Езярышча. Паўночнымі варотамі Беларусі называюць гэта старажытнае мястэчка на беразе аднайменнага возера Крокі гісторыі

logo
Воскресенье, 17.05.2020 09:26 | Рубрика: Год народного единства
02588

Упершыню Езярышча (Азярышча) згадваецца ў апошняй чвэрці ХІV стагоддзя як уладанне ўдавы вялікага князя Літоўскага Альгерда — Ульяны — на беразе аднайменнага возера. Азяры­шча і воласць згадваюцца і ў пазнейшых дакументах. У XVI стагоддзі паселішчу нададзены статус мястэчка.

На выспе возера, да якой можна дайсці, крыху замачыўшы ногі, за тры кіламетры ад паселішча, месціцца старое гара­дзішча, на якім захавалася частка вала былога замка. У Сярэднявеччы ён меў значныя ўмацаванні, разам з полацкім панаваў над усім краем і неаднойчы знішчаўся. У Лівонскую вайну ўмацаванні былі разбураны маскоўскім войскам і больш не аднаўляліся.

Мясцовыя насельнікі, праўда, сцвярджаюць, што на возеры меліся яшчэ, прынамсі, два замкі, а многія з амаль дваццаці выспаў былі ў свой час заселеныя.

Захавалася ў краі багата паданняў ды ўспамінаў. Напрыклад, адна мясцовая жыхарка прыгадала, як дзядуля распавядаў пра свой паход на гарадзішча, дзе, як казалі, схаваны скарб. Пайшоў па амаль засыпаным праходзе, але раптам яму здалося, што пачуліся нечыя крокі: мабыць, даўно памерлага чарадзея. Дзядуля распавёў знаёмым пра свае прыгоды, і пэўны час пасля гэтага не адважваліся пасвіць на выспе кароў.

Былая раённая сталіца

Вядома, што да рэвалюцыі ў мястэчку функцыянавала пачатковая школа, а вось культурнае жыццё было наладжана кепска, адсутнічала і бальніца. 1920-я гады надалі новы імпульс развіццю населенага пункта. Цікавы факт: да 1962-га Езярышча было цэнтрам раёна. Але ён да 1957-га называўся… Мехаўскі (ад імя населенага пункта непадалёк). У тым жа годзе Езярышча стала гарадскім пасёлкам. Цяпер гэта тэрыторыя ў складзе Гарадоцкага раёна. Праз Езярышча ў пачатку ХХ стагоддзя прайшла чыгунка на Санкт-Пецярбург. Зараз два разы на дзень курсіруе пасажырскі цягнік Віцебск — Езярышча. Хто пажадае, можа скарыстацца аўтобусам Віцебск — Вялікія Лукі. Адразу за мястэчкам пачынаецца тэрыторыя Ра­сійскай Федэрацыі. Гэты факт абумоўлівае цесныя сувязі з дзяржавай-суседкай. Хтосьці ездзіць на працу, хтосьці — на шопінг. Хаця з гандлем у пасёлку больш-менш усё добра. На цэнтральнай плошчы мяс­тэчка існуюць свае кропкі, да якіх па пятніцах дадаецца міні-рынак. Сваю прадукцыю рэалізуюць «Мяскавіт» і «Ганна», прад­пры­емствы грамадскага харчавання.

Горкі след вайны

Вялікая Айчынная закранула кожнага жыхара Езярышча. У сваім новым праекце «Абеліск ля дарогі» «Віцьбічы» ўжо падрабязна распавядалі пра гісторыю помніка на мемарыяльных могілках у цэнтры пасёлка. Гэта танк Т-70, дзе ў брацкай магіле знайшоў вечны спачын і камандзір 139-й танкавай брыгады 1-га танкавага корпуса Сямён Хайдукоў.

Калі фашысты толькі акупіравалі мяс­тэчка, яны арганізавалі ў месцы масавага пражывання яўрэйскага насельніцтва гета. Людзі жылі ў цяжкіх умовах, паміралі ад голаду, холаду і хвароб. Неў­забаве ўсе жыхары гета былі знішчаны. Як сведчылі відавочцы, некаторых ахвяр закопвалі яшчэ жывымі… Зараз на месцы расстрэлу ўсталяваны мемарыяльны знак з надпісамі на беларускай, яўрэйскай і англійскай мовах.

Тут ёсць таксама помнік на магіле забітых фашыстамі камсамольцаў-партызан.

У час Гарадоцкай аперацыі пад Езярышчам знаходзілася стаўка камандуючага 1-м Прыбалтыйскім фронтам Івана Баграмяна. Гэты таленавіты палкаводзец аказаўся і вельмі чулым чалавекам. Ён паставіў на забеспячэнне навакольных беспрытульных дзяцей і фактычна заснаваў дзіцячы дом, які дзесяцігоддзі гасцінна прымаў сірот. І пасля вайны маршал аказваў установе усебаковую падтрымку.

Беларускі «полюс холаду»

З 1926 года ў мястэчку функцыянуе метэастанцыя. Калі зазірнуў у гэту цікавую ўстанову, мяне сустрэла тэхнік-метэаролаг Наталля Дзярыбіна. Наталля Сяргееўна працуе тут ужо 16 гадоў. Канешне, цяперашняя зіма нават на поўначы Беларусі была зусім не марознай, часта даводзілася фіксаваць плюсавыя тэмпературы. А вось некалькі сакавіцкіх дзён прынеслі марозы. Напрыклад, уначы 24 сакавіка было мінус 9,5 градуса. Прыходзіцца толькі прыгадваць мінулыя зімы. Так, у студзені 2000 года маразы сягалі да 35 градусаў, у сакавіку 1987-га — больш за 36. Самы ж вялікі холад быў зафіксаваны ў даваенным 1940-м — мінус 42 градусы.

