Педагог і народны выбраннік Ірына Бондал лічыць, што прапанова стварыць у краіне беларускамоўны ўніверсітэт — важная і своечасовая ініцыятыва.
Ірына Бондал — прарэктар па выхаваўчай рабоце ВДУ імя П. М. Машэрава, дэпутат Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў па Студэнцкай акрузе №21. Нарадзілася на Ушаччыне. Пасля заканчэння Мосарскай сярэдняй школы вучылася на філалагічным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Потым настаўнічала на Браслаўшчыне, выкладала беларускую мову і літаратуру ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы, скончыла аспірантуру ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «Мовазнаўства».
ВДУ імя П. М. Машэрава з 1993 года — асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства. З 2003-га — прарэктар па выхаваўчай рабоце. Выкладае сучасную беларускую мову.
У жыцці кожнага чалавека ёсць моманты, калі ён прымае рашэнне, за якое потым неабходна несці адказнасць перад сабою і людзьмі. Ірыну Бондал кандыдатам у дэпутаты вылучылі калектыў і студэнты, з якімі кожны дзень бачыцца, а значыць, адмовіцца ад праблем і просьбаў дапамагчы вырашыць тое ці іншае пытанне не атрымаецца.
Безумоўна, праца ва ўніверсітэце кладзе свой адбітак на чалавека. Жыццё сярод моладзі не дае зачарсцвець, жыць са старымі звычкамі. Свет змяняецца і патрабуе ад педагога іншага падыходу ў працы, каб знаходзіць агульную мову са студэнтамі. Уменне паладзіць з чалавекам для дэпутата, тым больш мясцовага ўзроўню, які жыве ў горадзе, адчувае яго пульс, важная неабходнасць.
— Вы ўпершыню сталі дэпутатам. Як адчуваеце сябе ў такой ролі?
— У такім амплуа быць адказна. Асабліва ў сённяшні няпросты час, калі тваю дзейнасць ацэньваюць не толькі ў дачыненні да той акругі, па якой абіралася, а ўвогуле па рабоце ўсяго дэпутацкага корпусу. Зазначу, што навічкоў сярод калег няшмат. У асноўным дэпутаты — людзі з багатым багажом прафесійнага і жыццёвага вопыту, дасведчаныя, з адказнасцю і пачуццём грамадзянскага абавязку выконваюць справу, якую даверылі ім выбаршчыкі. Вучуся ў іх падчас канструктыўных, грунтоўных, прынцыповых выступленняў і дыскусій на сесіях. Прыёмы праходзяць адпаведна з графікам, размешчаным на афіцыйным сайце Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў. Сустракаюся з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах, інтэрнатах, ЖЭУ.
— Што найбольш турбуе людзей?
— Хвалююць розныя пытанні: добраўпарадкаванне тэрыторыі, пад’ездаў жылых дамоў, працаўладкаванне, праблемы выхавання і адносіны да дзяцей у дзіцячых садах і школах, абслугоўванне ў паліклініках. Інакш тое, з чым даводзіцца сустракацца ў паўсядзённым жыцці, што акружае чалавека, чым і з чым ён жыве. Бывае, размаўляць няпроста. Але галоўнае — умець чалавека слухаць і не менш важнае — пачуць. Пачуць, параіць, дапамагчы. У размове і рашэнні любой праблемы быць з ім, а не над ім, быць у праблеме, а не па-за ёй. Неаднойчы былі выпадкі, калі прыходзіць на прыём чалавек, агрэсіўна настроены, і абвінавачвае ўвесь свет у сваіх праблемах з дзецьмі, мужам, наймальнікам. Выслухаеш, разбярэшся, параіш, да каго звярнуцца, — і напружанне здымаецца, пытанне вырашаецца.
— Якія пытанні хвалююць асабіста вас?
— Усё сваё жыццё я працую з моладдзю. Сучаснае пакаленне іншае, больш прагматычнае. Маладым людзям хочацца мець усё і адразу. Яны імкнуцца быць запатрабаванымі, пачутымі. Яны іншыя, чым наша пакаленне, але не значыць — горшыя. З боку дзяржавы аказваецца падтрымка маладым сем’ям, таленавітай моладзі, на ўсіх узроўнях рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка. І разам з тым не можа не турбаваць уплыў на нашу моладзь шкодных звычак. Мы павінны засцерагчы падрастаючае пакаленне ад тытунёвай, алкагольнай, наркатычнай залежнасці. Для гэтага неабходна штодзённая, зладжаная, найперш прафілактычная праца ўсёй грамадскасці, сям’і, устаноў адукацыі, праваахоўных органаў, устаноў аховы здароўя. Не меншае зло — забруджаная насіллем, жорсткасцю, бездухоўнасцю інтэрнэт-прастора.
Трэба фарміраваць у дзяцей, маладых людзей інфармацыйную культуру, вучыць жыць у грамадстве, выхоўваць культуру паводзін. Вучыць любіць свой горад, чысты, прыгожы, утульны, фестывальны, каб наступныя пакаленні ганарыліся ім і з годнасцю маглі сказаць — я з Віцебска!
— Як суадносіцца дэпутацкая дзейнасць з прафесіяй?
— У больш шырокім кантэксце бачыцца работа са студэнцкай моладдзю. Установа вышэйшай адукацыі — суб’ект рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, своеасаблівы інстытут сацыялізацыі маладых людзей, будучых спецыялістаў, і не менш важна — годных грамадзян нашай краіны. За імі будучыня.
Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава — установа шматпрофільная. Статус універсітэта атрымалі ў 1995 годзе. За гэты час (і за 106-гадовую гісторыю) падрыхтавалі дзясяткі тысяч спецыялістаў у розных сферах дзейнасці — педагагічнай, сацыяльнай, юрыспрудэнцыі, інфармацыйных тэхналогій.
Нашы студэнты прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім, культурным, спартыўным жыцці не толькі сваёй alma mater, але і горада Віцебска. Так, выкладчыкі і студэнты супрацоўнічаюць са школамі і гімназіямі горада. Вучні школ — частыя госці ва ўніверсітэце: наведваюць навуковыя гурткі, спартыўныя секцыі, планетарый, музеі, выставы, дні адчыненых дзвярэй.
Студэнты факультэтаў сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі, фізічнай культуры і спорту зладжана працуюць з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па аказанні дапамогі розным катэгорыям грамадзян. Будучыя гісторыкі і музеязнаўцы знаёмяць гасцей горада падчас «Славянскага базару» са славутымі мясцінамі Віцебска, працуючы ў складзе часовых турыстычных цэнтраў. Сумесна з музеем М. П. Шмырова аднавілі каля 5700 імёнаў салдат, палеглых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Студэнты мастацка-графічнага факультэта ўдзельнічаюць у правядзенні гарадскіх выстаў, арт-праектаў.
Студэнты-валанцёры — актыўныя ўдзельнікі дабрачынных акцый у дзіцячых дамах, прытулках, дамах інвалідаў і састарэлых. Сумесна з гарадской арганізацыяй Чырвонага Крыжа праводзілі «Навагоднюю ёлку жаданняў». Падчас рэалізацыі праекта «Крэатыўны горад» нашы студэнты-эколагі, худграфаўцы, філолагі працавалі на розных пляцоўках, праводзілі майстар-класы для жыхароў горада.
На юрыдычным факультэце дзейнічае «Лабараторыя прававога інфармавання». Студэнты і выкладчыкі праводзяць тэматычныя заняткі (трэнінгі) не толькі ў інтэрнатах універсітэта, але і ў школах горада, аказваюць бясплатную юрыдычную дапамогу сацыяльна неабароненым пластам насельніцтва, прававую дапамогу Віцебскаму абласному клінічнаму цэнтру рэабілітацыі насельніцтва.
Гэты далёка не поўны пералік — сведчанне таго, што ўніверсітэт не жыве ізалявана, дае свой унёсак у жыццё горада.
— Вы ў якасці выкладчыка якія бачыце плюсы і мінусы ў сістэме адукацыі?
— Наша сістэма адукацыі забяспечвае якасную падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Па-першае, сістэма цэнтралізаванага тэставання, як бы да яе не ставіліся, дае роўныя магчымасці для абітурыентаў, вытрымліваецца прынцып сацыяльнай роўнасці. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы яе выпускнікі гарантавана атрымліваюць першае працоўнае месца.
Па-другое, як вядома, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2017 года ў правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ўнесены істотныя змены. Некаторыя з іх: магчымасць здачы ЦТ па чатырох прадметах (раней — тры), што дае шанс паступаючым выбіраць з больш шырокага спектру спецыяльнасцей; прадугледжаны 3 рэзервовыя дні; сертыфікаты ЦТ будуць сапраўдныя на працягу двух гадоў (раней — 1 каляндарны год); выпускнікі педагагічных класаў, у атэстаце якіх па профільных прадметах уступных іспытаў будзе адзнака не ніжэй васьмі балаў, а па ўсіх астатніх прадметах — не ніжэй сямі балаў, змогуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці ў вышэйшыя навучальныя ўстановы без уступных іспытаў.
Што да праблем. Хацелася б, каб павялічылі колькасць гадзін ў школах на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, каб адчыніў свае дзверы для жадаючых вучыцца па-беларуску беларускамоўны ўніверсітэт (гэта прапанова паступала міністру адукацыі, і пытанне абмяркоўваецца). Хацелася б, каб выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў былі запатрабаванымі спецыялістамі на рынку працы і разам з навукоўцамі спрыялі развіццю Беларусі.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.