Вяршыні гор, пакрытыя снегам і ледніком, вабяць таямнічасцю і прыгажосцю. Што яны тояць? Пра гэта добра ведае Сяргей Стацэвіч.
Ураджэнец Віцебска, а доўгі час ужо мінчанін, Сяргей — альпініст са стажам у чвэрць стагоддзя. Першая пакораная ім гара — пік Лакаматыў у Прыэльбруссі (3859 метраў). Ён мае тытул «Снежны Барс». Кандыдат у майстры спорту па скалалазанні, майстар спорту міжнароднага класа па альпінізму, уваходзіў у склад зборнай альпіністаў Рэспублікі Беларусь з 1990-х да пачатку 2000-х. Зараз дзеліцца вопытам з пачынаючымі аматарамі ўзыходжанняў, а чаравікі з кошкамі змяніў на горныя лыжы.
Сяргей Стацэвіч нарадзіўся ў Віцебску. Маці Зінаіда Мікалаеўна — карэнная віцябчанка, працавала настаўніцай. Тата Зiгмонт Сігізмундавіч таксама спачатку працаваў настаўнікам, пасля атрымаў юрыдычную адукацыю і працаваў пракурорам на малой радзіме — Міёршчыне. Таму дзяцінства і юнацтва Сяргея праходзіла менавіта там, дзе жылі і працавалі бацькі,— у Дзісне і Міёрах. Да гэтага часу з цеплынёй узгадвае пра родны сэрцу край. Пасля заканчэння Міёрскай сярэдняй школы хлопец паступіў у сталіцу на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Затым армія — інжынерныя войскі ў Валгаградзе. Выканаў грамадзянскі абавязак і нядоўгі час працаваў супрацоўнікам Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР, заняўся бізнесам і працягвае яго развіваць.
Яшчэ школьнікам Сяргей захапляўся рознымі відамі барацьбы — класічнай і дзюдо. Паступіўшы ў ВНУ, таксама прагнуў падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме. І, як апавядае, выпадкова зазірнуў на секцыю па альпінізму. Захапіла! З таго часу звыш 25 год актыўна заставаўся ў тэме! За плячыма каля сотні ўзыходжанняў (у тым ліку ў складзе зборнай Беларусі) у гарах Каўказа, Паміра, Цянь-Шаня, Гімалаяў, Каракарума, Альпах. Пакораныя вяршыні — пік Перамогі (7439 метраў), пік Хан Тэнгры (7010 метраў), Нанга Парбат (8126 метраў) і іншыя.
— Сяргей, навошта хадзілі ў горы?
— Заўсёды праводжу паралель. Можа, нехта займаецца балетам, і тады спытайце ў таго чалавека, навошта ён гэта робіць. Так і альпінізм. Я першы раз быў у гарах у 1983 годзе. Быў уражаны імі, прыродай, спецыфічнай эстэтыкай і рамантыкай. Другі момант — узаемаадносіны з людзьмі, спевы пад гітару ў лагеры. Паступова прыйшоў прафесіяналізм у тэхніцы: умееш добра рухацца па скалах, хадзіць па лёдзе, нават супрацьстаяць прыродным стыхіям. Адчуваеш радасць і гонар за свае поспехі. Далей прыходзіць смак ад распрацоўкі стратэгіі ўзыходжання, яе рэалізацыі, зладжанай і прафесійнай каманднай працы. Разумееш, што адкрываеш для сябе нейкі іншы свет, насычаны і таямнічы.
— Хто можа стаць альпіністам?
— Любы, каму падабаюцца горы, у каго ёсць жаданне пераадольваць сябе і свае слабасці. Але лічу, што займацца вышынным альпінізмам не кожнаму дадзена. Акрамя фізічнай формы, тэхнікі і ведаў ёсць іншыя моманты: як твой арганізм «трымае вышыню», акліматызацыя, псіхалагічная раўнавага ў зносінах. Напрыклад, пры недахопе кіслароду чалавек у гарах можа рэагаваць больш раздражнёна на нешта, тым больш у экстрэмальных сітуацыях. У такім выпадку трэба ставіцца адзін да аднаго ўважліва і цярпліва, умець падтрымаць. І тыя, хто прыходзіць у альпінізм, павінны быць адказнымі, цярплівымі, настроенымі ўспрымаць чалавека па-людску. Гэта своеасаблівая філасофія, стыль жыцця. Патрэбна прагназаваць свае дзеянні, дзеянні іншых. Асабліва ж на вышыні. Бывае, што людзі ходзяць па гарах у адзіноце і атрымліваюць ад асабістых зносін з гарой асалоду. Аднак гэта вельмі складана і небяспечна. Альпінізм — камандны від спорту.
