі пісалі пра бяспраўе, ганенні і рэпрэсіі, нацыя­нальны ўціск у дачыненні да насельніцтва Заходняй Беларусі. Ці сапраўды гэта мела месца?

— Правы нацыянальных меншасцей пастаянна парушаліся. Беларусы дыс­крымінаваліся ў сферы працоўных адносін, дзе перавага аддавалася палякам. У сялян складваліся напружаныя адносіны з польскімі ваеннымі каланіс­тамі-асаднікамі. Абмяжоўваліся грама­дзянскія і палітычныя правы беларусаў, якіх польскія ўлады атаясамлівалі з камуністамі. У прыватнасці груба абмяжоў­валіся выбарчыя правы працоўных.


Народны сход Заходняй Беларусі ў Беластоку. 1939 г.

Польскія памешчыкі пасля вяртання ў свае былыя маёнткі помсцілі сялянам за падтрымку савецкай улады. Пасля 1926 года, калі ў Польшчы быў ўсталяваны аўтарытарны рэжым «санацыі» (аздараўлення) Юзэфа Пілсудскага, рэпрэсіі ў дачыненні камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных актывістаў набылі масавы характар. Паліцыя хапала людзей нават за падазрэнне ў прыналежнасці да кампартыі. Звычайнай з'явай стала збіццё ў паліцэйскіх ўчастках. Падчас разгрому Беларускай сялянска-работ­ніцкай грамады (у канцы 1926-га — пачатку 1927 года) былі арыштаваны 946 чалавек. Сотні беларускіх актывістаў былі кінуты ў турмы ў 1931–1932 гадах. 116 з іх былі павешаны па прыгаворах надзвычайных судоў. Вельмі жорстка падаўлялі выступленні сялян. Фактычна здзяйснялі карныя экспедыцыі, падчас якіх ўчынялі масавыя расправы над людзьмі, знішчалі іх маёмасць.

Сімвалам рэпрэсій стаў створаны ў 1934 годзе канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, праз які за час яго існавання прайшло каля 10 тысяч заняволеных, значную частку якіх склалі беларусы. Відавочна, польскія ўлады натхніліся вопытам нацысцкай Германіі, дзе ўжо дзейнічаў падобны лагер у Араніенбургу. Па некаторых сведчаннях, Бярозу-Картузскую наведала германская дэлегацыя для абмену вопытам. У афіцыйных дакументах лагер называлі «лагерам ізаляцыі». Рашэнне аб ізаляцыі прымалася не судом, а грамадзянскай адміністрацыяй. Пры гэтым яно не падлягала аб­скарджанню. У адрозненне ад ГУЛАГа ў Бярозу-Картузскую накіроўвалі не на 10 ці 25 гадоў, а на тры месяцы. Але ствараліся нечалавечыя ўмовы дзеля таго, каб зламаць чалавека фізічна і псіхала­гічна, знішчыць у ім асобу, пазбавіць нават думак аб барацьбе. А тэрмін мог бясконца працягвацца кіраўніцтвам лагера. Праўда, можна было хутка выйсці на волю праз публічнае (у газетах) пакаянне і падпісанне дэкларацыі аб адмове ад сваіх перакананняў.


Сялянская сям'я на Палессі 1930-я гг.

Камендантамі там служылі сапраўдныя садысты і каты. Праходзіць вароты лагера зняволеных прымушалі на каленях, ім давалі нумары, якія нашывалі на адзенне, размовы паміж сабой забаранялі, перамяшчацца па лагеры можна было толькі бегам. Новых вязняў змя­шчалі ў так званы каранцін, дзе зімой тэмпература была ніжэйшай за нуль. Ён, як і карцар, быў значным выпрабаваннем. Днём вязні стаялі тварам да сцяны, а ўначы спалі на бетоннай падлозе. У каранціне людзі маглі знаходзіцца ад некалькіх дзён да двух-трох тыдняў. Вязняў прымушалі выконваць цяжкую і часта бессэнсоўную, прыніжальную фізічную працу. Асноўным сродкам падаўлення іншадумцаў было рэгулярнае збіццё, якое пачыналася з моманту прыбыцця ў лагер. Збівалі рукамі, нагамі, гумовымі і драўлянымі дубінкамі.

