Звыш за 50 прадстаўнікоў творчай эліты Віцебшчыны атрымалі ўзнагароды падчас ўрачыстай цырымоніі ў Віцебскай абласной філармоніі

logo
Пятница, 13.10.2023 17:31 | Рубрика: Общество
01332
Адзін за другім артысты, музейныя, бібліятэчныя і клубныя работнікі, майстры традыцыйных рамёстваў і іншыя дзеячы культуры, без якіх немагчыма ўявіць нашы будні і святы, падымаліся на сцэну.




Так, за высокія дасягненні ў сферы культуры і мастацтва лаурэатамі спецыяльнай прэміі Віцебскага аблвыканкама сталі 12 прадстаўнікоў вобласці. Сярод іх артыст беларускага тэатра “Лялька” Яўген Гусеў, які ўжо ў трэці раз атрымлівае гэту ўзнагароду.

– Кожны дзень мы імкнемся прымножыць культурную спадчыну нашай краіны, абудзіць усё лепшае, што ёсць у кожным чалавеку, – адзначыў Яўген Гусеў. – Ужо 17 гадоў я працую ў тым ліку і для самых маленькіх віцябчан, знаёмлю іх са светам лялечнага тэатра, разам з маімі персанажамі вучу іх дабрыні, міласэрнасці, працавітасці. Кожная новая роля для мяне – гэта магчымасць пазнаць нешта новае пра сябе і навакольны свет. Адны даюцца лёгка, другія, як, напрыклад, роля Аксенція Папрышчына ў “Нататках вар'ята”, – патрабуюць неверагодных намаганняў. А бывае так: выходзішь на сцэну і не іграешь – быццам жывеш. Так адчуваю сябя пад час марыянетачнага спектакля "Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка" у ролі Рыгоркі.

Не проста працаваць – жыць сваёй прафесіяй, знаходзячы ў ёй радасць, новы вопыт, натхненне. Мабыць, менавіта гэтым работнікі сферы культуры адрозніваюцца ад іншых. Пра гэта на святочным мерапрыемстве не раз гаварылі памочнік Прэзідэнта ­– інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Ірына Карповіч, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава, якія адрасавалі прысутным словы ўдзячнасці за майстэрства, працавітасць, адданасць прафесіі.



– Віцебск не выпадкова называюць культурнай сталіцай Беларусі. І сам абласны цэнтр, і іншыя раёны вобласці падарылі свету нямала выдатных дзеячаў – пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, артыстаў. На Віцебшчыне паспяхова працуюць вядомыя далёка за межамі нашай краіны народныя і заслужаныя творчыя калектывы. Шчыра хачу пажадаць утрымаць гэтую высокую планку і надалей, – пажадаў Ігар Брыло.

Як адзначыў Вячаслаў Дурноў, у кожным раёне нашай вобласці ёсць свой культурны брэнд. Гэта “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім, “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах і многія іншыя.




– Мы не толькі беражліва ставімся да здабыткаў беларускай культуры, але і шануем традыцыі іншых народаў, якія жывуць у нашай краіне, – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама. – Таму і на міжнароднай арэне Беларусь славіцца не толькі дасягненнямі навукі, прамысловасці, але і сваімі адносінамі да спадчыны продкаў. Гэтаму спрыяюць і работнікі сферы культуры, якія працуюць з нашымі дзецьмі, людзьмі старэйшага ўзроста. Яны аб’ядноўваюць часы і пакаленні.



© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Марыя БУДКЕВІЧ. Фота аўтара.