Крупнейший в Беларуси санаторно-курортный комплекс «Плисса» открылся в Витебской области

logo
Понедельник, 11.07.2016 18:53 | Рубрика: Здоровье
06513

У мінулую пятніцу на Глыбоччыне адкрыты санатарна-курортны комплекс «Пліса», які па велічыні (а займае ён звыш 20 гектараў), па прыгажосці, а таксама па маштабу і якасці паслуг, відаць, не мае аналагаў у Беларусі.

Размешчаны ён у сасновым бары на беразе маляўнічага возера Пліса, на адным з астравоў якога, згодна з паданнямі, хавалася ад ворагаў Еўфрасіння Полацкая. Гэта легенда і лягла ў аснову забудовы комплексу, галоўны корпус якога з вышыні птушынага палёту нагадвае крыж полацкай асветніцы. Ён уключае ў сябе 3 будынкі, трох- і пяці­павярховыя, злучаныя па­між сабою галерэямі. У кор­пусе 164 нумары, розныя па памеры, абсталяваныя шыкоўнай беларускай мэбляй. Акрамя таго, крыху воддаль, «збягае» амаль да самага возера вулачка двух­этажных катэджаў.

У адкрыцці санаторна-курортнага комплексу «Плі­са» прынялі ўдзел стар­шыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.

Злева направа: У.Андрэйчанка, М.Шарснёў і гендырэктар «Трэста Прамбуд» Валерый Мазоўка.

— У Віцебскай вобласці каля дзвюх тысяч азёр, але толькі невялікая іх частка выкарыстоўваецца для аздараўлення насельніцтва. Санаторый «Пліса» — жывы прыклад таго, як можна ў спалучэнні з сучаснымі лячэннем і аздараўленнем скарыстоўваць унікальную прыроду Віцебскай вобласці, — зазначыў падчас адкрыцця санаторна-курортнага комплексу старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Лічу, што нічога падобнага ў рэспубліцы пакуль няма. Тут са­браны лепшыя перадавыя тэхналогіі аздараўлення. Прыемна, што менавіта на віцеб­скай зямлі створаны такі аб’ект.

Кіраўнік вобласці таксама падкрэсліў, што аздараўляльны цэнтр важны для раёна яшчэ тым, што тут створана каля 200 новых працоўных месц. Інвестар уклаў ва ўзвя­дзенне комплексу вялікія сродкі. І адна з задач, якую ставяць заснавальнікі, — прыцягненне замежных кліентаў, якія арыентаваны на якасны сэрвіс і комплекс паслуг (азда­раўленне, актыўны адпачынак, турызм).

Разам з тым Мікалай Шарснёў выказаў надзею на тое, што адпачываць у «Плісе» будуць і беларусы, якія раней праводзілі адпачынак за мяжой.

Яшчэ на адным важным моманце акцэнтаваў увагу М.Шарснёў — прадукты харчавання ў новы санаторый будуць паступаць з глыбоцкіх прадпрыемстваў — малочна-кансервавага камбіната і мясакамбіната. Акрамя гэтага, заключаны дагаворы на пастаўку экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі.

Адначасова комплекс «Пліса» можа прыняць да 500 чалавек. Людзі змогуць пры­ехаць сюды з рознымі мэтамі: хтосьці істотна паправіць здароўе, а хтосьці проста адпачыць ад гарадскога тлуму, розных нягод жыцця. Для гэтага тут ёсць усё.

Так, вялізарны медыцынскі корпус начынены ў прамым сэнсе слова не толькі найноўшым абсталяваннем, але і ў многіх выпадках — унікальным.

Сюды, адразу са свідравіны, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторна-курортнага комплексу, падаецца ў лячэбныя ванны мінеральная вада. Прапануюцца таксама мясцовыя гаючыя гразі для суставаў ног і рук.

Для паслуг жа тых, хто жадае правесці адпачынак больш актыўна, — закрыты плавальны басейн даўжынёю 25 метраў, тэнісная, футбольная і валейбольная пляцоўкі, лодачная станцыя. Плюс — турыстычныя марш­руты: конныя і пешшу.

Калі пад’язджаеш да комплексу, нельга не звярнуць увагі на прыгожыя палі з бульбай, морквай, капустай, а таксама на цяпліцы, дзе спеюць памідоры, гуркі. Гэта — падсобная гаспадарка «Плісы». Прадукты ў сталовай падаюцца свае, экалагічна чыстыя. Ёсць нават ферма па гадоўлі бычкоў.

Для абслугоўвання і самога курортна-санаторнага комплексу, і яго падсобнай гаспадаркі спатрэбіцца да 200 чалавек. Набіраюць іх у асноўным з жыхароў недалёкіх населеных пунктаў: вёскі Пліса і гарадскога пасёлка Падсвілля. Для медыцынскага персаналу, прыезжых, ёсць камфартабельнае жыллё.

Узвяло аб’ект вытворча-будаўнічае закрытае акцыянернае таварыства «Трэст Прамбуд» (Мінск), рэалізуючы такім чынам інвенстыцыйны праект Віцебскага аблвыканкама.

За год «Пліса» зможа прыняць да 6 тысяч адпачываючых як з Беларусі, так і з блізкага і далёкага замежжа.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Уладзімір САУЛІЧ, г.Глыбокае. Фота Варвары Ваяводзінай.