Ад Суражскай да Гагарына. Каля чатырох кіламетраў доўжыцца вуліца Гагарына на паўночным усходзе Віцебска

logo
Суббота, 14.12.2019 14:01 | Рубрика: Год малой родины
02880

«Касмічная» вуліца

Па сваёй працягласці вуліца саступае ў горадзе толькі Ленінградскай, Максіма Горкага і Маскоўскаму праспекту. Яна адносна маладая для нашага старажытнага горада. Пачала фарміравацца ў другой палове ХІХ стагоддзя пераважна з аднапавярховых драўляных дамоў. Пачыналася ад Коннай плошчы (цяперашняя Смаленская). Першапачатковая назва — Суражская — паказвала кожнаму накірунак да гэтага населенага пункта. Потым найменне змянілі на «Суражская шаша», а з 1961 года яна стала вулiцай Гагарына. Кажуць, што калі ў нейкага чыноўніка спыталі, якую сувязь мае першы касманаўт з нашым горадам, дзе ні разу не быў, той дасціпна адказаў: «Затое ён тут пралятаў».

Жарты жартамі, але не ўсё так адназначна. Вядомы цікавы факт. Юрый Гагарын захапляўся подзвігам нашага земляка-героя Аляксандра Гараўца, які ў адным паветраным баі збіў дзевяць варожых самалётаў, і нават марыў ­з’ездзіць на яго малую радзіму ў вёску Машканы Сенненскага раёна. Гэта здзейсніць не ўдалося, але бацька беларускага лётчыка Канстанцін Іванавіч пасябраваў з бацькамі першага касманаўта Аляксеем Іванавічам і Ганнай Цімафееўнай, якія нават прыязджалі да яго ў госці ў Віцебск. Нейкая містыка, але сёння вуліца Гагарына з’яўляецца практычна працягам вуліцы Гараўца праз Смаленскую плошчу.

Сучасная вуліца Гагарына — гэта прамысловыя прадпрыемствы, жылыя дамы, магазіны і іншыя аб’екты. Напрыканцы яна пераходзіць у рэспубліканскую аўтадарогу Р‑112 Віцебск — Сураж — мяжа Расійскай Федэрацыі.

І пашыюць, і пабудуюць

На вуліцы размясціліся вытворчасці шэрагу знакавых прамысловых прадпрыемстваў. Шмат хто з гараджан працаваў і працуе на прыборабудаўнічым заводзе. (На яго тэрыторыі ёсць памятныя знакі былым работнікам — Героям Савецкага Саюза Уладзіміру Свідзінскаму і Рыгору Гарфункіну, якія вызначыліся ў баях за Украіну.) Першапачаткова гэта былі ігольныя майстэрні, вывезеныя ў Першую сусветную вайну з Рыгі. Пасля рэвалюцыі — завод, на якім у 1923 годзе працавалі ўжо 400 чалавек. У час вайны эвакуіраваны ў Тамбоўскую ­вобласць. Пасля вызвалення адноўлены, выпускаў ужо не толькі іголкі, але і керагазы, гарэлкі, іншую прадукцыю. З 1959 года гэта быў ужо завод гадзіннікавых дэталей. Нарэш­це, у 1987 годзе прадпрыемства атрымала цяперашнюю назву.

Далёка за межамі нашай краіны вядомая швейная прадукцыя ААТ «Сцяг індустрыялізацыі». Пабудавана прадпрыемства было напрыканцы 1920-х гадоў. Неўзабаве яно стала найбуйнейшым у рэспубліцы ў швейнай прамысловасці. У 1930-я тут пасля заканчэння мясцовага механіка-будаўнічага тэхнікума працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі вядомы кампазітар Марк Фрадкін. У час вайны абсталяванне і супрацоўнікаў эвакуіравалі ў Саратаў, а акупанты выкарыстоўвалі памяшканні для майстэрняў па рамонце аўтамабіляў і матацык­лаў. Пасля вызвалення вытворчасць аднавілі, але на даваенныя аб’ёмы ўдалося выйсці толькі ў 1956 годзе. На тэрыторыі ў ­1967-м усталявана стэла памяці ў гонар працаўнікоў, якія загінулі ў вайну. У 1980 годзе прадпрыемства ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Яшчэ з ХІХ стагоддзя ў раёне вуліцы было некалькі прыватных цагляных заводаў. І пасля рэвалюцыі тут таксама быў такі ж завод. На ім працаваў, між іншым, Герой Савецкага Саюза Цімафей Рамашкін. Удзельнік савецка-фінскай вайны і абароны Ленінграда, ён здзейсніў свой жыццёвы по­дзвіг у мірны час. Пасля вайны ўраджэнец вёскі Марчанкі Гарадоцкага раёна працаваў бортправадніком у грамадзянскай авіяцыі. Трагедыя здарылася ў 1954 годзе падчас пасажырскага рэйса Талін — Ленінград. Самалёт паспрабавалі захапіць узброеныя мужчына і жанчына. Цімафей Цярэнцьевіч абясшкодзіў кабету, але яе напарнік смяротна параніў нашага земляка. Паветраная машына вярнулася ў сталіцу Эстоніі, але мясцовым хірургам не ўдалося выратаваць героя. Пасмярот­на ён быў ушанаваны найвышэйшай узнагародай краіны.

Зараз ААТ «Кераміка» аб’ядноўвае шэраг вытворчасцяў, што выпускаюць не толькі цэглу, але i керамзітавы гравій, дрэнажныя трубы, іншую прадукцыю.

