Які ручай самы доўгі і дзе ў Віцебску Дранічны ручай? Расказваем пра «экстрэмальны» турыстычны маршрут — па ярах-ручаях

logo
Воскресенье, 11.06.2023 13:19 | Рубрика: Общество
02857

Сваёй адметнасцю наш горад многім абавязаны не толькі архітэктурным помнікам мінулага, але і непаўторнаму прыроднаму ландшафту з перападамі вышыняў, тром рэкам-сёстрам: Дзвіне, Віцьбе і Лучосе. А яшчэ ж ёсць ручаі, якія цякуць у глыбокіх ярах. Ад іх у свой час атрымалі назвы цэлыя раёны: Задунаўе, Заручаўе. 
Што ж хаваецца ў зялёных зарасніках, густа ахапіўшых берагі, якія насычаюць кіслародам лёгкія гараджан?


Цячэ праз стагоддзі Гапееў
Мае дзіцячыя гады прайшлі на адным з такіх яроў ля стадыёна цяперашняга ВДУ имя П. М. Машэрава, які мы, не ведаючы назвы, проста называлі «овраг». А таму, што часцяком сцёкі на дне яго пахлі не вельмі духмяна, дадавалі штосьці не вельмі мілагучнае да слова «рэчка».

Толькі значна пазней даведаўся, што мой ручай мае назву ад адышоўшай у нябыт вёскі Гапееўшчына — Гапееў. Ён адназначна самы доўгі ў Віцебску.

Дзе ён пачынаецца, цяжка сказаць, бо выцякае з трубы ля інтэрната ўніверсітэта. Кажуць, што яго ў свой час перавялі пад зямлю, бо замінаў студэнтам хадзіць на заняткі: даводзілася рабіць вялікі круг. Верагодна, Гапееў меў выток з балаціны, якая была недалёка ад цяперашняй «Весты» на праспекце Перамогі. Там мясцовыя дзеці любілі лавіць трытонаў.


Зараз гэта месца адпачынку сур’ёзна абкарналі. З аднаго боку ўсю пойму заняла аўтастаянка і, трохі далей, будынак Белаграпрамбанка, з другога ўпрытык паўстаў жылы шматпавярховік. Што зробіш: надта ўжо выгаднае месца ў цэнтры горада.

Дарэчы, перыядычна русла ачышчаюць ад смецця, якое ў выглядзе аўтамабільных шын ды нейкага ламачча мэблі ляжала тут гадамі. Шкада толькі, што пасля кашэння травы і ліквідацыі хмызнякоў няма дзе гнездавацца салаўям, якія радавалі жыхароў наваколля. Асабіста я іх апошнім часам не чуў.

Перад Маскоўскім праспектам захавалася нейкая паўразбураная міні-плаціна. Прыгадваю, што чуў аб тым, што ў 1960-я на Гапеевым ручаі збіраліся штучна ўзняць узровень вады на некалькі метраў і зрабіць ставок з зонай адпачынку. Можа, яна і павінна была быць якраз тут.

Потым ручай праходзіць пад Маскоўскім праспектам, каб зноў выйсці на паверхню за «Цэнтральным» рынкам. Праз нядоўгі адрэзак шляху вока радуе сучасны пешаходны мост, які тут вельмі патрэбны.

Каля занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на Жасткова знаходзіцца шырокае адгалінаванне — Дранічны ручай. Няўжо ён калісьці пачынаўся ад вёскі Драніцы (раён цяперашняй гасцініцы «Лучоса»)?!


Завітайма да Дунаю!
Цікава, якім чынам узяўся ў нашым горадзе цёзка славутага Дуная. У розных славянскіх народаў, у тым ліку беларусаў, быў сапраўдны культ гэтай славутай ракі. Прынамсі, калі наш адказны сакратар Таццяна Гарнова ў юнацтве ездзіла на фальклорную практыку, дык на Асвейшчыне бабулька праспявала ёй, як «з краю Дунаю чаванок плыве». Можа, гэты чаванок і даплыў да Віцебска?

Мяркую, што старадаўні Дунай быў куды больш паўнаводны і шырокі, чым сёння. У Задунаўскай слабадзе (сучасны праспект Фрунзэ) сяліўся пераважна просты люд. Тут пэўны час жыў у дзеда па лініі маці будучы дзіцячы паэт Самуіл Маршак і пакінуў свае ўспаміны пра яўрэйскае жыццё. Някепска было б і неяк ушанаваць практычна земляка.

Дунай большую частку свайго шляху пралягае ўздоўж праспекта. Ён мае два вытокі. Адзін пачынаецца каля жылых дамоў па вуліцы «Праўды», другі — у раёне трамвайнага дэпо і 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Радуе, што каля КПП усталяваны памятны камень з гэтай нагоды. Гэты падарунак гораду зрабіла будаўнічая кампанія «ПлиссаСтрой».