Здзяйснялася мэтанакіраваная палітыка паланізацыі і асіміляцыі беларускага насельніцтва. Зачынялі беларускія школы, іх на 1938–1939 навучальны год не засталося ўвогуле. Польскіх школ, якія служылі інструментам паланізацыі, таксама не хапала, таму шмат беларускіх дзяцей, пераважна з вёсак, заста­валіся без адукацыі. Забаранялі і канфіскоў­валі беларускія газеты і часопісы, за іх выданне штрафавалі друкарні, зачынялі клубы, бібліятэкі, хаты-
чытальні. У дзяржаўных установах не дазвалялі гаварыць па-беларуску. Зачынялі права­слаўныя храмы.

— Якой была рэакцыя на такую палітыку з боку беларусаў?

— Нацыянальны ўціск меў неадна­значныя вынікі: адны беларусы пачыналі адносіць сябе да палякаў, у іншых, наадварот, адбывалася крышталізацыя і ўзмацненне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, з'яўлялася імкненне адстойваць свае правы. З самага пачатку 1920-х гадоў распачаўся нацыянальна-вызваленчы рух, які першапачаткова набыў форму ўзброенай партызанскай барацьбы. Узначалілі яго беларускія эсэры і камуністы. Сацыяльную базу руху склалі сяляне, сельская інтэлігенцыя і рамеснікі. Найбольш вядомымі кіраўнікамі партызан сталі Кірыл Арлоўскі, Станіслаў Ваўпшасаў, Васіль Корж. У адказ польскія ўлады ўзмацнілі паліцэйскі тэрор. Развівалася і легальная парламенцкая форма барацьбы, у польскім Сейме ўзнікла фракцыя Беларускі пасольскі клуб.

На хвалі ўздыму вызваленчага руху ў 1923 годзе была ўтворана як складовая частка польскай кампартыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая хутка набыла папулярнасць. Калі на пачатку партыя налічвала звыш за 500 членаў, то на 1927 год — ужо больш за тры тысячы. Прычым прыкладна трэць з іх рэгулярна знаходзілася ў турмах. Праяўлялася тэндэнцыя збліжэння камуніс­тычнага руху з беларускім нацыянальна-дэмакратычным, што выявілася ў стварэнні і дзейнасці масавай арганізацыі — Беларускай сялянска-работніцкай грамады (налічвала больш за 100 тысяч чалавек), разгромленай польскімі ўладамі. Культурна-асветнай працай з 1921 года займалася Таварыства беларускай школы (ТБШ). Моцным быў уплыў КПЗБ на прафсаюзы, якія адстойвалі інтарэсы працоўных.


Стары і хлопчык плятуць лапці.

Чарговы ўздым нацыянальна-вызваленчага руху назіраўся ў другой палове 1930-х гадоў. Адказам стала новая хваля рэпрэсій. Ішлі масавыя судовыя працэсы, прыпынялі дзейнасць беларускіх культурніцкіх арганізацый, у прыватнасці ТБШ. Але больш моцным ударам стаў роспуск Выканкамам Камінтэрна ў 1938 годзе кампартыі Польшчы і яе складовых частак. Роспуск ажыццявілі з-за беспадстаўных абвінавачанняў: быццам у кіраўніцтва партыі прасачыліся агенты дэфензівы. Раней у 1936 го­дзе ў Мінску быў арыштаваны сакратар ЦК КПЗБ Іосіф Лагіновіч, якому двойчы (у 1938-м і 1939 гадах) быў вынесены смяротны прысуд. Рэпрэсіям падверг­лі і іншых партыйных работнікаў, якія знаходзіліся ці былі выкліканы ў БССР. Гэта быў працяг рэпрэсій, распачатых у Савецкім Саюзе супраць удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі яшчэ ў 1933 годзе. Рэпрэсіі наклалі негатыўны адбітак і на працэс аб'яднання беларускага народа ў межах адзінай дзяржавы.

— Што ж прывяло да гэтай важнай у гісторыі нашага народа падзеі?

— 23 жніўня 1939 года быў заключаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні з дадатковым сакрэтным пратаколам, паводле якога германскія войскі не павінны былі перасякаць устаноўленую мяжу ў выпадку ваеннага канф­лікту з Польшчай. Як слушна заўважыў беларускі гісторык Уладзімір Ладысеў, з інтарэсамі Польшчы ў дадзеным выпадку вялікія дзяржавы паступілі гэтаксама, як Польшча з інтарэсамі Беларусі ў час Рыжскіх перамоў у 1921 годзе. І з гэтай думкай цяжка не пагадзіцца.

