Рождественское поздравление от Бискупа Витебского Олега Буткевича

logo
Четверг, 24.12.2020 08:11 | Рубрика: Религия
05688

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі!

Ужо хутка адыдзе ў гісторыю чарговы год нашага жыцця. Год 2020-ы. Нам вельмі хацелася б, каб разам з ім адышлі ў гісторыю і больш не вярталіся тыя цяжкасці і праблемы, якія ён нам прынёс. Мы молім аб гэтым Бога і спадзяёмся, што нас не пакіне. Таму з вялікай надзеяй сустракаем свята Яго нара­джэння — нараджэння Слова, якое «...сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1,14). Менавіта такі адказ дае Бог чалавеку, які церпіць: «...вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28,20). Я з вамі, каб вас умацаваць, каб даць вам сілу, каб разам з вамі ўзяць крыж. Узяць яго ўжо зараз тут, лежучы ў зімнай стайні, захутаным у матчыну хустку, сярод жывёлаў у іх жолабе з сенам.

І сярод цемры трываючага змроку Неба абвяшчае нам вялікую радасць! Радасць з таго, што нарадзіўся доўгачаканы Збаўца. Нара­дзіўся Той, хто з'яўляецца «Дарогай, Праўдай і Жыццём» (Ян 14,6). Хто нясе справядлівасць, любоў і прабачэнне. Той, хто пазней скажа пра сябе: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8,12). Нарэшце, Той, хто прыйшоў, каб зруйнаваць «мур варожасці» (Эф 2,14), які падзяляе людзей. Таму нябесныя хоры анёлаў заклікаюць пастушкоў, людзей простых і адкрытага сэрца, каб прыйсці і па­кланіцца Добраму Пастыру людскіх душаў. Таму зорка вядзе Мудрацоў з усходу, каб сваімі дарамі вызналі веру ў Каралеўскую моц, Святарскую веліч і Людскую годнасць Нованаро­джанага Валадара сусвету. Таму ўвесь свет глядзіць са здзіўленнем на незвычайныя Божыя справы.

Няхай жа і мы не застанёмся ў баку ад Па­дзеі, якую Бог падрыхтаваў для нас, каб распаліць нашае сэрца агнём сваёй Любові. Каб мы сталі больш адкрытыя і ўважлівыя адзін да аднаго, каб самі навучыліся любіць і цаніць тое, што маем у сваім жыцці, а перадусім само жыццё як дар бязмежнай Божай мудрасці.

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго! І няхай гэтае Божае Немаўля стане для кожнага з нас крыніцай надзеі, святла і супакою. А Яго бласлаўленне спадарожнічае нам і нашай роднай Беларусі праз увесь надыходзячы 2021 год.

Са святам!

Алег Буткевіч, Біскуп Віцебскі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by Съемка Олега Климовича.