Яравая сяўба ў гэту кампанію ў Віцебскім раёне будзе праведзена на плошчы 27 тысяч гектараў

logo
Понедельник, 05.04.2021 17:12 | Рубрика: Экономика
03008

У палове раёнаў Віцебшчыны аграрыі прыступілі да сяўбы. Як паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, на раніцу 5 красавіка работы выкананы на плошчы 1,3 тысячы гектараў.

Яшчэ не пачалі сеяць, але гатовы выехаць у поле аграрыі Віцебскага раёна. Імі праве­дзена вялікая работа па падрыхтоўцы да гэтай кампаніі. Завершаны рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, зараз ідуць яе тэхнічныя агляды, абслугоў­ванне і агрэгаціраванне. Назапашаны мінеральныя ўгнаенні, і гэта работа працягваецца. Дзякуючы дапамозе аблвыканкама ў раён паступіла каля 20 адзінак тэхнікі, новыя энерганасычаныя трактары айчыннай вытворчасці накіраваны ў аграпрамысловыя аб'яднанні і ў шэраг гаспадарак, што дазволіць завяршыць усе палявыя работы ў больш сціслыя агратэхнічныя тэрміны.

На дапамогу аграрыям накіравана каля 15 механізатараў з розных арганізацый і прадпрыемстваў.

Яравая сяўба ў гэту кампанію ў Віцебскім раёне будзе праведзена на плошчы 27 тысяч гектараў, у тым ліку запланавана да сяўбы яравых зерневых і зернебабовых 15 тысяч гектараў, 450 гектараў адведзена пад гародніну.

Добра падрыхтаваліся да вясенне-палявых работ і аграрыі Аршаншчыны. Сёлета ім неабходна пасеяць больш за 11 тысяч гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур, 3,5 тысячы гектараў — яравога рапсу, 2160 — ільну, 2168 — кукурузы, 2727 — адналетніх траў і 85 — гародніны.

Зараз актыўна вядуцца падрыхтоўчыя работы да сяўбы: уносяць арганіч­ныя ўгнаенні на палі, узворваюць глебу, падкормліваюць азімыя зерневыя і крыжакветныя культуры. У пасяўной кампаніі будзе задзейнічана 563 адзінкі тэхнікі, з іх 131 — энерганасычанай.

У філіяле «Смальяны» ААТ «Аршанскі КХП» таксама чакаюць старту вясенне-палявых работ. Тут плануюць пасеяць 1 тысячу гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур, 650 гектараў кукурузы, 130 — яравога рапсу.

Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бабарыка, насенне ўжо падрыхтавана на сто працэнтаў. Таксама ёсць у наяўнасці неабходная колькасць пратравы.

Зараз абследуюць азімыя культуры, аналізуюць, як яны перажылі зімоўку. Для правядзення ў сціслыя агратэхнічныя тэрміны пасяўной у «Смальянах» для ворыва і апрацоўкі глебы створаны працоўныя звенні. На палі выйдуць тры сеялкі і чатыры плугі.

Усяго на вясенне-палявых работах будзе задзейнічана 39 адзінак тэхнікі.

— Падрыхтоўкай тэхнікі да вясны мы займаліся ў зімовы перыяд, — пад­крэсліў падчас размовы галоўны інжынер філіяла «Смальяны» Сяргей Кулік. — На гэтыя мэты гаспадарка выдзеліла каля 54 тысяч рублёў. Яшчэ два агрэгаты цэнтралізавана рамантавалі ў майстэрні Аршанскага райаграсэрвісу.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Алег Касцюкоў запэўнівае, што «Смальяны» да сяўбы ўжо гатовыя. Усе арганізацыйныя моманты адносна праходжання медкамісій, арганізацыі гарачага харчавання, стварэння рамонт­ных брыгад і іншага вырашаны. За­сталося дачакацца спрыяльнага надвор'я — і можна выходзіць у поле.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЛЮБАЧКА, Настасся ТУРОК. Фота Настассі ТУРОК.