На пачатку Другой сусветнай вайны, ва ўмовах, калі значныя польскія тэрыторыі і важнейшыя цэнтры былі заняты вермахтам, 17 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі ўступілі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Маштабных ваенных дзеянняў паміж польскім і савецкім войскамі не было. Праўда, адбыліся асобныя сутычкі і нават баі, асабліва жорсткія за Гродна 20–21 верасня. Асноўная частка насельніцтва сустракала байцоў Чырвонай Арміі як вызваліцеляў, нярэдка хлебам-соллю і кветкамі. Яшчэ да прыходу савецкіх часцей у некаторых вёсках і мястэчках рабочыя і сяляне раззбройвалі паліцэйскіх і асаднікаў, стваралі рэвалюцыйныя камітэты, бралі ўладу ў свае рукі.

— Якімі былі першыя мерапрыемствы савецкай улады? Якім чынам было аформлена ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР?

— Адразу пачалася стваральная праца па наладжванні новага жыцця на вы­зваленай тэрыторыі. Былі створаны ваяводскія і павятовыя Часовыя ўпраўленні — органы новай улады, пры якіх арганізоўвалі атрады рабочай гвардыі, на вёсцы — сялянскія камітэты. Часовыя камітэты стваралі на фабрыках і заводах камітэты рабочага кантролю, наладжвалі забеспячэнне гарадоў прадуктамі харчавання, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, змагаліся са спекуляцыяй, адчынялі школы. Сялянскія камітэты дзялілі землі памешчыкаў і асаднікаў, бралі на ўлік іх маёмасць, дапамагалі беззямельным і малазямельным сялянам.

З восені 1939 года адчыняліся школы, навучанне пераводзілася на родную мову, дзясяткі тысяч дзяцей рабочых і сялян, адукацыя для якіх была раней недаступнай, пайшлі ў школу.

Юрыдычна ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР было аформлена праз усенароднае волевыяўленне на Народным сходзе, які адбыўся ў Беластоку ў канцы кастрычніка 1939 года. Пераважная большасць дэпутатаў сходу выказалася ў падтрымку савецкай улады, сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў і ўз'яднанне беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве. Сход абраў паўнамоцную камісію для паездкі ў Маскву, каб перадаць рашэнне пра ўступленне Заходняй Беларусі ў склад СССР. Працэс юрыдычна-прававога афармлення прыняцця Заходняй Беларусі ў склад БССР завяршыўся 12 лістапада 1939 года на 3-й пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР.

У той жа час існавалі адмоўныя моманты. Асобы польскай нацыянальнасці падвергліся дэпартацыям. Многія дзеячы беларускага вызваленчага руху былі рэпрэсіраваны. У шэрагу выпадкаў партыйныя і савецкія чыноўнікі, прысланыя на працу ў Заходнюю Беларусь, ігнаравалі мясцовую спецыфіку, традыцыі. Мелі месца злоўжыванні службовым становішчам. І хаця адносна апошніх выпадкаў прымалі меры, такія дзеянні выклікалі недавер да савецкай улады.

— У чым, на вашу думку, гістарычнае значэнне ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР? Ці слушна вы­брана дата новага свята — Дня народнага адзінства?

— Некаторыя публіцысты падкрэсліваюць, што дзеянні Савецкага Саюза ў жніўні — верасні 1939 года парушалі нормы міжнароднага права. З юрыдычнага пункту гледжання гэта так. Але ж ёсць яшчэ і маральны, і геапалітычны аспекты праблемы. Уз'яднанне беларускага народа стала актам гістарычнай справядлівасці і, безумоўна, мела ў цэлым станоўчае значэнне. Беларускія землі апынуліся ў складзе аднаго нацыянальна-дзяржаўнага ўтварэння, амаль усе беларусы атрымалі магчымасць жыць і працаваць разам. У гістарычнай перспектыве гэта закладвала асновы для афармлення незалежнай Рэспублікі Беларусь. А ў той час далучэнне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны стала адным з фактараў, што дазволіў СССР стварыць умовы для зрыву гітлераўскага бліцкрыгу летам 1941 года, а значыць, у выніку паспрыяў і разгрому нацысцкай Германіі.

Зыходзячы са значэння ўз'яднання, падаецца, што дата новага свята абрана ўдала. Яна можа служыць напамінам пра няпросты шлях беларусаў да ўласнай дзяржаўнасці і пра ахвяры, прынесеныя нашым народам на гэтым шляху, а таксама падкрэслівае важнасць дзяржаўнага суверэнітэту і народнага адзінства ў сённяшніх умовах.

— Дзякуй за змястоўную гутарку. Упэўнена, што ваш экспертны аналіз дапаможа чытачам лепш арыентавацца ў гісторыі сваёй краіны, зразумець, як падзеі мінулага ўплываюць на сучаснае жыццё.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.