Падчас абраду «Розгары» у Лукомлі сплялі вялізны вянок з кветак

logo
Вторник, 16.06.2020 15:55 | Рубрика: Культура
02071

15 чэрвеня   ў аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёна адбыўся традыцыйны абрад “Розгары”, які ладзіцца на восьмы дзень пасля свята Троіцы.

Традыцыя правядзення абраду “Розгары” ў вясковай культуры аграгарадка Лукомль захавала пераемнасць на ўзроўні сям’і ў тым выглядзе, у якім перанялі яго ад сваіх матуль і бабуль мясцовыя жыхаркі. Нездарма тут на базе мясцовага Дома культуры дзейнічае фальклорны калектыў “Вяскоўцы”.

Штогод жыхары аграгарадка – маладыя дзяўчаты і жанчыны збіраюцца на ўскрайку населенага пункта пасля захаду сонца, каб прыняць удзел у традыцыйным абрадавым дзеянні. На ім прысутнічала загадчык аддзелам фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, дацэнт Таццяна Валодзіна.

Падчас абраду яго ўдзельніцы ідуць да бліжэйшага жытнёвага поля, збіраюць кветкі, галінкі дрэў, адна з жанчын зажынае сноп з жытнёвых каласкоў, а астатнія пачынаюць спяваць песні і завіваюць вялікі вянок з сабраных кветак, абавязкова ўплятаючы жытнёвыя каласкі. Пасля таго, як вянок сплецены, усе завівальшчыцы з песняй ідуць ў вёску, дзе, падыйшоўшы да першай хаты, клічуць гаспадароў. Калі гаспадары выходзяць, іх запрашаюць паваражыць на здароўе, багацце і дабрабыт, праходзячы праз вянок, а потым запрашаюць з сабой на свята. Калі па дарозе сустракаецца моладзь, то ім прапануюць паваражыць на каханне і лёс. Такім чынам удзельнікі праходзяць увесь населены пункт і надыходзіць ноч, калі ўсе ідуць на могілкі, каб павесіць вянок на самае вялікае і высокае дрэва для таго, каб адкупіцца ад гневу русалак. Як толькі вянок быў павешаны, адразу пачыналі выскокваць нячысцікі, каб прагнаць людзей з могілак. Пасля гэтага ўсе ішлі ў вёску, дзе свята працягвалася дэгустацыяй смачных страў, песнямі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй Струнчанка. Фото аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений