Вучні СШ № 1 і гімназіі Шумілінскага раёна пад кіраўніцтвам педагога, лідара грамадскага аб'яднання «ЭкаБум» Ірыны Кулікавай далучыліся да рэспубліканскай ініцыятывы «Прырода без фармацэўтычных адходаў».
— На жаль, не ўсе ведаюць, што лекі так жа шкодзяць прыродзе, як, скажам, і батарэйкі, — разважае 11-класніца раённай гімназіі Дар'я Лапавухава. — Але мала хто выдзяляе гэты від адходаў з агульнай масы.
Дзеці высветлілі, што таблеткі ёсць практычна ў кожным доме, у амаль 15 працэнтаў насельніцтва — пратэрмінаваныя ці сапсаваныя.
— Рэшткі лекаў трапляюць у сцёкавыя воды, а значыць, могуць зноў аказацца ў пітной вадзе, бо ачысныя збудаванні няздатныя на сто працэнтаў улоўліваць маленькія малекулы прэпаратаў, — упэўнена гімназістка Яна Іванова.
У рамках збору інфармацыі адбылася паездка на адзінае ў вобласці прадпрыемства, што займаецца ўтылізацыяй лекаў, — «ВітЭкалайн». Пакуль яно абслугоўвае фармацэўтычную вытворчасць і медыцынскія ўстановы. Але дырэктар Сяргей Цвячкоўскі расказаў дзецям, што прадпрыемства гатова прымаць лекі і ад насельніцтва, бо загружана далёка не на поўную магутнасць. Галоўнае — арганізаваць збор.
У гімназіі кантэйнер для сапсаваных і пратэрмінаваных лекаў ужо з'явіўся. Ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам раённай бальніцы наконт устаноўкі аналагічнага
і ў паліклініцы. Гэта будзе першы кантэйнер для збору пратэрмінаваных лекаў у вобласці.
— Вядома, што проста ўстанавіць спецыяльны кантэйнер — мала. Наперадзе вялікая інфармацыйна-прапагандысцкая работа, — упэўнена Ірына Кулікава. — Напрыклад, няма неабходнасці выкідваць у такія кантэйнеры вітаміны і раслінныя прэпараты — яны бясшкодныя для навакольнага асяроддзя і не патрабуюць спецыяльных метадаў утылізацыі. А для таго, каб зэканоміць месца, блістары варта вызваляць ад папяровай упакоўкі. І такіх нюансаў шмат.
На інфармацыйных сустрэчах з жыхарамі раёна дзеці стараюцца пераканаць іх у тым, што найлепшы метад справіцца з праблемай на бытавым узроўні — больш прадумана падыходзіць да набыцця, выкарыстання і захоўвання лекаў. Фармацэўтычная прамысловасць развіваецца. Таблетак людзі купляюць усё больш, а таму сітуацыя абяцае толькі пагаршацца. На гэтым фоне ініцыятыва шумілінскіх школьнікаў надзвычай актуальная.
Трэцякласнікі СШ № 1 Арсеній Кулікаў і Кірыл Донюш мяркуюць, што калі з батарэйкамі атрымалася — людзі ахвотна нясуць іх у спецыяльныя кантэйнеры — то выйдзе і з лекамі. Галоўнае — пачаць.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.