Пачынаючы ад новага пуцеправода «Полацкi» і да заходняй гарадской мяжы працягнулася віцебская вуліца Цітова

logo
Пятница, 14.08.2020 11:37 | Рубрика: Год народного единства
02081

Крокі гісторыі

Калі пачынаю працаваць над сваёй чарговай публікацыяй пад дадзенай рубрыкай, заўсёды з удзячнасцю прыгадваю каморніка Майсеева, які ў 1904 годзе склаў план Віцебска, што ў 1990-я гады быў перавыдадзены пры падтрымцы «Віцьбічаў». На ім мы добра бачым, што сённяшняя вуліца Цітова акурат паўтарае колішнюю Полацкую, што відавочна была значна карацейшай і заканчвалася Нагорнай Гранічнай вуліцай крыху далей за Сямёнаўскія могілкі. Мяркуючы па ўсім, гэта цяперашнія 13-я Гарадоцкая і 9-я Полацкая вуліцы.

А забудоўвацца вуліца пачала яшчэ ў ХVIII стагоддзі ўздоўж полацкага тракту. Праўда, па ўспамінах нашага краязнаўцы Мікалая Нікіфароўскага, напрыканцы ХІХ стагоддзя «бойкая прежде улица снизошла на степень чуть ли не водовозной». На вышэйзгаданым плане на ёй не адзначана ніводнага больш ці менш значнага аб’екта гарадской інф­раструктуры. Наваколле таксама не вельмі радавала вока. У службовых паперах таго часу адзначалася, што «местность между Елагами (цяперашні парк Чыгуначнікаў) и Полоцким большаком требует искусственной осушки».

Толькі ў 1950-я гады вуліца пачала расці на захад. Сваю цяперашнюю назву атрымала ў гонар «касманаўта № 2» у 1961 годзе.

Чорныя адмеціны вайны

Напрыканцы вуліцы размешчаны два мемарыялы загінуўшым у часы Вялікай Айчыннай.

Так, у 1941 годзе на месцы былога 5-га чыгуначнага палка нямецка-фашысцкія захопнікі арганізавалі канцэнтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных. Іх выкарыстоўвалі для выканання розных работ у горадзе. Адначасова тут утрымліваліся тысячы чалавек. У 1942-м сюды сталі трапляць і цывільныя асобы. Лагер існаваў да траўня 1944 года. Па розных звестках, за час яго існавання загінула да 100 тысяч чалавек.

У 1964 годзе тут быў узве­дзены абеліск. Пасля з’явiлiся крыж і капліца са званом, які сваім гукам нагадвае пра страшную трагедыю, якая больш ніколі не павінна паўтарыцца на нашай мірнай зямлі. У Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канц­лагераў 11 красавіка і іншыя памятныя даты тут адбываюцца жалобныя мерапрыемствы. Тэрыторыю пастаянна добраўпарадкоўваюць. Па ініцыятыве і з удзелам адміністрацыі Чыгуначнага раёна рэгулярна право­дзяцца пасадкі дрэў. Летась сюды быў здзейснены велапрабег, які ўзначаліла намеснік галавы адміністрацыі раёна Алена Шарай.

Таксама адпаведным чынам ушаноўваюць памяць вайскоўцаў, што загінулі пры вызваленні Віцебска ў чэрвені 1944 года. Дзясяткі іх пахаваны неўздалёк, на вайсковых могілках. На мемарыяле заўсёды багата вянкоў і жывых кветак.

Трамвайчыкі зноў пакаціліся

Цяжка ўявіць сабе вуліцу Цітова без трамвая. Дастаткова прыгадаць, што, калі зачынілі пуцеправод і шлях на Цітова быў «адрэзаны», давялося часова адмяніць амаль палову ўсіх віцебскіх маршрутаў!

А дайшоў гэты старэйшы ў Віцебску від грамадскага транспарту да пачатку вуліцы ў 1962 годзе, дзе доўга заставалася трамвайнае кола. Потым рэйкі былі працягнуты далей. Вядома, што напрыканцы 1960-х тут курсіравала два маршруты. Адзін праз чыгуначны вакзал звязваў вуліцу са Смаленскім рынкам, другі — з дрэваапрацоўчым камбінатам у раёне вуліцы Максіма Горкага.

Рух электратранспарту адноўлены. Гэтага чакалі жыхары раёна і нават маленькі трамвайчык на пастаменце каля канцавога прыпынку, які сумаваў без сяброў.