Мы адчувалі сябе камандай, бо хадзілі ў горы прыкладна адным саставам больш 20 год, навыкі былі добра выпрацаваны. Віктар Лутаў, зараз ён трэнер зборнай па альпінізму Беларусі, і яго брат Анатоль Лутаў, Уладзіслаў Каган, Аляксандр Максіменя і іншыя. На жаль, няма з намі Міхаіла Мельнікава і Сяргея Белавуса. Адзін загінуў на Каўказе, а другі знайшоў спачын ў Гімалаях.
— Адчуванні на вяршынях... Якія яны?
— Калі мэта дасягнута і надвор'е дазваляе, то затрымліваліся і сузіралі наваколле, пакідалі запіску ў туры, устанаўлівалі сцяг, здымкі на памяць. Радасць у сэрцы — мы гэта зрабілі! Аднак расслабляцца нельга! З напружаным пачуццём адпраўляліся на спуск. Першая думка — сканцэнтраваць усю ўвагу і сілы, каб паспяхова завяршыць маршрут.
— Што пераадольвалі?
— Вышынны альпініст «сустракае» на сваім шляху толькі ў адной вандроўцы — снег, лёд, скалы, травяныя маршруты, да гэтага могуць далучыцца завея, раптоўны вецер, дождж, сыход лавіны. Надвор'е асабліва трэба ўлічваць. Так у нас здарылася пры ўзыходжанні ў 2008 годзе на вяршыню Броўд Пік — 12-я вышыня свету (8047 метраў), якая знаходзіцца ў Пакістане. Расійскія альпіністы, што спусціліся з Броўд Пік у трэці лагер, расказалі пра дрэнны стан маршруту і глыбокі снег. Надвор'е псавалася, але мы вырашылі ісці на хуткі штурм. У 2 гадзіны ночы каманда ў поўным складзе пайшла на гару. У хуткім тэмпе да 7.00 была набрана вышыня каля 7800 метраў. Моцны штармавы вецер, нізкая тэмпература і снег перашкодзілі дасягнуць вяршыні. За 300 метраў да яе вымушаны былі павярнуць назад. На жаль, у нас не было часу для другой спробы. Ня- гледзячы на тое, што мы не дайшлі, як кіраўнік я бачыў, што ў каманды засталося адчуванне добра выкананай працы. Пра ўзыходжанне на Броўд Пік Беларускай альпінісцкай экспедыцыі Віктарам Лутавым зняты фільм, яго можна паглядзець на YouTube.
— Тытул «Снежны Барс» за што атрымалі?
— «Снежны Барс» прысвойвалі альпіністам яшчэ ў савецкія часы за пакарэнне ўсіх пяці сямітысячнікаў: пік Перамогі і Хан-Тэнгры ў гарах Цянь-Шань, пік Ісмаіла Самані (Камунізму), Каржанеўскай і Незалежнасці (Леніна) на Паміры. З нашай экспедыцыі тады ў 1992 годзе чатыры чалавекі атрымалі «барсаў». На той момант для Беларусі гэта было вельмі значна.
— Ці ёсць нейкія прыкметы ў гарах?
— Назаву гэта забабонам. Напрыклад, альпіністы ніколі не кажуць слова «апошні», «апошні раз» ці «апошняя гара». Заўжды кажуць «крайні». Ёсць у нас правіла: людзі ходзяць у «звязках» з тымі, з кім маюць добрыя зносіны. Калі на шляху ўзнікла пэўнае непаразуменне, то лепш у «звязку» такога чалавека не браць.
— Як адносіліся родныя да таго, што вы захоплены альпінізмам?
— Асабіста для мяне гэта было пераключэнне каналаў. Вельмі здорава збегчы ад цывілізацыі і пажыць у палатцы, стаміцца ад пройдзенага маршруту. Пасля вярнуцца ў горад і ўсвядоміць, што ты тут таксама шмат чаго маеш. А для маіх родных кожная паездка выклікала стрэс. Да іх даходзілі чуткі, што ў гарах час ад часу гінуць людзі… Канешне ж, яны хваляваліся. Калі зараз прыгадваю нашы ўзыходжанні, то гэта было цалкам жыццё, заснаванае на рызыцы. З узростам чалавек па-іншаму пачынае ставіцца да раней звычайных рэчаў. Майму сыну 19 год. І цяпер я дзесьці ў глыбіні душы не жадаў бы, каб ён займаўся альпінізмам.
