Дзе ў Віцебску ходзіць прывід і чаму «мядзведніка» прыводзілі ў інстытут даведаліся падчас знаёмства з гісторыяй незвычайнага будынка

logo
Четверг, 26.01.2023 12:34 | Рубрика: Общество
0797

Кожны гараджанін ведае цікавы бу дынак на перакрыжаванні вуліц Даватара і Баўмана, дзе размясцілася Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. За амаль сто гадоў тут былі падрыхтаваны тысячы спецыялістаў для аграрнай і іншых галін гаспадаркі.


Галоўны корпус акадэміі пабудаваны ў 1913-1917 гадах для пазямельна-сялянскага банка. Гэта была своеасаблівая фінансавая ўстанова. Яе стваралі дзелятаго, каб сяляне маглі ўзяць пазыку на пакупку зямлі.

У дарэвалюцыйны час цяперашняя вуліца Даватара была самай ускраінай горада: Кстоўская гара. І месца для банка абралі невыпадковае: каб яго пабудавалі ў цэнтры, бо сяляне на сваіх брычках і фурманках маглі перакрыць увесь рух.

Архітэктар з Санкт-Пецярбурга Канстанцін Тарасаў здолеў зрабіць сапраўдны замак, які і сёння ўражвае сваёй веліччу. Двухпавярховы гмах глядзіцца вельмі ўрачыста. Ён нагадвае нейкі абарончы замак альбо Крэмль. Гэта была іміджавая рэч для банка: каб было пабудавана лепш, чым у канкурэнтаў, і людзі абіралі менавіта гэту фінансавую ўстанову. Спецыялісты вызначаюць яго стыль як «рускі мадэрн». Гэта значыць сумяшчэнне класікі і новага. Прыгажосць будынку надаюць адметныя вежы ў кутах пабудовы.

Увагу прыцягвае мазаічнае панно з варыяцыяй старажытнага губернскага герба. Адзін віцебскі старажыл распавёў мне забаўную рэч. Калі Віцебск у 1974-м рыхтаваўся да свайго тысячагоддзя, некаму з начальства не спадабалася гэтаявыява: маўляў, нейкае цемрашальства ў наш сацыялістычны час. Аднаму з віцебскіх мастакоў даручылі зафарбаваць усё чорным. Творчы чалавек вырашыў, што на такое блюзнерства не пойдзе. Ён выразаў з бляхі кавалак адпаведных памераў і ўставіў у праём. І ўжо потым па метале нанёс фарбу. Калі адгучалі фанфары і скончыліся святкаванні, усё цішком вынулі і панно заззяла ранейшымі фарбамі.

Цікавы факт

У доме ніколі і не працавала фінансавая ўстанова. Пабудаваны ў рэвалюцыйны 1917-ты, будынак неўзабаве стаў нікому не патрэбны. У 1920 годзе яго перадалі сельскагаспадарчаму тэхнікуму, на базе якога ў 1924-м стварылі Віцебскі ветэрынарны інстытут імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У 1941 годзе студэнты і выкладчыкі былі эвакуіраваны, а будынак занялі акупацыйныя ўлады і тайная паліцыя. У падвале трымалі арыштаваных віцебскіх падпольшчыкаў. Тут іх катавалі, здзекваліся над імі. Кажуць, што быў і «расстрэльны пакой». Целы потым закопвалі ў недалёкім яры. Пасля вайны тут быў насыпаны мемарыяльны курган, ля якога зараз заўсёды вянкі і кветкі ад супрацоўнікаў акадэміі.

Пасля вайны ветэрынарны інстытут вярнуўся ў свае муры і больш ніколі не змяняў дыслакацыі. З 1994 года інстытут стаў Віцебскай ордэна «Знак Гонару» акадэміяй ветэрынарнай медыцыны. Пра яе вядомых выпускнікоў можна пісаць кнігі. Напрыклад, цяперашні старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які вучыўся па спецыяльнасці «Ветэрынарная медыцына» і працаваў тут. Пазней ён абараніў дысертацыю на навуковую ступень доктара біялагічных навук.

