Артысты з сямі краін удзельнічалі ў святочнай праграме міжнароднага фестывалю традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы»

logo
Понедельник, 03.06.2019 14:34 | Рубрика: Культура
02782

Падчас міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» Браслаў з году ў год напаўняецца гукамі музыкі, звонкімі галасамі гасцей з розных краін, а ў паветры літаральна лунае дух творчасці і весялосці.

Маштабны фестываль збірае ў вялікую шматнацыянальную сям’ю самыя розныя творчыя калектывы. Сёлета ў святочнай праграме ўдзельнічалі артысты з сямі краін — Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і нават Эквадора.

Нядзельная праграма свята пачалася на пляцоўцы «Брукоўкі», дзе сабраліся афіцыйныя асобы і творчыя калектывы. Яскравай калонай яны накіраваліся на традыцыйнае месца правядзення свята — у Леснічоўку. На абноўленай пляцоўцы лесапарка сваім выступленнем шчыра вітаў традыцыйны зводны хор. Ад імя Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Браслаўскага райвыканкама да прысутных звярнуліся іх старшыні — Уладзімір Цярэнцьеў і Аляксандр Баданін. Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што «Браслаўскія зарніцы» ўжо даўно сталі візітнай карткай не толькі раёна, але і вобласці. Свята заўсёды з нецярпеннем чакаюць мясцовыя жыхары, а ўдзельнікі з розных краін лічаць за гонар пабываць на ім. Фестываль з кожным годам прыемна здзіўляе сваімі новымі разнастайнымі мерапрыемствамі. Сёлета раённы цэнтр сустрэў удзельнікаў зменамі ў плане добраўпарадкавання.

У знак гасціннасці ўсім ганаровым гасцям фестывалю ўручылі браслаўскі каравай.

…Гучнай і яскравай ракой ліліся песні і танцы ў выкананні нашых і замежных артыстаў. Браслаўчане на свае вочы пабачылі разнастайныя фарбы і прыгажосць культур розных народаў.

Трэба сказаць, што гледачоў сёлета на гала-канцэрце было вельмі многа. Шмат прыемных уражанняў было ў дзяцей, якія бавілі свой час на разнастайных забаўляльных пляцоўках. Дарослыя тым часам маглі падсілкавацца, паспрабаваць кулінарныя вырабы, што

прапанавалі мясцовыя вытворцы і ўстановы адукацыі з Віцебскай вобласці, прайсціся па гандлёвых радах.

Аўтэнтычны вечар

З кожным годам свята сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава», якое па традыцыі праходзіць на Замкавай гары, набірае абароты, прываблівае ўсіх насычанасцю праграмы, колькасцю ўдзельнікаў і наведвальнікаў.

Сёлета ў гістарычным цэнтры Браслава таксама разгарнуліся цікавыя падзеі. Майстры з розных куточкаў Беларусі прывезлі сувеніры з бісеру, гліны, саломкі, ткацкія вырабы, драўляную мэблю і цудоўныя карціны. Непадалеку разгарнуўся «Браслаўскі фальварак» — самабытны агляд падвор’яў, кожнае з якіх імкнулася здзівіць гасцей арыгінальнымі стравамі нацыянальнай кухні.

На пачатку традыцыйнага фэсту прысутных павітаў князь Брачыслаў са сваёй світай. Госці ж свята паднеслі заснавальніку горада свае падарункі, а творчыя калектывы з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Эстоніі і Эквадора парадавалі гледачоў каларытнымі выступленнямі.

Яскравым дзействам стала шэсце народных майстроў і ўдзельнікаў клубаў рэканструкцый з Беларусі, Літвы і Латвіі. Перад імі стаяла важная задача — здабыць жывы агонь на старажытнай прыладзе. Дарэчы, у гэтай справе прыняў удзел і старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Кіраўнік раёна і ўстанавіў гаршчок з вогнішчам на старажытным алтары.

Далей рэй вялі ваярскія дружыны гасцей, якія зладзілі для гледачоў суровыя камандныя бітвы.

На працягу ўсяго насычанага мерапрыемства жадаючыя маглі падсілкавацца духмянымі шашлыкамі, кулінарнымі вырабамі, а таксама смачнымі блінцамі, якія пяклі тут жа па старажытным рэцэпце супрацоўнікі музейнага аб’яднання.

Уражальным было і выступленне групы «Дразды». Завяршылася свята салютам і дыскатэкай.

Цяпло душэўнай песні

Сёлета ў конкурсе «Браслаўская харавая асамблея» прынялі ўдзел 30 калектываў, сярод якіх сваё песеннае майстэрства дэманстравалі дзеці і дарослыя. Некалькі гадзін на сцэне РЦК яны радавалі слухачоў і журы народнымі і акадэмічнымі спевамі.

Сярод удзельнікаў былі як калектывы, якія не першы год прыязджаюць на харавую асаблею, так і дэбютанты. Гонар Браслаўшчыны абаранялі народныя ансамблі беларускай песні «На панадворку», «Сябрына» і «Відзаўчанка».

Журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя хармайстры, кампазітары і дырыжоры вобласці і сталіцы, было дастаткова складана вызначыць лепшых. Гран-пры абласного агляду-конкурсу вакальна-харавых калектываў «Браслаўская харавая асамблея» атрымаў хор УП «Віцебскаблгаз». Сярод дзіцячых калектываў першае месца прысудзілі хору школы мастацтваў «Акварэль» з Лепеля, у акадэмічных спевах не было роўных даросламу камернаму хору з Наваполацка. Лепш за ўсіх народную песню прадэманстрыраваў Народны хор «Спадчына» з Шаркаўшчыны.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.