Чаму абрад “Розгары” гісторыка-культурнай каштоўнасцю стаў?

logo
Четверг, 15.10.2020 14:31 | Рубрика: Культура
04206

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся новымі элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці

Па выніках пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Мінску 14 кастрычніка, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены “Абраду “Розгары” ў аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці” і “Традыцыйным вобразам і тэхналогіі вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння”.

З гонарам прадставілі гэтыя элементы загадчык Сенненскага Дома рамёстваў Вольга Квашко, майстар па кераміцы Уладзімір Квашко, намеснік дырэктара Чашніцкага раённага метадычнага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Лузгіна і загадчык аддзелам традыцыйнай культуры абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Надзея Уліновіч.

Абрад “Розгары” вядомы з XVIII стагоддзя і прадстаўляе паўночна-ўсходні тып беларускага Русальнага тыдня, характэрны для даволі абмежаванай тэрыторыі (Чашніцкі, усход Сенненскага, Лёзненскі, Дубровенскі раёны). Абрад праводзіцца на восьмы дзень пасля свята Тройцы ў панядзелак. Пасля заходу сонца маладыя дзяўчаты і жанчыны ў вясковым паўсядзённым адзенні збіраюцца на ўскрайку вёскі. Ідучы да бліжэйшага жытнёвага поля, яны збіраюць кветкі, зёлкі, галінкі дрэў. Прыйшоўшы на ўзмежак поля, адна з жанчын зажынае сноп з жытнёвых каласкоў. Астатнія жанчыны і дзяўчаты пачынаюць спяваць і завіваць вянок з сабраных кветак, абавязкова ўплятаючы жытнёвыя каласкі, нажатыя з поля. Вянок плялі такім памерам, каб праз яго мог прайсці чалавек. Калі вянок сплялі, завівальшчыцы з песняй ідуць ў вёску. Падышоўшы да першай хаты, удзельнікі абраду пачынаюць песняй клікаць з хаты гаспадароў, запрашаюць іх прайсці праз вянок 3 разы, каб магічным чынам забяспечыць здароўе, багацце, дабрабыт, а потым — з сабой на свята. Сустракаючы па дарозе моладзь, прапануюць паваражыць на каханне, лёс. Праходзяць усю вёску. Да гэтага часу на двары ўжо цямнее, але ж усе ўдзельнікі ідуць на могілкі, каб павесіць вянок на самае вялікае і высокае дрэва і адкупіцца ад гневу русалак. Як толькі вянок быў павешаны на дрэва, з могілак пачынала выскокваць “русалка”, тым самым праганяючы людзей. Пасля ўсе ўдзельнікі ідуць у вёску, каб прадоўжыць свята за агульнай вячэрай.

Абрад “Розгары” — сапраўдная каштоўнасць, бо ён звязаны з памяццю і павагай да сваіх продкаў.

Традыцыйная гліняная народная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння звязана з міфалагічнымі ўяўленнямі крывічаў, захоўвае старажытную сімволіку, архаічныя пластычныя формы і спосабы вырабу. Цацкі і свістулькі захоўваюць і мастацкія прынцыпы, тэхнікі лепкі. Свістулькі робяцца трыма метадамі: “на палец”, “на палачку” і спосабам “пельмень”.

Носьбітамі элемента з’яўляюцца 8 майстроў Віцебскай вобласці: Алеся Аўчыннікава з Бешанковічаў, Вольга Аляксеева і Людміла Чэрвінская з Дубровенскага раёна, Ірына Варона з г.п. Бабінавічы Лёзненскага раёна, Кацярына Зяленская з Полацка, Уладзімір Квашко з Сянно, Алеся Сарбаш з Віцебскага раёна і Таццяна Шынкарова з Оршы.

Гліняная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння, як і іншыя ў Беларусі, у параўнанні з цацкамі суседніх народаў (рускага, украінскага) вылучаецца сваёй архаікай, дамінаваннем пластычнага пачатку над дэкаратыўна-жывапісным. Гліняныя цацкі і свістулькі Віцебшчыны здзіўляюць і сваёй вобразнасцю – конікі, птушкі, кавалер і паня, гарманіст і вершнік, камедыянт і хлопец, качка, парася і баранчык, паўлін і іншыя.

На сёння ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 17 элементаў Віцебшчыны.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Надзея УЛІНОВІЧ, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага АМЦНТ.