Не старэюць душой старажылы

На пачатак года ў гарадскім пасёлку на 696 гаспадарак было 1312 жыхароў, у тым ліку 505 пенсіянераў.

Езярышча дало свету багата цікавых людзей, якія любяць сваё мястэчка і шмат пра яго ведаюць.

Напрыклад, былы старшыня суда Верхнядзвінскага раёна заслужаны юрыст Беларусі Вячаслаў Якімаў пры­свячае сваёй малой радзіме нават літаратурныя творы. Нядаўна ён выдаў кнігу «Азярышча», дзе праследжвае гісторыю мястэчка з сівой мінуўшчыны да нашых дзён, робіць экскурсы ў беларускую міфалогію. Прычым свае творы Вячаслаў Васільевіч піша на сакавітай роднай мове, цудоўна ёй валодае. Ён упэўнены, што мы маем такую мінуўшчыну, якой трэба ганарыцца.

Знакавай асобай з'яўляецца Ніна Падмазава. На працягу доўгіх гадоў Ніна Ягораўна ўзначальвала школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Гэта ўстанова пасля расфарміравання Езярышчанскага раёна заняла будынак райвыканкама. І зараз на суст­рэчы выпускнікоў прыязджаюць людзі нават з-за межаў Беларусі. І сёння былы дырэктар не стаіць убаку ад грамадскага жыцця і ўзначальвае ветэранскую арганізацыю пасёлка.

Вольга Казлова працавала ў мясцовым швейным цэху камбіната бытавога абслугоўвання. Вольга Арыянаўна ўра­джэнка Магілёўшчыны, але лёс даўно ўжо звязаў яе з Езярышчам. 36 гадоў працавала на швейнай вытворчасці. Заказы да знанай майстрыхі ішлі з усіх куткоў. Быў цікавы выпадак, калі мясцовыя турысты прывезлі з Масквы нейкія набытыя вырабы. І якое ж было здзіўленне, калі ім паказалі цэтлік з надпісам «БССР. Езярышча». Нягледзячы на паважаны ўзрост, Вольга Арыянаўна не любіць сядзець склаўшы рукі і нават у дзень майго прыезду скарыстала вольную хвілінку і добрае надвор'е, каб пазавіхацца ва ўласным агародзе.

У Езярышчы нарадзіўся і апеў яго ў сваіх творах знаны мастак Валерый Лябёдка. Пейзаж «Восеньскія разлівы. Рыбацкае Езярышча» чарговы раз нагадвае, што пасёлак размешчаны на адным з самых вялікіх на Віцебшчыне азёр. Сёння Валерый Канстанцінавіч — дэкан факультэта жывапісу Маскоўскага сацыяльна-педагагічнага інстытута.

І хай даруюць мне іншыя паважаныя мясцовыя жыхары — змясціць нават прозвішчы якіх не хопіць газетнай плошчы.

«Моладзевы прарыў»


Езярышча на працягу некалькіх гадоў было адной з нефармальных сталіц беларускай рок-музыкі. Тут з 1999-га праводзіўся фестываль «Моладзевы прарыў». Ініцыятарамі маштабнага мера­прыемства стала мясцовая моладзь, якую ўзначалілі работнікі Дома культуры на чале з яго мастацкім кіраўніком, а пасля і дырэктарам Сяргеем Кірэевым. Гэты няўрымслівы чалавек у свой час з наваполацкім гуртом «Колеры» аб'ехаў не толькі неабсяжныя абшары былога Саюза, але і два тыдні выступаў на Кубе. Ён здолеў узняць культурнае жыццё рэгіёна да вельмі якаснага ўзроўню. На фестываль прыязджалі выканаўцы не толькі з усёй вобласці, але нават з Мінска і Падмаскоўя. Самы вялікі дэсант рок-гуртоў традыцыйна высаджваўся з Віцебска, дзе зараз пра падобную імпрэзу можна толькі марыць.

У чаканні адраджэння


Жыхары Езярышча цешацца пера­ўтварэннямі апошніх гадоў, калі гарадскі пасёлак увайшоў у рэгіянальную праграму па добраўпарадкаванні. Так, капітальна адрамантаваны жылыя шматпавярховыя дамы. Таксама пераўтварыліся дзіцячыя ўстановы адукацыі. У пачатку гэтага навучальнага года ў прысутнасці раённай і абласной улады ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі мясцовую школу. А праз месяц — шматфункцыянальны спартыўны комплекс з пляцоўкай з штучным пакрыццём і прыладамі для заняткаў варкаўтам. Таксама мадэрнізаваны і дзіцячы сад, праведзены рамонт Дома культуры і іншых аб'ектаў. Жыхары аднаго толькі жадаюць: каб былі даведзены да ладу тутэйшыя дарогі.

Людзі спадзяюцца, што пераўтварэнне малой радзімы дасць імпульс для дзелавой актыўнасці, прывабіць патэнцыяльных інвестараў — і жыццё ў пасёлку палепшыцца. Гэта хвалюе жыхароў, відаць, больш за ўсё. Немалаважна і тое, што па тым, як выглядаюць памежныя населеныя пункты, у гасцей складваецца першае ўражанне пра нашу краіну.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.