Акцёрскае дараванне ў вядучага майстра сцэны Коласаўскага тэатра Валянціны Багданавай выявілася ўжо ў дзіцячым узросце

logo
Среда, 03.02.2021 08:10 | Рубрика: Культура
02727

Рэжысёры звярталі ўвагу на прывабную, з чыста беларускімі рысамі знешнасць актрысы і яе здольнасць закласці ў вобраз асабісты вопыт, часцінку сваёй душы.

Акцёрскае дараванне ў вядучага майстра сцэны Коласаўскага тэатра Валянціны Багданавай выявілася ўжо ў дзіцячым узросце. Магчыма, тады, калі навучалася ў Пастаўскай школе-інтэрнаце, куды дзяўчынку аддалі бацькі. Сям’я была вялікая (дзесяць дзяцей), і складана было старэйшым усіх утрымліваць. Ім параілі аддаць малодшых у інтэрнат. Там Валянціна і спявала, і танцавала, і займалася спортам, і была важатай.

Потым – Наваполацкае нафтавае вучылішча, дзе дзяўчына таксама была ўсім, і інакш, як артысткай, ніхто яе не называў. Тады ж і зразумела, што павінна займацца тэатрам.

У інстытут паступіла толькі з другой спробы. Мастацкім кіраўніком курса быў выдатны тэатральны педагог і рэжысёр Уладзімір Маланкін. Разам з ёй у Коласаўскі тэатр прыйшлі і яе аднакурснікі Валерыя Войчанка, Ігар Нікалаеў, Юрый Засядацелеў, на год пазней Сяргей Шульга.

Валянціна Антонаўна ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта гэты тэатр. Да яе ніколі не прыходзіла думка, каб пайсці адсюль альбо памяняць яго на якісьці іншы. Яна лічыць Коласаўскі тэатр сваім другім домам. Тут яна стварыла каля 80 сцэнічных вобразаў. З ліку першых – Акуліна ва “Уладзе цемры” Талстога. Тады гэта быў легендарны спектакль, дзе ігралі выдатныя майстры коласаўскай сцэны Анатоль Шэлег, Фёдар Шмакаў, Анатоль Трус, маладыя Леанід Трушко і Святлана Акружная. Вобраз Акуліны перайшоў да Валянціны ад яшчэ адной цудоўнай актрысы Галіны Бальчэўскай, якая перайшла ў Купалаўскі тэатр.

Уводзілі Валянціну, дапамагалі асвоіць складаны талстоўскі вобраз яе ж знакаміты калегі і найперш народная артыстка Беларусі Галіна Маркіна, з якой Валянціну потым звязалі доўгія гады сяброўства. Рэжысёр легендарнага спектакля Барыс Эрын правёў толькі адну прагонную рэпетыцыю і пахваліў работу дэбютанткі.

Потым былі розныя па маштабу ролі: і цэнтральныя, і другога плану, і эпізадычныя, і выхады ў масоўцы. Пераважалі лірычныя ці лірыка-псіхалагічныя, і гэта не дзіва, бо рэжысёры звярталі ўвагу на прывабную, з чыста беларускімі рысамі знешнасць і здольнасць актрысы закласці ў вобраз асабісты вопыт, часцінку сваёй душы. Адну з такіх роляў – Юльку са спектакля “Чужы” па п’есе Л.Ніканенкі – актрыса і зараз згадвае з незвычайнай цеплынёй. Гэты спектакль прайшоў больш за 500 разоў. У ім было рэальнае жыццё, зрэшты, гэта і патрэбна гледачу.

Актрысу прываблівалі моцныя, валявыя жаночыя характары, якія яна стварала пераважна ў спектаклях па творах сучаснай драматургіі. Такімі былі яе Вера з “Трох мяшкоў засмечанай пшаніцы” У. Цендракова , Лайма з “Клеменса” К. Саі, Ніна з дудараўскага “Парога”, Таццяна з “Любові па перапісцы” Л. Вашка, Жэня з “Блуднага мужа і яго жонкі Варвары” Г. Марчука, Пэпіта з “Блэза” К. Манье, Жэнька з драмы “Пад сонцам” В. Маслюка. Увогуле яна была актыўна занятая ў рэпертуары. Ёй казалі: табе патрэбны свой рэжысёр і крыху шанцавання. А ў яе ніколі не было такога рэжысёра-сябра, які б штурхаў. На жаль, не так многа іграла ў класіцы: Паліна Андрэеўна ў “Чайцы” А. Чэхава, Люба са спектакля “І смех, і слёзы, і Любоў” паводле У .Набокава.

У спектаклі “Маленькі свет”, пастаўленым па п’есе Алены Паповай, актрыса сыграла адну з цэнтральных роляў. Яе Жанна як быццам самадастатковая, як можа здацца на першы погляд, даволі паспяховая сучасная жанчына. Хоць і асабістае жыццё не вельмі склалася. Хацелася самастойнасці, уяўнага самасцвярджэння ў адносінах з мужам. А ў выніку набыла адзіноту. Спектакль, якому, на жаль, было суджана нядоўгае сцэнічнае жыццё, атрымаўся пра дэфіцыт чалавечнасці, дабрыні, пра дэфармацыю душэўных якасцей у сучасным чалавеку.

Сярод апошніх работ актрысы – Старая ў драматычнай камедыі “Бальніца на краі свету” Х. Бойчава, Фея дажджу з казкі “Агнявы Леў” А. Кружнова і Лідзі з яшчэ аднаго дзіцячага спектакля “Усе мышы любяць сыр” Дзьюлы Урбана.

Старая з “Бальніцы на краі свету” нагадвае такіх ж простых, беларускіх вясковых кабет, якія ўмеюць і працаваць, і дзяцей нараджаць, і за вострым слоўцам у кішэню не палезуць. Сцэны, у якіх удзельнічае актрыса, адзначаны і цёплым гумарам, і нейкай шчымлівай тугой. Асабліва ж уражвае іх заключная сцэна, дзе яна злучаецца са Старым у нейкай іншай рэальнасці. Разам яны ідуць насустрач бясконцасці і зорнаму небу .

У спектаклі “Усе мышы любяць сыр” Валянціна Багданава іграе Лідзі – маці аднаго з мышаняткаў, вельмі клапатлівую, руплівую “жанчыну”, якая паспявае і за хатняй гаспадаркай пасачыць, і недарэку-мужа падштурхнуць, і пра сына паклапаціцца. Прыемна назіраць, як актрыса добра рухаецца, спявае, таньчыць, як можа актыўна і цікава існаваць на сцэнічнай пляцоўцы.

Творчыя дасягненні В.А.Багданава высока ацэнены на рэспубліканскім і абласным ўзроўнях, кіраўніцтвам грамадскага аб’яднання ”Беларускі саюз тэатральных дзеячаў“. Яна адзначана Ганаровай граматай аблвыканкама, граматай і Ганаровай граматай, а таксама нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар тэатра імя Якуба Коласа.