У віцебскай бібліятэцы імя Еўдакіі Лось прайшла сустрэча пісьменнікаў з чытачамі, прысвечаная людзям залатога ўзросту

logo
Четверг, 10.10.2024 09:11 | Рубрика: Культура
02112
10 кастрычніка /«Віцьбічы»/. У віцебскай бібліятэцы імя Еўдакіі Лось прайшла сустрэча пісьменнікаў з чытачамі, прысвечаная людзям залатога ўзросту.

Вітала гасцей загадчыца бібліятэкі Ганна Шашуткіна.


Падчас паэтычнай часткі мерапрыемства паэт, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка ў займальнай форме пазнаёміла чытачоў з кнігай "Край родны, любімы". А засяродзіла ўвагу на частцы "Падкажыце бабулі", якая складаецца з вершаў на тэму правільнага націску ў словах.


Зала ахвотна называла варыянты адказу, дружна смяялася, спрабуючы запомніць вершаваныя радкі аб правільным націску.


Таксама эмацыйна ўспрымала аўдыторыя выступленне члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргея Красава. Дарэчы, ён адзіны літаратар ў Віцебскай вобласці, які працуе ў жанры байкі. Аўтар пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы са сваёй кнігай "Пра звяроў і людзей". Выкарыстоўваючы вобразы звяроў, птушак, казурак, Сяргей Красаў прыкмячае некаторыя нюансы чалавечых адносін. Нягледзячы на тое, што прадстаўленыя ў кнізе творы напоўнены іроніяй і носяць гумарыстычны, анекдатычны характар, у іх узнімаюцца сур'ёзныя тэмы маралі, міжасобасных адносін. Чытачы па заслугах ацанілі творчасць літаратара, сустракаючы кожную байку гарачымі апладысментамі.

З музычнай праграмай перад гасцямі бібліятэкі выступілі саліст Алег Чавусаў, які выконваў беларускія эстрадныя песні, Міхаіл Картавенкаў парадаваў "Восеньскім рамансам", Магдаліна Куляшова -- песенькай пра залаты ўзрост.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віцебскае абласное аддзяленне ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі".