Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Ваўкалак» стаў лаўрэатам Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Смаленскі каўчэг»

logo
Вторник, 08.09.2020 16:50 | Рубрика: Культура
01104

Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Ваўкалак» паводле знакамітага аднайменнага апавядання Яна Баршчэўскага з кнігі «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях» у пастаноўцы Ірыны Цішкевіч стаў лаўрэатам Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Смаленскі каўчэг».

У фестывалі, які праходзіў з 1 па 7 верасня ў Смаленску, бралі ўдзел каля двух дзясяткаў творчых калектываў з Расіі, Беларусі, Польшчы, Швецыі. Выступленні праходзілі ў адкрытым паказе на вялікай сцэне Смаленскага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя А. С. Грыбаедава, закрытым паказе для членаў журы і анлайн-фармаце. Лепшых вызначала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя пісьменнікі, драматургі, тэатральныя крытыкі, журналісты. У выніку пастаноўка віцебскай трупы перамагла ў намінацыі «Лепшы спектакль малой формы».

Свой уклад у перамогу тэатра ўнеслі мастак-пастаноўшчык спектакля Юлія Карымава, харэограф Дзіяна Юрчанка, ўвесь акцёрскі склад, заняты ў прэм’ерным паказе спектакля, які адбыўся ў снежні 2019 года.

Апавяданне Я. Баршчэўскага ўзнімае спрэчнае маральнае пытанне – тэму помсты, уздзеянне гэтага пачуцця на чалавека. Да чаго можа прывесці выгадаванае ўнутры зерне зла, як яно ператварае чалавека, ці прыносіць помста палёгку душы, ці ёсць шанец на выратаванне – гэта дакладна паказваюць коласаўцы ў сваёй пастаноўцы. У спектаклі артысты багата выкарыстоўваюць беларускі фальклор – абрады, прыказкі, вясельныя пажаданні, замовы, народныя аўтэнтычныя песні. Усё гэта выклікала вялікую цікавасць фестывальнага гледача.

Бліжэйшы паказ спектакля «Ваўкалак» у Коласаўскім тэатры адбудзецца 3 кастрычніка ў 18.00 на камернай сцэне.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна САЛАЎЁВА.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений