Ад Заручаўскай да Калініна. Крыху больш за кіламетр у даўжыню мае вуліца Калініна

logo
Пятница, 29.05.2020 08:33 | Рубрика: Год народного единства
01557

Крыху больш за кіламетр у даўжыню мае вуліца Калініна, якая працягнулася ўздоўж левага берага Дзвіны ад Замкавай вуліцы да плошчы Перамогі.

Назву даў ручай

Вуліца вядома яшчэ са старажытных часоў як шлях да Ніжняга замка (тэрыторыя ў раёне Дабравешчанскай царквы). А першую назву даў Замкавы ручай (ці проста Ручай), які цёк праз цяперашнія Летні амфітэатр і бізнэс-цэнтр «Марка-Сіці» да ўпадзення ў Дзвіну. Тэрыторыя злева ад яго і пачала называцца Заручаўем: тут, дарэчы, зараз знаходзіцца і рэдакцыя нашай газеты.

У Заручаўскай слабадзе людзі пачалі сяліцца з ХІІ стагоддзя, а да ХVII — сфармавалася вулічная планіроўка. У ХІХ стагоддзі тут размяшчаліся крамы, дзе гандлявалі тытунём, мануфактурай, ільном, мукой, мясам, была адзіная ў Віцебску пераплётная майстэрня. Тут жа быў прыватны дзіцячы садок для яўрэйскіх дзетак.

У 1923 годзе вуліца была названа ў гонар аднаго з дзяржаўных дзеячаў СССР Міхаіла Калініна.

Пасля апошняй вайны вуліцу Калініна перанакіравалі на злучэнне з новай вуліцай Жасткова. Гараджане са стажам яшчэ памятаюць, як у 1980-я тут хадзіў тралейбус.

Тут жылі гарбары

Вуліцу Заручаўскую ў розныя часы яшчэ называлі Мала-Магілёўскай (ад Магілёўскага рынка, які займаў значную частку цяперашняй плошчы Перамогі) і Кажамяцкай. Апошняе найменне тлумачыцца тым, што тут, на беразе, кампактна сяліліся майстры па апрацоўцы скуры — гарбары-кажамякі. Знакаміты віцебскі краязнаўца Мікалай Нікіфароўскі згадваў, што набярэжная «немощеная, грязная, решительно отталкивала от себя не только запахом дубильной кислоты». А на кірмашы былі «базарный гам, клятвенные уверения, спор, брань… протягивания рук в чужие карманы за кошельками или к поклаже на возу».

Тым не менш менавіта на грошы гарбарнага цэха на перакрыжаванні з цяперашняй вуліцай Марка Шагала была збудавана Уваскрасенская (Заручаў­ская, Кажамяцкая) царква.

Людзі свята верылі Богу

Дакладна вядома, што драўляная царква існавала ўжо ў пачатку 1600-х гадоў. Напрыканцы ХІХ стагоддзя тут была пабудавана каменная бажніца
ў стылі віленскага барока. Падчас напалео­наўскай вайны французы ў бажніцы ўсталявалі жорны для памолу мукі. Неўзабаве пасля рэвалюцыі царква была зачынена. У час Другой сусветнай вайны святыня была сур'ёзна пашкоджана, а пасля, ужо ў мірны час, яе напаткаў лёс многіх іншых разбураных культавых пабудоў.

У пачатку ж вуліцы, бліжэй да Дзвіны, у першай палове ХІХ стаго­д­дзя была пабудавана адна з самых магутных у горадзе сінагог — Вялікая Харальная, альбо Хабадніцэ. У народзе яе таксама называлі Заручаўскай па раёне знаходжання. Таўшчыня сцен дасягала двух метраў! Але гэты факт не перашкодзіў багаборчым уладам узарваць святыню. Адзін з віцебскіх старажылаў узгадваў, як дзецьмі капаліся на гэтым месцы і знаходзілі… французскія шэўроны з 1812-га…

Аб'яднанні прафесіяналаў

Адзін з самых каларытных будынкаў па вуліцы Калініна — № 4. Яго з 1958 года займае абласное аб'яднанне прафсаюзаў. У структуру, якой кіруе Іван Вазміцель, летась пераабраны на новы тэрмін, уваходзяць 14 абласных камітэтаў, 87 галіновых гаркамаў і райкамаў, 23 раённыя і гарадскія аб'яднанні.

А вось у доме №14а (самы малады і сучасны на вуліцы) размясцілася Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў. Яна аб'ядноўвае гаспадароў і кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія зацікаўлены ў развіцці прадпрымальніцтва і эканамічных свабод у краіне. Старшынёй з'яўляецца генеральны дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Альянспласт» Мікалай Сілінаў, а ганаровым старшынёй — генеральны дырэктар холдынга «Марка» Мікалай Мартынаў.

«Папяровых спраў» знаўцы

На ўзгорку напрыканцы вуліцы, у доме № 22, размясціўся Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Гэта надзвычай важная ўстанова была створана яшчэ ў даваенным 1938 годзе на базе Віцебскага аддзела Цэнтральнага архіў­нага ўпраўлення БССР. Тут захоўваюцца дакументы з часоў усталявання ў рэгіёне савецкай улады ў 1917 годзе. Перад акупацыяй, у 1941-м, фонды не паспелі вывезці ў эвакуацыю. Пры адступленні немцы спрабавалі забраць архіўныя матэрыялы, аднак ужо за межамі Беларусі цягнік адбілі нашы вайскоўцы, і каштоўныя паперы вярнуліся да месца свайго пастаяннага захоўвання.

У сучасным будынку ўстанова працуе з часу яго ўзвядзення ў 1963 годзе. Яе дырэктар Таццяна Свістунова адзначае, што сёння ў архіве больш за 1,3 мільёна адзінак захоўвання. Ён абслугоўвае Віцебск, а таксама Віцебскі, Бешанковіцкі, Гарадоцкі, Лёзненскі, Чашніцкі і Шумілінскі раёны. Вялікую цікавасць для краязнаўцаў уяўляюць фонды віцебскіх народнай кансерваторыі, народнай мас­тацкай школы і краязнаўчага музея.

У будынку побач размясцілася заснаваная ў 1923 годзе Першая Віцебская натарыяльная кантора. Тут вам параяць, што зрабіць з той ці іншай маёмасцю, як правільна яе аформіць, падарыць, завяшчаць. Спецыялісты дадуць прафе­сійныя парады ад вызначэння права на спадчыну да заключэння шлюбных дамоваў. Загадчык канторы Ірына Каваленка лічыць, што асноўная місія службы — папярэджанне грамадска-прававых спрэчак, вырашэнне тых пытанняў, якія патэнцыяльна могуць перарасці ў канфлікт і выклікаць судовае разбіральніцтва. Як жартуюць юрысты, «калі спрэчкі нараджаюць суддзяў, дык нежаданне спрачацца — натарыусаў».

«Вузкі» дом і кузня спецыялістаў

Дом № 14 (вузкі, як часта называюць яго гараджане) выклікае цікавасць сваёй незвычайнай архітэктурай. Адна з яго бакавых сцен амаль удвая вузейшая за супрацьлеглую. Сёння ўжо цяжка сказаць, чым кіраваліся дойліды мінулага. У савецкія часы тут размяшчалася гарадское адраснае бюро. Яно працавала кругласутачна (!) і выдавала даведкі аб прапісцы і выпісцы грамадзян, што пражывалі на тэрыторыі вобласці. Прычым запыты дасылалі ці звярталіся асабіста як установы, так і простыя грамадзяне. Сёння тут Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Медыцынскай службы дэпартамента фінансаў і тылу па Віцебскай вобласці Міністэрства ўнутраных спраў.

Цікавасць выклікае і шаснаццаты дом. Ён быў жылы, на першым паверсе ў 1974 годзе адкрылі гарадскую станцыю юных тэхнікаў. Яна аб'ядноўвала віцебскія гурткі радыёспорту, авія-, ракета-, судамадэлістаў, картэнгістаў, кіна-, фотааператараў і іншых цікаўных школьнікаў. Лепшыя мадэлі і канструкцыі экспанаваліся на ВДНГ БССР і Савецкага Саюза. У 1995 годзе рашэннем гарвыканкама на базе станцыі і клуба «Авіятар» створаны гарадскі цэнтр дзіцячай творчасці, цяперашні цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які сёння займае куды больш камфартабельныя будынкі…

Пад крылом МУС

Таксама на вуліцы знаходзіцца і вядомая ўсім гараджанам «міліцэйская паліклініка». Яна месціцца ў старажытным доме пад № 5. У гэтай установе прадастаўляюць шырокі спектр медыцынскіх паслуг. У ёй абслугоўваюць супрацоўнікаў МНС, Следчага камітэта, органаў унутраных спраў і гэтак далей, а таксама членаў іх сем'яў. Астатнія грамадзяне могуць звяртацца сюды на платнай аснове.

Побач, у іншым старадаўнім доме, — упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Віцебскай вобласці.

Ці быць музею Пэна?

Ну і як жа абысці ўвагай пабудову пад першым парадкавым нумарам, якая асобна занесена ў «Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебска» разам з забудовай вуліцы Калініна (дамы №№ 3, 5, 14 і 20)! Доўгі час тут быў гарадскі радыётрансляцыйны вузел. Тут ужо даўно плануюць зрабіць музей Юдэля Пэна — настаўніка Марка Шагала. Цікавы факт: да рэвалюцыі у будынку была яўрэйская школа (хедэр), у якой якраз вучыўся будучы сусветна вядомы мастак.

Усе ў парк!

Бліжэй да Дзвіны ў даўнія часы пралягала Ніжне-Набярэжная вуліца. Ад яе зараз ужо не засталося аніякага следу. У савецкія часы тут была адна з распаўсюджаных тады танцавальных пляцовак і сквер імя Калініна.

У 2010-м да 65-годдзя Вялікай Перамогі стварылі парк Пераможцаў. На плошчы 4 гектара ёсць Алея вайсковай славы з узорамі баявой тэхнікі, парашутная вышка, атракцыёны і аб'екты грамадскага харчавання. Асабліва тут ажыўлена ў час «Славянскага базару ў Віцебску», калі свае намёты выстаўляюць прадпрыемствы спажыўкааперацыі з раёнаў. Праўда, хацелася б, каб парк адпавядаў свайму прызначэнню і ў летнюю спёку тут было б магчыма схавацца ад сонечных промняў.

Верыцца, што неўзабаве тут з'явіцца і кола агляду, якое дазволіць гара­джанам і гасцям убачыць з вышыні, які ж ён усё ж такі прыгожы, наш старажытны і вечна юны Віцебск!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.