Пасяджэнне штаба па падрыхтоўцы да абласных «Дажынак» прайшло ў Шуміліне

logo
Четверг, 03.06.2021 14:43 | Рубрика: Общество
01263

Да абласных «Дажынак» у Шуміліне плануюць аднавіць больш за сто аб’ектаў, на што будзе патрачана каля 26 мільёнаў рублёў. Многія работы распачалі яшчэ летась, каб пазбегнуць вялікай напружанасці. Зараз праца на аб’ектах кіпіць з ранку да позняга вечара круглы тыдзень. Перамены да лепшага ўжо відавочныя, што не можа не радаваць шумілінцаў.

У той жа час старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус звярнулі ўвагу на неабходнасць актывізацыі як саміх работ, так і тэмпаў асваення выдзеленых сродкаў. Яны параілі пры недахопе ўласных сіл звяртацца за дапамогай да субпадрадных арганізацый.

– Тры месяцы, якія засталіся да свята, пройдуць вельмі хутка, –заўважыў Уладзімір Белавус.

Кіраўнікі і прадстаўнікі абласных арганізацый і служб, іх раённых падраздзяленняў падрабязна расказалі пра сітуацыю літаральна па кожным аб’екце.

Выдзеленыя сродкі асвоены на трэць. Так з 4,6 мільёна, накіраваных на рэканструкцыю аб’ектаў культуры, засвоена 1,2. Практычна завершаны рамонт бібліятэкі, вядзецца работа па стварэнні экспазіцыі музея, ідзе ўнутраная аддзелка і добраўпарадкаванне тэрыторыі раённага цэнтра культуры.

У сістэме адукацыі акрамя як на асноўным аб’екце – СШ № 1 – будаўнікі працуюць на дашкольных установах адукацыі. Дзіцячыя сады набылі яркі знешні воблік, там рамантуюць дахі, устаўляюць вокны, аднаўляюць харчаблокі. З 3 мільёнаў рублёў засвоена крыху больш за 0,9.

У раённай бальніцы да «Дажынак» будзе поўнасцю абноўлена паліклініка: трэці паверх ужо адрамантаваны, будаўнікі працуюць на другім. Запланавана пакупка новых машын хуткай дапамогі, медыцынскага абсталявання. Засвоена каля 700 тысяч з 1,9 мільёна рублёў.

Ідзе рэканструкцыя гарадскога стадыёна, цэнтральнага парка і сквера каля бібліятэкі. У зоне адпачынку з’явяцца пляцоўкі для дзяцей рознага ўзросту. Імкліва рухаецца капітальны і бягучы рамонт жылых дамоў, разгарнуты работы па рэканструкцыі вуліцы Сіпко. Пачынаецца добраўпарадкаванне аб’ектаў сувязі. У цэнтры горада ўзводзіцца кассава-разліковы цэнтр РУП «Віцебскэнерга». УП «Віцебскаблгаз» да абласнога свята абновіць 11 аб’ектаў сваёй інфраструктуры. Дарэчы, да ліпеня падарунак ад газавікоў атрымаюць жыхары Язвіна – у вёску прыйдзе газ.

– Важна, каб «Дажынкі» падарылі раённаму цэнтру адметнасць, непаўторны стыль, – заўважыў Уладзімір Цярэнцьеў. – Малюнкі на будынках, малыя архітэктурныя формы, новае аблічча жылых дамоў – усё гэта павінна працаваць на стварэнне асаблівага вобраза Шуміліна. Архітэктарам яшчэ ёсць над чым працаваць.

Пасля пасяджэння штаба Уладзімір Цярэнцьеў і Уладзімір Белавус разам са старшынёй райвыканкама Віктарам Гутаравым іншымі зацікаўленымі наведалі шумілінскую СШ № 2, каб на месцы вывучыць сітуацыю, якая склалася з рамонтам школы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.