У Шумілінскую раённую гімназію з навагоднімі падарункамі прыехалі госці з МТЗ на чале з генеральным дырэктарам Віталем Воўкам

logo
Вторник, 29.12.2020 09:06 | Рубрика: Общество
03038

У рамках акцыі «Нашы дзеці» ў Шумілінскую раённую гімназію з навагоднімі падарункамі прыехалі госці з Мінскага трактарнага завода на чале з генеральным дырэктарам Віталем Воўкам.

Сустракалі з караваем, песнямі і падарункамі. Гімназістам удалося прыемна здзівіць сталічнага Дзеда Мароза поспехамі ў вучобе і навуковай дзейнасці, сваімі гімназічнымі традыцыямі.

Педагогі і вучні прадэманстравалі, як беражліва ставяцца да ўсіх падарункаў з МТЗ, якія яны атрымалі за 5 год сяброўства. І ў гэты раз госці прыехалі не з пустымі рукамі. Кабінет працоўнага навучання атрымаў наборы інструментаў агульным коштам больш чым на 4 тысячы рублёў. Генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк уручыў гімназіі сертыфікаты на набыццё навяснога абсталявання для трактара і на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы.

– Мы марым пра касілку і бульбакапалку, – прызналася дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна. – Штосьці з гэтага і купім.

Кожны гімназіст (а сёння тут вучыцца 119 хлопчыкаў і дзяўчынак) атрымаў салодкія падарункі і сувеніры з лагатыпам МТЗ. У дадатак завод выступіў спонсарам прызоў для пераможцаў навагодніх конкурсаў. Лепшыя дзіцячыя малюнкі, відэаролікі і слоганы мінскія госці забралі з сабой, каб і калегі атрымалі часцінку дзіцячай непасрэднасці і цеплыні.

Выступаючы перад гасцямі, першы намеснік старшыні райвыканкама Руслан Яскевіч шчыра падзякаваў за ўвагу да Шумілінскага раёна, за падтрымку гімназіі, за нядаўні падарунак сельскай гаспадарцы

Шуміліншчыны – 9 трактароў МТЗ. Кіраўніцтва завода ў сваю чаргу запэўніла, што сяброўства прадоўжыцца, мінчане плануюць і надалей падтрымліваць шумілінскую гімназію. Ім імпануе той запал, энергія і аптымізм, з якімі педагогі падыходзяць да працэсу навучання і выхавання маладога пакалення. Яны выказалі гатоўнасць даваць выпускнікам гімназіі мэтавыя накіраванні для паступлення на інжынерныя спецыяльнасці ў ВНУ краіны.

– Нам вельмі патрэбны маладыя спецыялісты, разумныя, крэатыўныя, тэхнічна адукаваныя, з сучаснымі поглядамі і ідэямі, – падкрэсліў Віталь Воўк.

У маі будучага года Мінскі трактарны завод адзначыць 75 год з дня заснавання, а шумілінская гімназія ўжо атрымала запрашэнне на ўдзел ва ўрачыстасцях.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алена КАРПУШЭНКА, Шуміліна. Фота аўтара.