У Оршы адчынiлi капсулу з пасланнем, закладзеную 50 гадоў назад

logo
Четверг, 10.01.2019 09:05 | Рубрика: Официально
04150

Першы дзень студзеня 2019 года стаў знамянальнай датай у гісторыі нашай краіны. Споўнілася 100-год з дня заснавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. А для Оршы ён яшчэ адметны і тым, што менавіта 1 студзеня 1969 года з вонкавага боку будынка тады яшчэ гарвыканкама была закладзена капсула з пасланнем патомкам

Праз паўстагоддзе ва ўрачыстай абстаноўцы на вачах шматлікіх аршанцаў яе ўскрылі, а так званае «пісьмо часу» зачыталі ўголас. Гэтае пачэснае права было прадастаўлена старшыні Аршанскага райвыканкама Ігару Ісачанку, які і дастаў замураваную капсулу.

Ігар Уладзіміравіч акуратна раскруціў вялікі аркуш паперы і зачытаў «Пісьмо ў будучыню – патомкам» (ад рэдакцыі: друкуем дакладны тэкст паслання):

«Праз гады, праз дзесяцігоддзі мы, жыхары горада Оршы, пасылаем вам пісьмо і сардэчна віншуем вас з вялікім святам —100-годдзем Беларускай Савецкай Сацыя­лістычнай Рэспублікі і Камуністычнай партыі Беларусі.

Сёння, у першы дзень года 1969-га, мы, прадстаўнікі 100-тысячнага насельніцтва нашага старажытнага і вечна юнага горада, сабраліся на яго Цэнтральнай плошчы, каб адсвяткаваць залаты – 50-гадовы юбілей Савецкай Беларусі і яе слаўнай Камуністычнай партыі.

50 год – вяршыня ў жыц­ці пакалення. З яе добра бачны пройдзены беларускім народам пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі шлях — шлях барацьбы і перамог.

Для нас, аршанцаў, гэта шлях ад цвікавай майстэрні да завода па выпуску станкоў з мікроннай дакладнасцю, якія вядомыя сёння на ўсіх кантынентах свету.

Гэта шлях ад глухога павятовага гарадка да буйнага прамысловага цэнтра і чыгуначнага вузла рэспублікі. Да Вялікага Кастрычніка ў горадзе мелася толькі некалькі саматужных майстэрань, на якіх працавала каля 500 чалавек. Цяпер у нас больш за тры дзесяткі сучасных прамысловых прадпрыемстваў з 25-тысячным атрадам рабочага класа. Штомесячна яны выпускаюць 240 плоскашліфавальных станкоў, 1626 быстраходных швейных машын, 6 мільёнаў 325 тысяч квадратных метраў ільняных тканін, 5 мільёнаў 607 тысяч штук сілікатнай цэглы, 11 тысяч кубічных метраў зборнага жалезабетону і многа іншай самай разнастайнай прадукцыі.

Гэта шлях ад цемры да святла, да ведаў, да высокай культуры. У горадзе, які паўвека назад амаль не меў інтэлігенцыі, цяпер працуе 7-тысячная армія настаўнікаў, урачоў, інжынераў, тэхнікаў, ёсць 25 школ, 5 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 2 прафесіянальна-тэхнічных вучылішчы, музычная школа, 12 клубаў, палацаў і дамоў культуры, 2 народных тэатры, 11 народных універсітэтаў, 2 кіна­тэатры, больш дзесятка стацыянарных кінаўстановак, 46 бібліятэк, звыш 100 розных спартыўных збудаванняў.

Гэта шлях, на якім вырас і ўзмужнеў новы савецкі чалавек. Расшырыўся яго духоўны гарызонт, змяніліся яго маральнае аблічча, яго адносіны да працы, да грамадства.

Орша 70-х гадоў – наша любоў, наша гордасць, наша рэвалюцыйная, баявая і працоўная слава. Для вас яна – гісторыя. Мы завяшчаем вам: ганарыцеся горадам, які будавалі мы, любіце яго, як мы, рабіце яшчэ лепшым, яшчэ прыгажэйшым, бо ён – часцінка нашай вялікай Радзімы. А Радзіму трэба любіць, умацоўваць і, як зрэнку вока, берагчы ад ворагаў.

Мы, аднак, спадзяёмся, што для вас, людзей XXI стагоддзя, словы «вораг», «вайна» і ім падобныя стануць не больш чым архаізмамі. На нашу ж долю выпалі суровыя ваенныя выпрабаванні. Дзяды і бацькі смела выйшлі на штурм старога свету. Яны запалілі для нас зорку новай эры, здабылі свабоду, шчасце, вялікае права людзьмі звацца. Нам жа ўсё гэта давялося адстойваць у жорсткай барацьбе. Мы на ўласных плячах вынеслі ўвесь цяжар Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа супраць гітлераўскай Германіі. Мы зламалі хрыбет фашызму! Мы перамаглі! Але каварны і злы вораг нанёс нашай краіне вялікія раны. Ён разбурыў нашу Оршу. Мы з дапамогай усіх савецкіх народаў з руінаў і папялішчаў узнялі яе, аднавілі, зрабілі маладой і шчаслівай.

Вы – наша будучыня, таварышы патомкі. I мы скрозь дымку часу пільна ўглядаемся ў вашы твары. Нам бачыцца ў іх глыбокая ідэйная перекананасць, крыштальная сумленнасць, высокая грамадзянскасць, незгінальная мужнасць, святая прага да подзвігаў. Мы выразна бачым у вас жывыя рысы людзей камунізма.

У ваш час здзейснілася тое, да чаго мы, пераадольваючы на сваім шляху цяжкасці, упарта ішлі. Мы камень за каменем узводзілі гэты светлы будынак, у якім вам выпала вялікае шчасце жыць. Дык узводзьце ж яго, таварышы патомкі, усё вышэй і вышэй!

Наша пакаленне дастойна пранесла скрозь бурныя гады XX стагоддзя ўсёперамагаючы сцяг эпохі – ленінізм. Наш наказ вам, таварышы патомкі: моцна трымайце гэты сцяг, змагайцеся пад ім і перамагайце!

Прынята на 20-тысячным мітынгу жыхароў города Оршы

1 студзеня 1969 года..»

Удзельнікі святочнай цырымоніі, ад моладзі да людзей паважанага ўзросту, з вялікай цікавасцю і ўважлівасцю слухалі кожнае слова паслання, ганарыліся тым, што сталі сведкамі гэтай гістарычнай падзеі. А некаторыя адзначалі, што гэта капсула з пасланнем нібы нябачны мосцік паміж мінулым і будучыняй.

Тэкст паслання патомкам з капсулай быў перададзены на захаванне ў Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны.

Валянцін Цімафеевіч Пімчанкаў, які 1 студзеня 1969 года стаў сведкам закладкі капсулы патомкам, зноў прыйшоў да будынка райвыканкама, каб падзяліцца сваімі ўспамінамі таго дня, зрабіць наказ будучаму пакаленню аршанцаў.

Прывітальнае слова таксама сказалі ганаровы грамадзянін города Оршы Уладзімір Германавіч Навацкі, дэпутат Аршанскага раённага Савета дэпутатаў, першы сакратар Аршанскай гарадской арганізацыі камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Жудро, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Сільчанка і член Маладзёжнай палаты Аршанскага раёна Лізавета Казакевіч.

У сваю чаргу аршанцы таксама адправілі пісьмо ў будучыню. На тым жа месцы замуравалі новую капсулу часу, якую завяшчалі ўскрыць падчас святкавання тысячагадовага юбілею Оршы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Настасся ТУРОК. Фота аўтара.