XXХI Дзень беларускага пісьменства сустракаюць сёння ў Івацэвічах

logo
Суббота, 31.08.2024 09:08 | Рубрика: Культура
01401
Першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч падкрэсліў, што свята праходзіць пад знакам важных юбілейных дат: 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва і 30-годдзя Канстытуцыі. Таксама ў сёлетнiм Днi пісьменства адлюстравана тэма Года якасці.


— Гэтае свята адыгрывае значную ролю ў захаванні культурнай спадчыны нашай краіны. За два дні пройдзе каля 70 розных мерапрыемстваў, — адзначыў Андрэй Кунцэвіч.

Штогод сталіцай Дня беларускага пісьменства выбіраюць горад, які пакінуў значны культурны і асветніцкі след у гісторыі нашай краіны. Пачатак гэтай традыцыі быў пакладзены ў 1994 годзе ў Полацку. У Віцебскай вобласці гэтае свята адзначалі ў Оршы, Паставах, Глыбокім і Гарадку.

Творчыя сустрэчы, канферэнцыі і канцэрты
Сёння пачала працу рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Івацэвіцкія чытанні», падрыхтаваная Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Удзельнікаў свята сабраў гала-канцэрт пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». У Доме культуры ўдзень пройдзе сустрэча з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом, народнай артысткай БССР і заслужаным дзеячам культуры БССР Марыяй Захарэвіч і народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком. Не пакінулі арганізатары гасцей і без спорту: у рамках Дня пісьменства праходзяць спаборніцтвы па хакеі і паказальныя выступленнi па адзінаборствах.

Бліжэй да вечара адбудзецца цырымонія спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанага XXХI Дню беларускага пісьменства. Кульмінацыяй першага дня стане ўрачыстае адкрыццё нацыянальнага свята з выступленнем творчых калектываў і ўручэннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а таксама святочны феерверк.

Слова пісьменніка
Сустрэць больш за 150 літаратараў з усёй краіны і пазнаёміцца з іх новымі кнігамі можна на пляцоўцы «Слова пісьменніка». Як адзначыў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Мінінформа Уладзімір Андрыевіч, столькі людзей прымаюць удзел упершыню. Ён зазначыў:

— У чытачоў ёсць магчымасць атрымаць аўтограф любімага пісьменніка. І самае галоўнае, што большасць кніг нашых беларускіх выдавецтваў можна будзе набыць са зніжкамі. Літаратура досыць разнастайная і цікавая.

Таксама начальнік упраўлення падкрэсліў важнасць ролі пісьменніка ў сучасным грамадстве. Літаратары павінны часцей сустракацца з грамадзянамі, каб больш глыбока адлюстроўваць сацыяльныя і палітычныя працэсы. З гэтым пагаджаюцца і віцебскія майстры слова — удзельнікі пляцоўкi «Слова пісьменніка». Узначальвае дэлегацыю літаратараў паўночнага рэгіёна старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова- Гусачэнка.

— У складзе дэлегацыі рэгіёна лаўрэаты абласных літаратурных прэмій імя Пятруся Броўкі і Уладзіміра Караткевіча, пісьменнікі — актыўныя ўдзельнікі літаратурных сустрэч з чытачамі. Гэта Мікалай Намеснікаў, Лідзія Піскун, Іна Саламаха, Сяргей Трафімаў, Ірына Радзіхоўская, Мікалай Гарбачоў, Васіль Калтуноў і Сяргей Красаў, — удакладніла Тамара Краснова-Гусачэнка. — Прадстаўнікі Віцебскай вобласці выступілі на пляцоўцы «Слова пісьменніка» з праграмай «Зямля сяброў, зямля надзей» і прэзентавалі свае новыя творы. У прыватнасці на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выдавецтва «Мастацкая літаратура» Тамара Краснова-Гусачэнка прадставіла свой паэтычны зборнік «Пришли времена», выдадзены ў гэтым годзе.

Сярод галоўных тэм Дня беларускага пісьменства асобнае месца займае 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наша літаратура багатая праніклівымі творамі менавіта ваеннай тэматыкі. У гэтым годдзе мы адзначым юбілеi такіх майстроў слова, як Максім Лужанін, Аркадзь Куляшоў, Васіль Быкаў, Іван Чыгрынаў — пісьменнікаў, якія прайшлі праз выбухі і кулі. Яны расказалі на старонках сваіх кніг пра жахі ваеннага часу.

Кожны год у Беларусі выдаецца каля 8 тысяч розных кніг і брашур агульным тыражом больш за 20 мільёнаў асобнікаў.

Сустрэнемся праз год
Другі дзень нацыянальнага свята пісьменства пачнецца з літаратурнамастацкай імпрэзы Саюза пісьменнікаў Беларусі. Таксама пройдзе ўзнагароджанне журналістаў-пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства інфармацыі і Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму «Хвала рукам, што пахнуць хлебам». Кульмінацыяй стане ўрачыстая цырымонія закрыцця, дзе адбудзецца перадача вымпела наступнай сталіцы Дня беларускага пісьменства — гораду Лідзе.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Па матэрыялах БелТА падрыхтаваў Мікіта ЯБЛАКАЎ.