«Старыны не рушаць»

Як жа аўтару гэтых радкоў было не зазірнуць унутр гэтай «фата-марганы». Маім экскурсаводам стаў выпускнік установы адукацыі, а зараз начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Віктар Васюцёнак.

Не памылюся, калі скажу, што наўрад ці ў Віцебску знойдзецца яшчэ старажытны будынак, дзе ўсё захавалася ў такім аўтэнтычным выглядзе. Можна назваць проста цудам, што ён перажыў усе беды і ліхалецце.

Пры пабудове банка тут стварылі вельмі шмат функцыянальных памяшканняў. Унутры былі нават кватэры для фінансістаў і кур’ера.

Усё гэта зберагаецца ў найлепшым выглядзе, і нават калі робіцца чарговы рамонт, стараюцца «старыны не рушыць».

Наш шлях пачынаецца з параднай лесвіцы, якая была пабудавана з найсучаснейшых для свайго часу матэрыялаў. Кольгі сотен ног праходзяць па ёй штодня, а яна так і не губляе свайго першапачатковага выгляду.

Цяперашняя канферэнц-зала акадэміі была задумана як памяшканне для дзелавых аперацый. Прычым зроблена такая акустыка, што ўжо ў некалькіх метрах цяжка пачуць, аб чым кажуць побач. Такая вось «тайна здзелкі» атрымлівалася. Рэктар акадэміі Мікалай Гаўрычэнка жартуе, што, калі тут праводзяцца пасяджэнні ды нарады, чутно толькі чалавека, які карыстаецца мікрафонам.

Тут жа ёсць старадаўняя люстра, прылада, каб адчыняць акно, і нават вентыляцыя засталася з тых часоў. Во як сапраўды рабілі на стагоддзі!

У завочным аддзяленні мне паказалі сейф-пакой для захоўвання наяўнасці. Праўда, па прызначэнні ім ні разу не карысталіся. Уражваюць магутныя дзверы таўшчынёй у дзясятак сантыметраў. Да вайны тут захоўвалі асабістыя справы супрацоўнікаў ветэрынарнага інстытута. У час акупацыі немцы не рызыкнулі ўскрываць сейф, баючыся, што ён замініраваны. Калі Віцебск вызвалілі, высветлілася, што ключ згублены. Ніякія будаўнічыя інструменты не здолелі адчыніць махіну. Выйсце знайшлі як у той камедыі. Звярнуліся да праваахоўчых органаў, і вопытны міліцыянер прыгадаў, што ў нас адбывае пакаранне вядомы на ўвесь Савецкі Саюз узломшчык-«мядзведнік». Той спачатку не хацеў дапамагаць ветэрынарам, але, калі турэмная адміністрацыя паабяцала скасціць годзік-другі, узяўся за справу, і неўзабаве сейф быў адчынены. Адно што запорны механізм у яго спілавалі, каб больш не давялося звяртацца да ліхвяроў.

Ёсць у ветакадэміі і свой уласны прывід. Вартаўнікі часам кажуць, што ноччу нехта ходзіць па пакоях, чуюцца розныя гукі: быццам чалавек падае ці перасоўвае мэблю. Студэнты тут жа стварылі сваю легенду: гэта наведвае альма-матэр дух аднаго з былых кіраўнікоў установы адукацыі.

На жаль, не ўдалося пабываць у самых-самых падвальных памяшканнях: зараз туды не трапіць, бо ідзе рамонт. Затое спусціліся ў архіў, пагарталі справы, самая старадаўняя з якіх датуецца 1928 годам.

Адчуваць подых часу

Канешне, вучыцца ў такой установе і не адчуваць даўніну не атрымаецца. Таму рызыкну спрагназаваць, што адсюль выходзяць не толькі граматныя спецыялісты-ветэрынары, але і гісторыкі-аматары. І я ім, шчыра кажучы, па-добраму зайздрошчу.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.