Сто гадоў таму 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся Васіль Быкаў

logo
Среда, 19.06.2024 08:27 | Рубрика: Культура
01096

Сто гадоў таму 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся Васіль Быкаў. 

Пісьменнік, героі якога заўсёды паўстаюць перад выбарам між дабром і злом, між праўдай і хлуснёй.

Дзяцінства Васіля Быкава прайшло ў сельскай хаце. Сам аўтар у сваіх успамінах кажа, што часта не было чаго паесці і апрануць. Радавалі хлопчыка заўседы прырода і кнігі. То і не дзіўна: будучы майстар ваеннай прозы рос сярод блакітных азёр і густых лясоў. Васіль рана навучыўся чытаць, і чытанне стала яго любімым заняткам на працягу ўсяго жыцця.  Пра сябе пісьменнік казаў: «Толькі ў літаратуры я ўбачыў магчымасць стаць гаспадаром сваіх памкненняў, магчымасць ажыццявіць уласныя ідэі, уладарыць над сабой і над сваімі героямі».  

Скончыў Васіль Быкаў 8 класаў і у 1939 годзе  паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча на аддзяленне жывапісу. Потым яго перавялі на скульптурнае, але стаць мастаком не давялося з-за адмены стыпендыі. Матэрыяльнае становішча сям’і не дазволіла працягнуць навучанне. Далей юнак паступіў у Віцебскую школу фабрычна-заводскага навучання № 5, якую скончыў у маі 1941 года.

На пачатку Вялікай Айчынай вайны Васіль Быкаў выконваў абарончыя работы, ў складзе інжынернага батальёна ён будаваў аб’екты ў розных гарадах. . Яго прызвалі ў армію ў 1942 годзе. Аднойчы на яго прыйшла «пахаронка». У студзені 1944 года ў баях пад Кіраваградам Быкава параніла ў нагу. Ён падарваў варожы танк. Танк спыніўся, але палы шынелі былі прыціснуты гусеніцамі, таму збоку гэта і выглядала, як смерць. Сваякам Васіля Быкава прыйшоў ліст, у якім пісалася, што той загінуў 10 студзеня 1944 года і пахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў у сяле Вялікая Севярынаўка. На тым надмагіллі і праўда значылася яго імя. Менавіта гэтыя падзеі ляглі ў аснову аповесці «Мертвым не баліць». Пасля яшчэ аднаго ранення Васіль Быкаў атрымаў званне старшага лейтэнанта, камандаваў узводам. Прымаў удзел у вызваленні ад фашыстаў Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Югаславіі. 

Пісьменнік лічыў, што праўду пра вайну могуць напісаць толькі яе ўдзельнікі. Аўтар «Сотнікава», «Альпійскай балады», «Знака бяды», «Жураўлінага крыку» і іншых знакавых твораў беларускай літаратуры пісаў пра барацьбу нашага народа, мужнасць салдат і партызанаў. Пісьменнік даследваў прыроду чалавечых пачуццяў і паводзінаў, мадэлюя сітуацыі і прымушая рабіць выбар. Праблема выбару, як адзін з экзістэнцыяльных элементаў з’яўляецца галоўнай ідэяй у творчасці класіка. 

Літаратурную славу Васіль Быкаў атрымаў пасля напісання аповесці «Трэцяя ракета», якая была апублікавана ў 1962 годзе. 
Памёр пісьменнік 22 чэрвеня 2003 года. На месцы бацькоўскай хаты ўстаноўлены мемарыяльны камень з таблічкай, а насупраць размешчаны музей — у адбудаванай па фатаграфіям і успамінам сядзібе Быкавых. Пазнаёміцца з бытам сям’і пісьменніка, убачыць малюнкі Васіля Уладзіміравіча, лісты з фронта, рукапісы і рэчы, якімі класік карыстаўся штодзённа. Імя аўтара ўвекавечана і ў Віцебску. На будынку Дзіцячай мастацкай школы па вуліцы Суворава ўсталявана мемарыяльная дошка, якая нагадвае аб тым, што беларускі класік вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы.

Да 100-годдзя са дня нараджэння Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі адбудзецца літаратурна-музычная сустрэча «Салдат пяра і праўды». Ушацкі цэнтр культуры падрыхтаваў разнастайную праграму, у якую ўвайшлі міні-спектаклі па творах пісьменніка, музычныя і паэтычныя выступленні, лекцыя пра жыццёвы і творчы шлях майстра ваеннай прозы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Мікіта ЯБЛАКАЎ.