Уваходзіш у «Дунайскі лес» — і проста трапляеш у іншую краіну. Вакол зялёнае хараство, пошчак птушак, якога наверсе сярод гарадскога шуму і тлуму і не пачуеш. Асабліва прыгожа ў веснавы час, калі па чарзе распускаюцца невядомыя кветкі.

Сапраўднай «прытчай ва языцах» шмат гадоў з’яўляўся стан мосціка, што звязвае праспект Фрунзэ з вуліцай «Праўды» ў раёне медуніверсітэта. Цяпер па яму пасля капітальнага рамонту можна смела пераходзіць на іншы бераг. Па-добраму зайздрошчу студэнтам медуніверсітэта, якія пражываюць у інтэрнатах над гэтым «зялёным каралеўствам».

Акурат пад вежай аблвыканкама Дунай сустракаецца са сваім братам — Гапеевым ручаём. Фактычна ён упадае ў больш шырокую плынь, бо сам сёлета без ападкаў амаль цалкам перасох.

Для ўзмацнення абароназдольнасці замка, які тут быў, вакол вежы Духаўскога кругліка быў прарыты роў, які злучыў Дунай з Віцьбай. Ён захаваўся і дагэтуль. І да яго ад дыягнастычнага цэнтра імкнецца зусім маленечкі ручаёк, аднак з крутымі берагамі.


Грозны замак стаяў
Месца, дзе зараз знаходзяцца Летні амфітэатр і бізнэс-цэнтр «Марка-сіці», самой прыродай вызначана для вадаёма. Так яно калісьці і было. Яр з’яўляўся натуральнай мяжой Ніжняга замка. Яго называлі Замкавы ці проста Ручай. Вось як апісваў яго падарожны летапісец Кацярыны ІІ: «За замком в превеликом буераке бежит в Двину небольшой ручеек». Вядома ж, пасля вышэйзгаданага прарытага рва ў Віцьбу ён і не мог ужо быць шматводным.

Але яр быў вялікі. Аднак праз мост можна было трапіць у слабаду, якая так і называлася — Заручаўская. Сёння на яе месцы, між іншым, знаходзяцца друкарня і наша рэдакцыя.

Ад Слізкага да Пілатава
Упэўнены, што ведаю далёка не ўсе ручаі абласнога цэнтра.

Сярод іх ёсць і Слізкі, які знаходзіцца на вуліцы Чэхава за абласным музеем М. Ф. Шмырова. Калісьці ён пачынаўся ў раёне цяперашняй плошчы Леніна і быў сур’ёзнай перашкодай для жыхароў Пескаваціка, якія дабіраліся ў цэнтр горада. Нарэшце, дзякуючы гарадскім уладам, пабудавалі мост. Сёння асноўная частка яра засыпана. Аднак ля самай Дзвіны застаўся зялёны куток. Сустрэты тут кіраўнік абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерый Кунашка падзяліўся сваімі назіраннямі. Гэты яр аблюбавалі дразды, і аднойчы на ўласныя вочы ён бачыў, як ад іх у жаху ўляпётывала выпадкова заляцеўшая сюды варона.

Ёсць ручай і за гандлёвым цэнтрам «Беларусь». Магчыма, гэта і ёсць той Пілатаў, які згадваў наш краязнаўца Мікалай Нікіфароўскі. Ля яго знаходзілася прыгарадная застава, дзе даглядалі, ці не вязе хто ў Віцебск нелегальны алкаголь.

Каля водазабору на праспекце Куйбышава ў аднайменным раёне ёсць і ручай Пескавацік.

Шмат дзе ў ярах адбываецца эрозія берагавой лініі. Гэтаму спрыяе высечка дрэваў на берагах. А нас жа яшчэ ў школе вучылі: дрэвы сваімі каранямі «ўзмацняюць» глебу.


Тут былі класікі
Віцебскія яры, апетыя, між іншым, Іванам Буніным і Канстанцінам Паўстоўскім, маглі б стаць цудоўным месцам адпачынку для гараджан. Як Рым стаіць на сямі ўзгорках, так наш Віцебск, можна сказаць, на сямі ярах. Чым не слоган для ўжытку?

Нармальным было б нават стварыць турыстычныя міні-маршруты па непаўторных ландшафтах. Пры выкарыстанні прафесіяналамі архітэктурна-дызайнерскіх прыёмаў магло б выглядаць заманліва. Толькі хочацца, каб пры гэтым была максімальна захавана расліннасць. Тады, мабыць, і салаўі вернуцца ў зялёныя яры…

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.