Даюць нам цеплыню

На вуліцы Цітова размешчана і Віцебскае прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. Калісьці цеплавая гас­падарка абласнога цэнтра ўяўляла сабой сетку разрозненых цеплакрыніц, што былі размешчаны ў сутарэннях жылых дамоў. Практычна ўсе яны працавалі на вугалі. Нарэшце ў 1968 годзе рашэннем гарадской улады была арганізавана «Дырэкцыя аб’яднаных кацельняў». Як узгадваў Веніямін Голь­дзін, які стаў дырэктарам у 1973 годзе, «котельные в жилых домах были в ужасном состоянии. Во дворах кучи угля, шлак, зола, раздуваемая ветром…».

Пакрысе прадпрыемства стала развівацца. Ставіліся новыя задачы. У 1990-я гады пасля пераводу ў Расію вайсковай часткі, якая тут размяшчалася, тэрыторыя стала асноўным месцам дыслакацыі прадпрыемства.

Сёння пад яго «юрысдыкцыяй» нават лазні, не кажучы ўжо пра міні-ТЭЦ і дзясяткі цэнтральных цеплавых пунктаў і кацельняў, самая аддаленая з якіх — «Крупеніна» ў Бешанковіцкім раёне і іншыя аб’екты. На балансе прадпрыемства — каля 150 кіламетраў цеплавых сетак у двухтрубным вылічэнні. Штогод адбываюцца работы па іх мадэрнізацыі і рэканструкцыі. Многім гараджанам палюбілася лазня № 6 па Маскоўскім пра­­спекце. Тут пасля капітальнага рамонту іх чакае ўтульная абноўленая саўна.

Нельга не спыніцца і на бездакорным выглядзе тэрыторыі перад галаўным прадпрыемствам. Відаць рука ўмелых спецыялістаў па ландшафтным дызайне. Шкада толькі, што гэту зялёную прыгажосць не бачна з дарогі.

Ля «краіны ведаў»

І хто ж, праязджаючы па вуліцы, не зверне ўвагу на добраўпарадкаваную тэрыторыю вакол гімназіі № 4. Яна ператворана ў нейкае казачнае каралеўства. Уражваюць фігуркі жывёл сярод кветак, а таксама мініяцюрныя копіі помнікаў архітэктуры. Прычым як сусветна вядомых (Эйфелева вежа, Нотр-Дам дэ Пары), так і родных, віцебскіх (касцёл Святой Барбары, Дабравешчанская царква, ратуша). Адразу бачна, што тут заўсёды рады гасцям.

Навучальная ўстанова, дарэчы, — адна з найстарэйшых у горадзе. Яна (тады гэта была СШ № 20) была адчынена 1 верасня яшчэ даваеннага 1938 года. У 1988 годзе ўстанове быў нададзены статус школы з архітэктурна-мастацкім ухілам. З 1993-га тут пачалі навучаць дзетак замежнай мове ўжо з першага класа. І, нарэшце, у 2002-м установа адукацыі рашэннем гарвыканкама стала гімназіяй.

Рынкавае жыццё

Гаворачы пра вуліцу Цітова, нельга абмінуць увагай знаёмы кожнаму гараджаніну Полацкі рынак.

Звяртае ўвагу выгаднае размяшчэнне неўздалёк ад вакзала. Гэта асабліва спрыяльна для жыхароў рэгіёна: зрабіў неабходную пакупку — і на цягнік дадому.

Першапачаткова рынак знаходзіўся ў раёне цяперашняга швейнага прадпрыемства «Віцябчанка». Тут у 1800-я, па ўспамінах таго ж Мікалая Нікіфароўскага, «по воскресным дням, реже по средам да пятницам, кипела торговая жизнь, главным образом касающая­ся купли-продажи сельскохозяйственных произведений». У 1930-х гадах рынак быў перанесены на іншы бок чыгункі, дзе знаходзіцца і цяпер. Сёння для продажу харчовых тавараў пабудаваны крыты павільён. Але ўсё ж большую частку прадстаўленай прадукцыі складаюць прамысловыя тавары. Пэўны час назад ішлі размовы пра перанос рынку на іншае месца ў сувязі з пабудовай транспартнай развязкі, але, як бачым, ён застаўся на сваім звыклым месцы.

У палёт!

Наўрад ці знакаміты дублёр Юрыя Гагарына Герман Цiтоў ведаў, што ў яго гонар названа вуліца ў Віцебску. Яго прозвiшча пасля зорнага палёту было ўвекавечана ўва многіх населеных пунктах Савецкага Саюза. Аднак імя касманаўта-героя ўсё адно кліча да зор. Таму тут з’явіліся стромкія сучасныя жылыя дамы і гандлёвыя цэнтры. Яшчэ нядаўна забудаваная пераважна аднапавярховікамі сёння магістраль імкліва расце ўвысь.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара і Алега КЛІМОВІЧА.