У Віцебскім АМЦНТ да 18 чэрвеня будуць працаваць дзве новыя выставы, адкрытыя ў межах арт-праекта “Партрэт майстра”

logo
Понедельник, 31.05.2021 08:53 | Рубрика: Культура
02125

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ў межах арт-праекта ”Партрэт майстра“ адкрылі дзве выставы — Нины Федарыставай з Віцебска і сям'і майстроў Сяргея і Ганны Рымдзёнак з Шаркаўшчыны.

Пейзажы, віды Віцебска, нацюрморты, партрэты родных людзей і аўтапартрэты — больш за 40 мастацкіх палоцен, аб’яднаных тэмай ”Радзіма мая“, прадстаўляе Ніна Федарыстава. Шмат з гэтых твораў выстаўляюцца ўпершыню. Сярод новых —”Віцебшчына“, ”Партрэт бацькі“, ”Мая мама“.
Ніна Лявонаўна мае прафесійную адукацыю, якую атрымала ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Е. Рэпіна, Акадэміі мастацтваў СССР. Раней вучылася ў Бабруйскім мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, дзе атрымала спецыяльнаць мастака роспісу па дрэве, інкрустатара. Нина Федарыстава працавала ў Віцебскім абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці, у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”. З 2001 па 2009 год з’яўлялася старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Ніна Федарыстава ўзнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры” (1998). Яна з’яўляецца аўтарам шэрагу публікацый па народных рамёствах і аматарскай творчасці майстроў і мастакоў Віцебскай вобласці.
Творчая сям’я майстроў Сяргея і Ганны Рымдзёнак таксама запрашае на сваю выставу ў межах арт-праекта “Партрэт майстра”.

 
Сяргей Рымдзёнак — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Рэспублікі Беларусь, удзельнік народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Талака“ пры раённым Цэнтры рамёстваў, загадчык Германавіцкага Дома ганчара Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра культуры.
Сяргей Леанідавіч – лаўрэат І ступені ў намінацыі ”Свістулька лепшага гучання“ свята-конкурсу майстроў традыцыйнай свістулькі ”Салавейка-2019“ у межах фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, лаурэат ІІІ ступені Х Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу ”Вясновы букет“.
Больш за 20 год майстар займаецца вырабамі з гліны, шмат працуе над удасканальваннем тэхналогіі ганчарнай справы, збірае і вывучае матэрыялы па гісторыі і традыцыям старадаўніх спосабаў апрацоўкі гліняных вырабаў. Аднавіў мясцовыя формы этнаграфічнага посуду па зборы Германавіцкага музея культуры і побыту. Вобразы традыцыйных гліняных свістулек засвоіў з літаратуры.
Яго гліняныя шэдэўры знаходзяцца ў асабістых калекцыях як суайчыннікаў, так і за межамі нашай краіны.
Ганна Рымдзёнак – майстар народных мастацкіх рамёстваў Дома ганчара. Ткацтву навучылася ў мясцовай майстрыхі Алены Бондар. Зараз не толькі сама з вялікім задавальненнем займаецца гэтым рамяством, але і навучае ткацтву дзяцей. Ганна Рымдзёнак валодае тэхнікай ручнога і станковага ткацтва. У працы выкарыстоўвае разнастайныя тэхнікі. Вырабляе бясшоўныя посцілкі-палавікі і мясцовыя закладныя дываны-кілімы. Цудоўныя абрусы, паясы, ходнікі атрымліваюцца ў майстра! Зараз Ганна Міхайлаўна працуе ў напрамку адраджэння стараверскіх ручнікоў.
Яна прымае актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах, з’яўляецца пераможцам абласнога свята-конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва ”Палатняныя пераплёты“, лаўрэат ІІ ступені ХІ Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”.
Выставы ў Віцебскім АМЦНТ адкрыты да 18 чэрвеня.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтавала Наталля МАРТАВА. Фота ВАМЦНТ.