24 лютага адзначаецца 86-годдзе з дня нараджэння паэта і перакладчыка Рыгора Барадуліна

logo
Среда, 24.02.2021 09:15 | Рубрика: Культура
02766

24 лютага мы адзначаем 86-годдзе з дня нараджэння Рыгора Барадуліна, нашага таленавітага земляка з Ушаччыны, паэта, перакладчыка, якога многія пяшчотна называлі Дзядька Рыгор. Яго творчасць з’яўляецца найлепшым адлюстраваннем жыцця беларусаў, і сёння мы ўспамінаем выбітныя думкі пісьменніка.

Пра творчы шлях і лёс Рыгора Барадуліна можна казаць шмат, бо яго жыццё было насычаным і плённым. Яго значным ўкладам у развіццё беларускай літаратуры стала адлюстраванне жывой беларускай мовы як багатай крыніцы ведаў і вопыту беларусаў. Удумлівае выкарыстанне слоў – гэта менавіта тое, што вылучае мову яго паэзіі, надае ёй нацыянальную каштоўнасць і робіць яе скарбніцай мудрасці беларускага народа. А ці вядомы вам некаторыя цікавыя факты з жыцця і творчасці паэта?

Плён працы Рыгора Барадуліна складаецца больш чым са 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ і перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984 г., 1996 — 2002 гг.). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.

Рыгор Барадулін валодаў фенаменальнай памяццю. Падчас навучання на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта паэт так моцна захапіўся творчасцю Якуба Коласа, што вывучыў яго знакамітую паэму «Новая зямля» на памяць.

У чэрвені 2005 года ў Рыгора Барадуліна выйшаў зборнік духоўнай лірыкі «Ксты», творы якога ўнікальныя ў моўным і мастацкім планах і амаль не належаць перакладу. За гэты зборнік паэта ў 2006 годзе вылучылі на званне Нобелеўскага лаўрэата ў галіне літаратуры, аднак гэтаму перашкодзіла адсутнасць добрых перакладаў жывой і сакавітай мовы аўтара.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вольга КУКУШКІНА, студэнтка 3 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя П. М. Машэрава.