Больш за 400 гектараў кукурузы сёлета плануюць пасеяць у філіяле «Баброва-Агра» закрытага акцыянернага таварыства «Віцебскаграпрадукт»

logo
Вторник, 27.04.2021 09:18 | Рубрика: Экономика
02729

У гаспадарцы няма малочнага статка, таму і не існуе патрэбы ў нарыхтоўцы кукурузнага сіласу. Затое ёсць неабходнасць у кукурузным зерні, з якога ў далейшым робяць дабаўкі да розных відаў камбікармоў.

У дзень прыезду карэспандэнта сяўба кукурузы вялася ля вёскі Пагарэлае на самай мяжы Лепельскага і Бешанковіцкага раёнаў.

Поле даволі вялікае, але зрэзанае меліярацыйнымі каналамі. Ёсць шырокія, да 50 гектараў, участкі, а ёсць і зусім маленькія, па 50 сотак. І ўсе трэба апрацаваць Івану Петухоўскаму, узрыхліць глебу на трактары К-744 з 11-метровым культыватарам. Апошні агрэгат імпартны, зямлю апрацоўвае так, што па ёй адразу пускаюць сеялкі.

Непасрэдна сяўбой занятыя Генадзь Сабалеўскі і Алег Хацько. Мужчыны працуюць на трактарах МТЗ-1221, з якімі агрэгатаваны сеялкі дакладнага высейвання фірмы Kuhn мадэлі Maxima 3M6M00. Агрэгаты выраблены ў Францыі, закуплены і пастаўлены ў Баброва некалькі дзён таму спецыяльна для сяўбы кукурузы. На сеялках зманціраваны вялікі бункер для мінеральных тукаў і восем маленькіх — для насення. За адзін праход агрэгат выконвае дзве аперацыі.

— Прыкамандзіраваны сюды з Талачынскага раёна, з філіяла «Нарцызава», — кажа Генадзь Сабалеўскі, — пасеем кукурузу тут, а потым пераедзем туды. Я ўжо не першы год працую на два раёны. І на талачынскіх, і на лепельскіх палях хапае камення, аб якое рызыкуеш зламаць тэхніку. Хіба што ў філіяле «Баброва-Агра» палеткі больш вільготныя, часцей трапляюцца вымачкі.

Высеяўшы чарговую порцыю, трактары пад'ехалі на край поля, дзе рабочыя Канстанцін Галай і Дзмітрый Паўловіч узяліся дасыпаць у сеялкі насенне і ўгнаенні.

Кіруе ўсім працэсам, ад унясення арганікі і рыхлення да сяўбы, начальнік участка Аляксей Раманенка. Спецыяліст расказвае:

— Нагрузка вельмі вялікая і на тэхніку, і на механізатараў. На мехдвор прыбываем а шостай гадзіне раніцы, на поле — не пазней за сем і працуем на працягу ўсяго светлавога дня. Засеяць рознымі культурамі трэба тысячы гектараў, а тэхнікі і людзей — абмежаваная колькасць. Каб купіць яшчэ трактароў і іншых агрэгатаў, трэба зарабіць грошы. Вось і зарабляем, шчыруем. З іншага боку, кожны разумна ўкладзены рубель дае сваю важкую аддачу.

Успомнім, што летась «Баброва-Агра» было лідарам як па ўра­джайнасці, так і па валавых намалотах.

Імкнучыся максімальна выкарыстоўваць добрае надвор'е, баброўскія работнікі кожны дзень засяваюць дзясяткі гектараў палёў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Васіль МАТЫРКА, Лепель. Фота аўтара.