У Сянне на месцы разбуранага ў 1960-я гады велічнага касцёла Святой Тройцы будуюць новую бажніцу

logo
Вторник, 05.11.2019 11:26 | Рубрика: Религия
15429

Cвятыня мае даўнюю гісторыю. Яна была ўзведзена ў 1772 годзе па фундацыі Тадэвуша Францішка Агінскага, дзеда славутага кампазітара Міхала Клеафаса. Дарэчы, доўгі час ён меў сядзібу ў Тадуліне (цяперашні Віцебскі раён), дзе заснаваў славуты манастыр, які зараз перажывае перыяд адраджэння. Праект касцёла зрабіў знакаміты архітэктар Яган Фрэзер. Рэдкі па прыгажосці храм, паводле мастацтвазнаўцаў, стаў адным з лепшых прыкладаў позняга барока ў Беларусі.

Храм стаў сапраўдным цэнтрам рэлігійнага і культурнага жыцця Сенненшчыны. Тут праводзіліся штогадовыя фэсты, на якія збіраліся людзі рознага веравызнання з усяго наваколля. Стаяў касцёл на высокім пагорку, таму, як кажуць, быў бачны за 15 кіламетраў з Алексінічаў.

Пасля рэвалюцыі маёмасць парафіі была канфіскавана. Сам храм перастаў выконваць свае культавыя функцыі, і ў ім размяшчаліся розныя дзяржаўныя ўстановы. У час вайны ён пацярпеў ад абстрэлаў.

На вялікі жаль, у 1962 годзе святыню разбурылі. Пра гэтую сумную падзею старажылы распавядаюць наступным чынам. Падчас чарговых выбараў у Вярхоўны Савет ад мясцовай акругі балатаваўся генерал-вайсковец. На сустрэчах з выбаршчыкамі раней было прынята даваць наказы. І вось падчас такога сходу ўстала настаўніца і выказала непакой, што, маўляў, у нашай атэістычнай краіне дагэтуль засталіся помнікі “рэлігійнага цемрашальства”. І адзін з іх назіраюць сенненскія вучні па дарозе ў школу. Наказ быў выкананы на “выдатна”: падчас выбуху, што знішчыў бажніцу, нават ацалелі вокны ў навакольных будынках, а на месцы выдатнай культавай пабудовы на дзесяцігоддзі засталася пустка.

Ад колішняга комплекса захаваўся толькі будынак кляштара, дзе ў даўнія часы мясціліся, між іншым, бібліятэка і школа. Дарэчы, ён сёння найстарэйшы ў горадзе: можа, варта было б адзначыць гэты факт памятнай шыльдай? Тут зараз знаходзяцца вытворчыя памяшканні раённай спажыўкааперацыі. Ад самаго касцёла захаваліся толькі тагачасныя здымкі.

Сёння на месцы касцёла знаходзіцца сціплая часовая драўляная каплічка мясцовай парафіі. Сёлета яна была моцна пашкоджана падчас шквалістага ветру. Не дзіва, бо нават дах ужо згніў.

Размовы аб аднаўленні храма вяліся даўно на розных узроўнях, але справа так і не зрушылася з месца, пакуль за яе не ўзяўся ураджэнец Сянна, ксёндз Міхал Ермашкевіч, які сёлета распачаў будаўніцтва фактычна зменшанай копіі касцёла на яго падмурках. У гэтым яму дапамагаюць мясцовыя гаспадарлівыя жыхары.

На асобе гэтага цікавага чалавека трэба абавязкова спыніцца. Ён адзін з тых духоўнікаў, хто непасрэдным чынам спрычыніўся да аднаўлення поўнавартаснага рэлігійнага жыцця на ўсходзе нашай вобласці. Сам тутэйшы, бацька працаваў у рэдакцыі сенненскай раённай газеты. Пасля школы скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, але неўзабаве зразумеў сваё святарскае пакліканне. Не адзін год з’яўляўся пробашчам віцебскага катэдральнага касцёла святой Барбары. Да гэтага часу ля алтара радуюць вока створаныя ім велічныя маляўнічыя палотны на біблійныя тэмы.

Работы па адбудове сенненскага касцёла пачаліся ў верасні. Ужо закладзены падмуркі, з цэглы і газасілікатных блокаў узводзяцца сцены.

Сродкі на адбудову касцёла выдаткоўвае адна з еўрапейскіх дабрачынных арганізацый. Але парафія не адмовілася б і ад дапамогі айчынных фундатараў.

Новая капліца будзе нагадваць зменшаную копію ранейшага касцёла. Вышыня запланавана меншай за ранейшую ў тры разы, а агульная плошча – у дзевяць. Канешне, гэта справа не аднаго дня. Пасля пабудовы сценаў трэба будзе думаць над унутраным убраннем, правядзеннем камунікацый і, нарэшце, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Але самае галоўнае, што справа нарэшце кранулася з мёртвай кропкі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.