Выстава, прысвечаная 100-годдзю ўтварэння БССР адкрылася ў культурна-дзелавым цэнтры “Першамайскі”

logo
Пятница, 25.01.2019 16:21 | Рубрика: Политика
02561

Станаўленне сучаснай Беларусі немагчыма без здабыткаў часоў БССР. За тыя некалькі дзясяткаў год краіна перажыла этап развіцця буйной сельскагаспадарчай вытворчасці, індустрыялізацыю, жахі вайны, цяжкасці пасляваеннага аднаўлення

– У выставе мы пастараліся адлюстраваць усе этапы развіцця БССР, – сказала дырэктар КДЦ “Першамайскі” Ірына Краўчанка. – Тут прадстаўлены работы Алега Скавародкі, Святланы Мішурнай, Мікалая Гвоздзікава і іншых віцебскіх мастакоў. Таксама вы можаце ўбачыць серыю карцін, выкананых у жанры савецкага рэалізму студэнтамі мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава ў другой палове XX стагоддзя, і шмат іншых цікавых экспанатаў.

Для старэйшага пакалення БССР – краіна, у якой яны нарадзіліся і сфарміраваліся як асобы. Тут, у мікрараёне ДБК (па-руску – ДСК), прайшло дзяцінства і юнацтва многіх гасцей выставы, у тым ліку і начальніка аддзела культуры гарвыканкама Наталлі Шыянок.

– ДБК – індустрыяльнае сэрца Віцебска. Нашы бацькі самыя лепшыя гады правялі ў гэтым мікрараёне, – гаварыла Наталля Аляксееўна. – Мы хадзілі ў школу, наведвалі шматлікія гурткі вось у гэтым самым палацы, а яны чэсна і самааддана працавалі на такіх градаўтваральных прадпрыемствах, як сённяшнія “Віцебскдрэў”, “Маналіт”, “Віцебскія дываны”.

Старшыня ветэранскай арганізацыі прадпрыемства “Віцебскдрэў” Вольга Лук’янава расказала, што адразу пасля вайны мастаком на прадпрыемства прыйшоў працаваць Мікалай Гвоздзікаў. Цэлы цыкл творца прысвяціў ударнікам працы, адна з карцін – “Дзяўчына-электразваршчыца” – знайшла сваё месца на выставе.

Віцебскія мастакі, прэзентуючы свае работы, расказвалі кранальныя гісторыі іх стварэння, праводзілі паралелі паміж мастацкімі вобразамі і падзеямі, якімі жыла дзяржава на тым ці іншым этапе.

Адзіны ў Беларусі народны майстар па мастацкай апрацоўцы скуры Ігар Яўсціхаў таксама нарадзіўся, вырас і зараз працуе ў мікрараёне ДБК. Сваімі адмысловымі работамі майстар праслаўляе не толькі родны горад, але і ўсю радзіму.

“Пісалі” гісторыю свайго горада і будаўнікі, толькі ўжо не мастацкімі вобразамі, а як умелі – квадратнымі метрамі, што былі так неабходны разбуранаму вайной Віцебску. Былы начальнік генпадраднага будаўнічага ўпраўлення Алімпій Куракоў расказаў пра работу Віцебскага домабудаўнічага камбіната, успомніў пра першы дом панэльнага тыпу, узведзены на перакрыжаванні праспекта Фрунзэ і вуліцы Смаленскай, з якога і пачалося буйнапанэльнае будаўніцтва. У гэтых дамах і сёння з камфортам жывуць людзі.

Маладому апантанаму калектыву КДЦ “Першамайскі” ўдалося падрыхтаваць напоўненае самымі цёплымі пачуццямі любові да роднага горада, павагі да мінулага сваёй краіны мерапрыемства. І кранальныя словы гасцей, і песні ў выкананні артыстаў установы культуры, і выступленне народнага духавога аркестра – усё гэта надоўга застанецца ў памяці ўсіх, хто прыйшоў на прэзентацыю. Выстава будзе гатова прымаць наведвальнікаў на працягу месяца. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений