Бусел і Беларусь даўно ўспрымаюцца як адно цэлае не толькі ў творах класіка айчыннай літаратуры

logo
Суббота, 25.07.2020 12:08 | Рубрика: Год народного единства
01774

Уладзімір Караткевіч, юбілей якога сёлета будзе адзначацца, назваў нашу краіну «зямлёй пад белымі крыламі». Бусел і Беларусь даўно ўспрымаюцца як адно цэлае не толькі ў творах класіка айчыннай літаратуры.

Буслы на лузе, буслы на скошанай сенажаці, абмалочаным полі, на даху бацькоўскай хаты — падобныя фотаздымкі не рэдкасць на старонках газет ці кніг экалагічнай тэматыкі. Натуру для гэтага фота аўтар знайшоў ў вёсцы Запруддзе, якая раскінулася на беразе Багданаўскага возера, што на Сенненшчыне. На ўскрайку населенага пункта нельга не звярнуць увагу на дагледжаны дамок, побач з ім — невялікі штучны вадаём. Ён настолькі гарманічна ўпісаўся ў навакольны пейзаж, што яго ўпадабалі белакрылыя птушкі, сталі тут звыклымі гасцямі. А магчыма, і гаспадарамі, бо не звярнулі асаблівай увагі на чалавека з фотаапаратам, толькі ленавата павярнулі галовы на крокі Віктара Васілёнка, уласніка падворка, ды падаліся крыху далей, як бы даючы лю­дзям магчымасць пагаварыць.

— Відаць, гэта пара. Адкуль прылятаюць, не ведаю. Вакол возера ў вёсках буслянак шмат. А вось на маім падворку буслы не жывуць, — са шкадаваннем расказаў Віктар Кірылавіч, — затое прылятаюць рэгулярна.

Ёсць у запруддзеўскага жыхара і звыклая для нас гаспадарка: пчаліная пасека, конь. Яго, як расказалі нам сусе­дзі, вясковец выкарыстоўвае не толькі каб узараць уласныя соткі — дапамагае ўсім, хто мае патрэбу ў апрацоўцы зямлі.

Яшчэ адна адметнасць па­дворка Віктара Васілёнка — кветкі. Іх мора, самых розных, якія даглядае сам мужчына. Бо любіць гэтым займацца.

Захапленне кветкаводствам — яшчэ адна беларуская нацыянальная адметнасць. Яе, дарэчы, Уладзімір Караткевіч таксама адзначыў у сваёй «Зямлі пад белымі крыламі». Праўда, адносячы яе больш на карысць палешукоў. Але з дня напісання кнігі-эсэ прайшоў не адзін дзесятак гадоў. Кветкі і буслы цяпер амаль на кожным мясцовым падворку.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Аляксандр ЯЎГЕНАЎ. Фота аўтара.