Усе прафесіі патрэбны

На вуліцы Гагарына два дзіцячыя садкі (№№ 21 і 83) і дзве школы (№№ 5 і 30). СШ № 5 мае багатую гісторыю. Яе папярэдніцай стала рабочая школа-сямігодка імя Я. Коласа, што адкрылася яшчэ ў 1920-я гады. Школа асабліва славіцца сваімі выпускнікамі-спартсменамі. Сярод іх вылучаецца постаць Ігара Каныгіна, размова пра якога пойдзе далей. СШ № 30 можа ганарыцца сваім вучнем Ягорам Сілічам. Ён сёлета стаў наймацнейшым у свеце шахматыстам сярод школьнікаў да 13 гадоў.

Зусім побач, ля стромкага берага Віцьбы, размясціліся дзве ўстановы прафесійнай адукацыі. Гэта філіял БДТУ «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж» і Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці. Абедзве ўстановы былі створаны ў 1983 годзе. Тэхналагічны быў першапачаткова ДПТВ‑163, скіраваны на падрыхтоўку спецыялістаў для вытворчых аб’яднанняў «Даламіт» і «Кераміка». Зараз ён прапануе набыць шэраг спецыяльнасцяў ад аператара ЭВМ да станочніка дрэваапрацоўчых станкоў.

Каледж (тады таксама вучылішча) лёгкай прамысловасці спачатку рыхтаваў прафесійных абутнікаў. Нядаўна да іх дадаліся і спецыялісты для футравага камбіната.

Славуты старажыл

Чалавекам, якім ганарыцца вуліца Гагарына, з’яўляецца заслужаны майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе Ігар Каныгін. Тут прайшло дзяцінства і юнацт­ва срэбнага прызёра Алімпіяды‑1980, шматразовага чэмпіёна свету і Еўропы.

Сёння Ігар Уладзіміравіч узначальвае Віцебскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па адзінаборствах, які знаходзіцца тут жа, у Журжаве. У якасці адміністратара заслужанаму спартсмену даводзiлася займацца работамі па пераўтварэнні недабудаванага кінатэатра вайсковай часці ў сучасны спартыўны аб’ект. Сёння ў ім чатыры залы: таэквандо, грэка-рымскай барацьбы, дзюдо і агульнафізічнай пад­рыхтоўкі (трэнажорны).

Электрычны «жалезны конь»

Важным відам грамадскага транспарту разам з аўтобусамі і маршрутнымі таксі з’яўляецца трамвай. Ён быў пушчаны ў 1933 годзе і злучыў цэнтр горада з цаг­ляным заводам. У 1937 годзе па лініі сталі курсіраваць электравозы з грузавымі платформамі. На іх цэглу дастаўлялі да чыгункі і потым — на будоўлі Магілёва. Ігар Каныгін прыгадвае, як тут была яшчэ аднакалейка. Для трамваяў, што рухаліся ў розных накірунках, былі створаны спецыяльныя раз’езды ля прыпынкаў.

Лечаць душу і цела

Адной з адметнасцяў вуліцы Гагарына з нядаўняга часу з’яўляецца рэлігійна-духоўны цэнтр каталіцкай парафіі святога Антонія Падуанскага. Ён быў перароблены з безгаспадарнага будынка былога Дома культуры глухіх, які знаходзіўся ў занядбаным стане. Больш за дзесяць гадоў яго ўзвядзеннем займаўся пробашч Алег Буткевіч, цяперашні біскуп Віцебскай дыяцэзіі.

З самага пачатку цэнтр мае выразную сацыяльную накіраванасць. Сюды звяртаюцца за дапамогай тыя, хто жыве ў нястачы, знайшло прытулак таварыства «Адраджэнне» ананімных алкаголікаў. Зараз тут збіраюцца асобы, якiя хочуць пазбавiцца ад наркатычнай залежнасці.

Ад турмы і ад сумы…

Так склалася, што для многіх гара­джан вуліца асацыіруецца з выпраўленчымі ўстановамі. Адзін з аб’ектаў, які з дарэвалюцыйных часоў застаўся пры сваіх ранейшых функцыях, — следчы ізалятар. Турэмны замак за Смаленскай заставай яшчэ з ХІХ стагоддзя стаяў акурат на гэтым месцы. Пад патранажам Міністэрства ўнутраных спраў знахо­дзяцца і дзве ўстановы для нашых грамадзян, хворых на алкагалізм: лячэбна-працоўныя прафілакторыі для мужчын і жанчын.

Па плане рэканструкцыі

Усіх устаноў вуліцы Гагарына не пералічыць. Гэта ўпраўленне камітэта судовых экспертыз, паліклініка № 5 (былая ААТ «Кераміка»), бібліятэка імя У. Маякоўскага, гандлёвыя кропкі розных сетак… Ды і новыя прыгожыя чырвоныя дамы пад №№ 5 і 7, што нагадваюць нейкія замкі, таксама дадаюць каларыту.

Апошнім часам вуліца Гагарына мяняецца ў лепшы бок. Яе жыхары спа­дзяюцца, што будзе завершана рэалізацыя праекта па яе рэканструкцыі. Прынамсі, гарадская ўлада запэўніла грамадзян, што за добраўпарадкаванне возьмуцца пасля пабудовы Полацкага пуцеправода і дарогі ў Білева. Па плане вуліца будзе мець па тры паласы ў кожным накірунку. Хочацца верыць, што ­з’явяцца тут і вельмі запатрабаваныя зараз веладарожкі, таму што здаровы лад жыцця — гэта брэнд сучаснай моладзі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений