Святочную выставу «Партрэт горада» падрыхтаваў Цэнтр сучаснага мастацтва сумесна з Віцебскім аддзяленнем Беларускага саюза мастакоў

logo
Среда, 24.06.2020 17:20 | Рубрика: Культура
02073

Святочную выставу «Партрэт горада» падрыхтаваў Цэнтр сучаснага мастацтва сумесна з Віцебскім аддзяленнем Беларускага саюза мастакоў.

У гэты раз творцы пастараліся асабліва — выстава дзясятая, юбілейная. Яе адкрыццё адбудзецца заўтра ў 11.20 у Цэнтры сучаснага мастацтва. Прымеркавана імпрэза да Дня горада.

Нам давялося азнаёміцца з экспанатамі загадзя.
Як расказаў куратар выставы загадчык філіяла «Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча» Максім Маркевіч, каля дваццаці мастакоў прадставяць амаль паўсотні работ. Выкананы яны ў разнастайных жанрах: жывапіс, графіка, скульптура, змешаныя тэхнікі. У асноўным — гэта новыя працы, створаныя за мінулы год. Вось, напрыклад, Васіль Васільеў, як даведаўся пра выставу, спецыяльна напісаў карціну, якую толькі днямі прывезлі ў музей, яшчэ, можна сказаць, з сырымі фарбамі. На ёй — від на ратушу. Сваё бачанне горада прадэманструюць і іншыя вядомыя мастакі: Аляксандр Малей, Алег Крошкін, Валянціна Ляховіч, Галіна Васільева, Аляксей Краўчанка і іншыя. Ёсць і прадстаўнікі маладога пакалення. Так, Кірыл Дзёмчаў парадуе наведвальнікаў і сваімі палотнамі, і скульптурамі, выкананымі ў незвычайным крэатыўным стылі.

У асноўным на работах — віды Віцебска, часцей — стары горад. Але ёсць мясціны, асабліва блізкія аўтарам. Так, напрыклад, Леанід Мядзведскі з любоўю прадстаўляе ў творчасці свой мікрараён Пескаватык.

Фішкай выставы стане тое, што каля кожнай работы побач з прозвішчам мастака будзе размешчаны QR-код. Калі навесці на яго камеру тэлефона, можна прагледзець відэа, у якім мастак распавядае пра Віцебск у сваім жыцці, пра месцы, якія натхняюць на творцасць.

Калі ў вас няма магчымасці наведаць выставу, можна азнаёміцца з ёй падчас жывой трансляцыі ў інстаграме ў профілі vitebsk.avangard.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алеся САМАТОЙ. Фота аўтара.