Жыхар гарпасёлка пытаўся, калі завершыцца абсталяванне вуліцы Калінінскай. Як патлумачылі заяўніку, сёлета на гэты аб’ект не выдзялялася фінансаванне, а таму поўнасцю абноўленай вуліца стане пры наяўнасці сродкаў. А жыхарам вёскі Увалокі неабходны ямачны рамонт вуліцы. Адказ задаволіў: ямачны рамонт дарогі будзе зроблены на працягу месяца.
З аграгарадка Глыбачка паступіла пытанне аб перадачы на абслугоўванне ЖКГ каналізацыйнай сістэмы ў 25 дамах, пабудаваных на ільготных умовах. Каналізацыйная сістэма ў іх аддзелена ад астатняга пасёлка і пакуль нікому не перададзена на абслугоўванне. Анатоль Канстанцінавіч даручыў мясцовай уладзе вырашыць гэтую праблему.
«Мы ўсім задаволены, Ушачы прыгажэюць і развіваюцца, адзінае, чаго не хапае, — гэта лазні», — пенсіянерка з гарпасёлка агучыла праблему, якая хвалюе і многіх іншых ушачан. Як вядома, некалькі гадоў таму будынак лазні быў прызнаны аварыйным, і яна была зачынена. Зараз наладжаны падвоз у грамадскую лазню ў Арэхаўне, ва ўсіх жадаючых ёсць магчымасць трапіць у саўну ў фізкультурнааздараўленчым комплексе. Між тым адпрацоўваецца пытанне будаўніцтва новай лазні ці пераабсталявання пад яе якоганебудзь іншага будынка. Анатоль Ліневіч даручыў мясцовай вертыкалі вырашыць праблему на працягу 2022 года.
З прыватнай праблемай на прыём грамадзян прыйшла ўшачанка. Падчас перагону жывёлы ў Старынцы статак ААТ «Ільюшынскі» пашкодзіў вырашчаную агародніну на падворку яе пажылой маці, і цяпер бакі не могуць дамовіцца аб кампенсацыі ўрону. «Жыццёвае пытанне, якое трэба вырашыць, выслухаўшы і адных, і другіх. Спецыяльная камісія зоймецца пошукамі шляхоў справядлівага вырашэння праблемы», — адзначыў Анатоль Канстанцінавіч.
Былі і тыя, хто прыйшоў выказацца на розныя тэмы. Напрыклад, дачнік з Корсакава выказаў свае меркаванні наконт дарожнага падатку, вяртання сродкаў па ашчадных кніжках узору СССР і па некаторых іншых пытаннях.
Інспектар па вобласці адзначыў, што традыцыйна ў розных рэгіёнах людзей часцей хвалююць пытанні добраўпарадкавання, рамонту дарог у сельскіх населеных пунктах.
Агучаныя дарожныя недапрацоўкі будуць выпраўлены, пытанне перадачы сетак каналізацыі, адкрыцця лазні ўзяты на кантроль.
Анатоль Ліневіч таксама сустрэўся з працоўным калектывам Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Памочнік Прэзідэнта пацікавіўся станам спраў у арганізацыі, якая займаецца гандлёвым абслугоўваннем не толькі свайго, а і іншых раёнаў вобласці. Ушацкім кааператарам зараз няпроста канкурыраваць з буйнымі гандлёвымі сеткамі, тым не менш яны працягваюць займаць лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых філіялаў Белкаапсаюза. «Як кажуць, паглядзі, як у суседа, і зрабі лепей. Трэба шукаць розныя спосабы прыцягнення пакупнікоў, новыя плошчы. Большы прыбытак на прадпрыемстве — вышэйшая заработная плата», — адзначыў Анатоль Канстанцінавіч.
Работнікі філіяла выкарысталі магчымасць і таксама абмеркавалі з памочнікам Прэзідэнта пытанні сацыяльнага абслугоўвання і развіцця раёна.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.