Велікоднае пасланне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча

logo
Суббота, 16.04.2022 08:01 | Рубрика: Общество
0791
Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!


«У Ягонае Імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема» (Лк 24,47).

Уваскрасенне Езуса Хрыста, якое ў гэты час мы перажываем, не пазначана сёлета ўзнёслай радасцю, якая звычайна спадарожнічае гэтаму святу — галоўнай падзеі, з каторай чэрпае сваю моц і абгрунтаванне хрысціянская вера. Не таму, што яна нібыта перастала быць праўдай, але таму, што гэтая праўда перастала кранаць людскія сэрцы, мець уплыў на жыццё чалавека і як вынік — не стрымала вайны, што знішчае людское жыццё і нясе разбурэнне.

Калісьці Хрыстос сказаў вельмі моцныя словы: «Кажу вам: калі не пакаецеся, усе таксама загінеце» (пар. Лк 13,3). Яны прагучалі ў адказ на паведамленне пра злачынства, здзейсненае Пілатам над групай галілеян. Гэтае моцнае папярэджанне Збаўцы набывае асаблівую актуальнасць сёння. І добра, калі яно нагодай не спужацца, але па-сапраднаму паважна падысці да Евангелля — Добрай Весткі пра тое, як «…палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3,16). Бо Бог «не хоча смерці грэшніка, але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў» (Эз 33,11).

Апошні час нясе з сабой шмат папярэджанняў чалавецтву. І ў гэтым хаваецца таксама вялікая Божая Міласэрнасць. Нам, сваім часта непаслухмяным дзецям, Ён хоча зноў і зноў сказаць: «Я люблю вас!» Як доказ таму — чарговае Свята Пасхі, падчас якога мы разважаем і перажываем крыжовую пакуту ахвяраванага дзеля нас Божага Сына.

Аднак гэта дзеля таго, каб разам з Ім уваскрэс­нуць: тут, у гэтым свеце, са сваіх грахоў і недахопаў, а напрыканцы часоў — да жыцця вечнага.

«Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16,33). Няхай гэтыя словы Хрыста не пакідаюць вас ніколі, становячыся крыніцай надзеі і мудрага падыходу да жыцця! Няхай Божы спакой напаўняе вашыя сэрцы, дамы, нашу краіну і ўвесь свет! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Увакрос! Са Святам!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі.