3 ліпеня новая экспазіцыя адкрылася ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі

logo
Понедельник, 04.07.2022 14:57 | Рубрика: Культура
01259

Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што музей пераехаў у сучасны камфартабельны будынак. Некаторы час супрацоўнікі абжываліся на новым месцы, прывучалі народ да непрывычнай культурнай лакацыі, ладзілі выставы і мерапрыемствы.

Сціплыя плошчы старога будынка не дазвалялі рэалізаваць усе праекты. Цяпер такой праблемы няма.

– Мы не толькі пашырылі экспазіцыю, але і павялічылі колькасць тэматычных раздзелаў. Напрыклад, калі раней археалогіі былі прысвечаны ўсяго дзве вітрыны, то зараз цэлая зала, – расказала дырэктар установы Святлана Іванова.

А расказаць сапраўды ёсць пра што. У музеі захоўваюцца косткі маманта – унікальны экспанат не толькі для раёна, але і для ўсёй Беларусі. Жывёліна важыла 7 тон і жыла на тэрыторыі сучаснай Шуміліншчыны, па меркаванні даследчыкаў, 320 – 19 тысяч год таму. Вітрына з рэшткамі маманта аформлена такім чынам, каб дзеці маглі адчуць сябе сапраўднымі даследчыкамі гісторыі: модуль вакол экспаната запоўнены пяском, у якім можна знайсці старыя манеты, пацеркі і іншыя «артэфакты».

Цэлая зала прысвечана гісторыі раёна даваеннага перыяду. Яна расказвае пра сядзібы Шуміліншыны XIX стагоддзя і іх уладальнікаў. Шмат увагі аддадзена чыгунцы, будаўніцтва якой мела лёсавызначальнае значэнне для развіцця раённага цэнтра і рэгіёна ў цэлым. Адзін з найкаштоўнейшых экспанатаў – вогнетрывалая цагліна з таўром snowball, якое належала славутаму англійскаму заводу. З такой цэглы была пабудавана воданапорная вежа, якую, на жаль, разбурылі. Але супрацоўнікам музея ўдалося дабыць і пакінуць для патомкаў каштоўны артэфакт.

Больш аб’ёмным уяўленне пра гісторыю краю робіць і зала этнаграфіі.

– Мы зрабілі ўсё магчымае, каб наведвальнікі музея ўсвядомілі, што ў Шуміліншчыны надзвычай багатая і глыбокая гісторыя, – адзначыла Святлана Віктараўна.

У стадыі распрацоўкі знаходзіцца зала, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, асобная яе частка будзе прысвечана халакосту.

У фондах музея знаходзіцца больш за 12 тысяч экспанатаў. Згодна з музейнымі канонамі выстаўляецца звычайна каля трох працэнтаў, але цяпер плошчы дазваляюць павялічыць гэтую лічбу. Важна адзначыць, што пераезд ні на дзень не спыніў прывычную работу ўстановы культуры: ладзіліся выставы і мерапрыемствы, ішла навукова-даследчая дзейнасць. Асаблівы гонар калектыву – арт-лакацыя, дзе пастаянна праходзяць мерапрыемствы і выставы. Зараз, напрыклад, яе сцены ўпрыгожваюць акварэлі вядомага беларускага мастака Уладзіміра Іванова. Ён родам з Шумілінскага раёна, і ў фондах музея беражліва захоўваюцца некалькі карцін мастака. Сям’я творцы вырашыла перадаць музею яшчэ тры работы.

Таксама тут ёсць канферэнц-зала, якая па сумяшчальніцтву з’яўляецца выставачнай. Дзякуючы гэтаму з’явілася шмат новых цікавых сумесных праектаў з прыватнымі калекцыянерамі і ўстановамі культуры.

Новы музей адкрывалі ўрачыста, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва раёна і вобласці, госці з Расійскай Федэрацыі, шматлікія заўсёднікі прыйшлі на першую экскурсію. Усе знайшлі сімвалічным той факт, што важная для раёна падзея адбылася ў Год гістарычнай памяці.

– Шануйце сваіх родных і блізкіх, гартайце сямейныя альбомы, вадзіце дзяцей у музеі. Калі кожны з нас будзе ганарыцца сваёй гісторыяй, сваімі каранямі, то наша краіна стане яшчэ мацнейшай, – адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Навіцкая.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений