1 верасня бібліятэкар з Шуміліна Галіна Гарбузава справіла «залаты» юбілей у прафесіі

logo
Суббота, 14.09.2019 10:46 | Рубрика: Общество
02091

У гэты і без таго важкі стаж смела можна ўпісаць яшчэ некалькі год. Справа ў тым, што маці Галіны Уладзіміраўны працавала прыбіральшчыцай у дзіцячай бібліятэцы. Галіна дзіцём часта прыбягала дапамагчы. Бывала, і фармуляры запаўняла, і кнігі чытачам выдавала. Тады і зразумела, што стане бібліятэкарам.

Вярнуўшыся пасля вучобы ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, уладкавалася загадчыкам абанемента, пасля цэнтралізацыі бібліятэчнай сістэмы ўзначаліла аддзел абслугоўвання, затым заняла пасаду бібліёграфа. На працягу апошніх 12 год Галіна Гарбузава працуе бібліятэкарам аддзела абслугоў­вання і інфармацыі — дастаўляе кнігі чытачам, што жывуць у аддаленых вёсках.

Галіна Уладзіміраўна да­кладна ведае, што сельскія жыхары вельмі любяць чытаць, і ўпэўнена: пазбаўляць іх гэтага задавальнення нельга. Таму лічыць работу бібліятэкі на калёсах надзвычай запа­трабаванай паслугай. Бібліятэкі ў невялікіх вёсачках за­крываюцца, кнігі купляць не кожнаму па кішэні. Бібліятэка на калёсах — найлепшае рашэнне. Аднаму богу вядома, колькі кіламетраў наматалі калёсы бібліятэчнай «ГАЗ­елі», але чакаюць яе, магчыма, не менш як аўталаўку.

На карце маршруту — больш за паўсотні вёсак. Есць такія, жыхароў якіх можна на пальцах пералічыць. І ўсе яны — пастаянныя кліенты Галіны Уладзіміраўны.

— Я заўжды чакаю сустрэчы з чытачамі, — прызнаецца бібліятэкар, — ведаю іх густы і запатрабаванні. Мае кліенты, як правіла, — людзі сталага веку. Некаторым ужо і за 80. Цікавяцца рэлігійнай літаратурай, любяць савецкіх аўтараў — Іванова, Маркава, чытаюць гістарычную прозу.

Галіна Уладзіміраўна пры­зналася, што сэрцам прырас­тае да сваіх кліентаў. Яна ўпэўнена, што бібліятэка ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Людзі будуць чытаць кнігі, і менавіта папяровыя, якія не заменіць ні адзін гаджэт.

Калектыў высока цэніць вопыт самага старэйшага работніка бібліятэкі і сёлета прапанаваў занесці імя Галі­ны Уладзіміраўны Гарбузавай на раённую Дошку гонару. Што ж, гэта прыгожая кропка ў бездакорнай паўвекавой працоўнай бія­графіі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.