— Ці перажывалі экстрэмальныя выпадкі ў гарах?
— Так, пры ўзыходжанні ў 2007 годзе на гару ў Гімалаях Нанга Парбат (Пакістан), што ў народзе называюць Гара-забойца. Наша група з васьмі чалавек штурмавала небяспечную вяршыню па маршруце Кінсхофера. Гэта крутая працяглая ледзяная сцяна з адвесным скальным выхадам на снежную паліцу. Было неспрыяльнае надвор'е, аднак вырашылі рухацца наперад. І вось, калі ўздымаліся, чыліец, які ў той час спускаўся з другога лагера, пачаў падаць, праляцеў палову вяроўкі, зачапіўся за мой крук — і вырваў яго. Ледзь паспеў я зарубіцца ледарубам — і мы завіслі на пярыльнай вяроўцы. Секунда магла дорага мне каштаваць, у гарах трэба быць пільным і прадумваць кожны крок. Да вяршыні мы дабраліся. Былі і іншыя здарэнні…
— Страх. Як пераадольваеце яго?
— Канешне, страшна бывала. Але ідзеш на любы маршрут і ўключаеш функцыю «глядзі наперад», гэта значыць спрабуеш прагназаваць, якая ёсць рызыка. Тады не думаеш пра боязь, а проста працуеш. Страх звычайна з'яўляецца ад нечага невядомага. Напрыклад, сыход лавіны можа быць непрадказальны! Здарыўся са мной выпадак у 1993 годзе пры ўзыходжанні беларусаў на пік Перамогі. Мне выпала ісці правяраць рацыю. Прыхапіў цёплыя рэчы і рушыў. Было сонечна і ціха. Раптам паказалася белае воблака, якое стала распаўзацца па схіле. Лавіна! Што было моцы пабег наперад. Віднеліся палаткі. З адной выйшла літоўская турыстка, непадалёк аказаўся англічанін. Ён паведаміў, што з піка Чапаева зляцеў вялікі снежна-лядовы карніз. Накрыла дваіх англічан і дваіх алмацінцаў. Трэба было спяшацца ім на паратунак. За 45 хвілін я дабраўся да пяцікіламетровай адметкі. Па рацыі паведаміў, што сышла лавіна. Працавала аднабаковая сувязь, але мяне пачулі. Наверсе я застаў літоўскіх турыстаў, затым далучылася яшчэ некалькі альпіністаў. Траншэю капалі па чарзе. Дзесьці праз гадзіну на падмогу прыляцелі выратавальнікі. Знайшлі цела толькі англічаніна, астатніх лавіна пахавала пад сабой назаўсёды. А як толькі шукальнікі пакінулі месца раскопак снежнага завалу, на месца першай лавіны сышла другая.
— Як сёння развіваецца альпінізм у Беларусі?
— Адбываецца своеасаблівая трансфармацыя. У савецкія часы была пэўная сістэма альпінісцкіх лагераў, прафсаюзаў. Гэты від спорту падтрымліваўся дзяржавай, была масавасць, а зараз па-іншаму. Альпінізм існуе на ўзроўні клубаў. Ён становіцца даволі элітарным відам спорту для людзей, якія маюць грошы. Патрэбна дарагая экіпіроўка, ды і дабрацца да месца нятанна. Чалавек, які мае вялікія амбіцыі і грошы, а не заўжды досвед і здольнасці, проста можа мець вялікія праблемы ў гарах. Як правіла, дастаткова высокая рызыка, што з ім там нешта здарыцца. Думаю, будучыня ў беларускага альпінізму ёсць, але на ўзроўні клубаў.
Нядаўна ў чарговы раз нашы беларускія альпіністы даказалі, што могуць усё. 6 мая Максім Вінчэўскі, Аляксандр і Міхаіл Вайцюкі, Дзяніс Жыдкоў і Міхаіл Макеенка паднялі факел з агнём II Еўрапейскіх гульняў «Полымя свету» на найвышэйшы пункт Еўропы — гару Манблан. Ганарымся імі!
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.