Шуміліна рыхтуецца да «Дажынак»: дарожнікі займаюцца капітальным рамонтам вуліцы Сіпко

logo
Понедельник, 05.07.2021 10:18 | Рубрика: Общество
01104

Для Шумілінскага ДРБУ-204 зараз гарачая пара ў прамым і пераносным сэнсе. Дарожнікі працуюць адразу на некалькіх аб’ектах. Самы галоўны з іх – капітальны рамонт вуліцы Сіпко.

Першая чарга капітальнага рамонту – ад вуліцы Кароткіна да чыгуначнага пераезду, другая – ад чыгункі да пачатку вуліцы Сіпко. Як расказаў начальнік планава-вытворчага сектара ДРБУ-204 Андрэй Сомаў, працягласць 830 метраў рамантуемага ўчастка дарогі першай чаргі абыдзецца ў 571,5 тысячы рублёў, другога (1,4 кіламетра) – у 642 тысячы рублёў. Гэтыя грошы выдзелены з рэспубліканскага бюджэту. На вуліцы Сіпко зробяць новы тратуар працягласцю 800 метраў. Работы па капітальным рамонце яшчэ многа, дарожнікі будуць тут працаваць да сярэдзіны ліпеня. Нядаўна работнікі ДРБУ-204 асфальтавалі дарогу на вуліцы Ленінскай. Спякота стаяла такая, што гарачы ўкатаны асфальт астываў толькі да вечара.

«На вуліцы Ленінскай паклалі 1800 метраў квадратных асфальту, – расказаў начальнік ДРБУ-204 Уладзімір Раманаў. – На гэтыя мэты зрасходавалі 200 тон асфальтавай сумесі. Акрамя гэтага, адновім дарогу на вуліцы Луначаскага – пакладзём паўтары тысячы метраў квадратных новага асфальту». Акрамя шумілінскіх дарожнікаў, у райцэнтры працуюць яшчэ і іх калегі з Гарадка, Бешанковічаў, Талачына, Глыбокага, Ушач.

Начальнік лінейна-дарожнай дыстанцыі № 364 ДЭУ-36 РУП «Віцебскаўтадар» Віктар Прыходзька расказаў, што пяць брыгад дыстанцыі працуюць адразу на некалькіх аб’ектах у Шуміліне. Адны фрэзіруюць стары асфальт, другія кладуць новы, трэція ўбіраюць смецце на абочынах. Некалькі дзён таму адразу дзве брыгады працавалі на вуліцы Юбілейнай уздоўж трасы Р-20. Тут зразалі завышаныя адкосы, каб у выпадку вялікіх дажджоў вада сыходзіла з тратуараў. А паблізу ад адміністрацыйнага будынку УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» клалі новы асфальт на тратуары. «Шырыня дарожкі – паўтара метра, – расказалі дарожнікі. – Сёння пакладзем прыкладна метраў 800 На Юбілейнай застанецца работы яшчэ на тыдзень». Акрамя дарожных работ, работнікі дыстанцыі займаюцца абкосам. На гэту мэту працуюць на двух трактарах з касілкамі, у цяжкадаступных месцах вядуць абкос уручную.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА.