Хлебапёк з Ушачаў: «У кожны заказ укладаю паперку з вершамі пра Радзіму, жыццё»

logo
Понедельник, 21.02.2022 08:31 | Рубрика: Год исторической памяти
0939
Калi жыццё рэзка мяняецца, то абавязкова да лепшага. Цяпер гэта дакладна ведае Людмiла Дунец — хлебапёк з Ушачаў. І хоць пякарскi стаж майстра ўсяго два гады, жанчына пераканана, што гэта i ёсць яе галоўнае прызначэнне на гэтай зямлi. Але пра ўсё па парадку.



Людміла заўжды любіла гатаваць. З задавальненнем пякла для дзяцей, старалася выбіраць натуральныя прадукты. Часта ўспамінала духмяныя бабуліны пірагі з печы ды малако ад уласнай кароўкі. Колькі жыла, адчувала, што толькі сваё, самабытнае, праверанае часам можа быць карысным для цела і душы. У прынцыповую жыццёвую пазіцыю гэтыя адчуванні аформіліся, калі жанчына разам з дзеткамі вярнулася з Віцебска на малую радзіму — ва Ушачы. Прыйшлося памяняць усё — прафесію, звычкі, лад жыцця. А аднойчы яна трапіла на майстар-клас па выпечцы хлеба на заквасцы…

— Я захапілася гэтай ідэяй, купіла сухую закваску і пачала пячы свой хлеб — рыхлы, духмяны, смачны. Здавалася, усё атрымліваецца. Ва ўсялякім разе, я была сабой задаволеная — карміла дзяцей, сяброў частавала ўласным натуральным прадуктам, — расказвае Людміла.

Але праз паўгода жанчына адчула, што трэба развівацца далей, стала шукаць інфармацыю ў інтэрнэце і зразумела, што ўсё рабіла няправільна. Пасля чарговага майстар-класа вырашыла вывесці ўласную закваску. На гэта спатрэбіўся цэлы тыдзень. Усё атрымалася.

— Так у сям’і з’явілася трэцяе «дзіця», якое таксама патрабуе пастаяннай увагі, клопату і любові, — кажа Людміла пра закваску. — Без любові наогул хлеба не спячы.
З першай буханкі на ўласнай заквасцы і пачалася кар’ера хлебапёка Людмілы Дунец. Сёння ў яе скарбонцы ўжо больш за 20 гатункаў хлеба, 6 з якіх пячэ рэгулярна. Часцей за ўсё гэта здараецца ў выхадныя, святы і па начах. Асабліва горача бывае перад кірмашамі, калі трэба прыгатаваць вялікую партыю. Іншым разам на сон выпадае гадзіны дзве.

Каб прапаноўваць свой прадукт людзям, Людміла аформіла самазанятасць. Паступова сфарміравалася і кола пастаянных кліентаў. Некаторыя поўнасцю перайшлі на натуральны прадукт, іншыя купляюць Людмілін хлеб як ласунак, каб пачаставаць гасцей. Усе, хто хоць раз спрабаваў духмяны порысты мяккі хлеб, ужо не забудуць яго смак. А ў рэцэпце часта толькі мука, соль ды крынічная вада. Неверагодны водар булкі набываюць за кошт працяглага браджэння. Адсюль жа і карысць для арганізма. Справа ў тым, што глютэнавы індэкс у працэсе закісання спрашчаецца, крухмал распадаецца да простых цукраў. Заквасачны хлеб хутчэй насычае, яго можна не баяцца нават тым, хто сочыць за фігурай.


Людміла практычна не выкарыстоўвае пшанічную муку вышэйшага гатунку, аддае перавагу суцэльназерневай, жытнёвай. Робіць міксы. У ход ідуць разнастайныя дабаўкі: лён, семачкі, мёд і нават яблычнае пюрэ. Па самых прыблізных падліках за мінулы год жанчына спякла каля дзвюх тысяч боханаў хлеба.

Хлебапёк пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, літаральна не вылазіць з разнастайных курсаў і майстар-класаў. Чым больш вучыцца, тым выразней разумее, якая гэта неабсяжная тэма — хлеб. І ў матэрыяльным, і ў духоўным сэнсе. Марыць адкрыць уласную невялікую пякарню. І не толькі для таго, каб зарабляць.

— Я вывучаю гісторыю хлеба, традыцыі беларусаў і хачу дзяліцца сваімі ведамі з людзьмі, — прызнаецца Людміла Дунец.

Свой інстаграм яна вядзе пад слоганам «Традыцыя. Паэзія. Зямля». Вялікая прыхільніца Рыгора Барадуліна, Людміла ў кожны заказ укладае паперку з вершамі славутага паэта пра радзіму, жыццё, хлеб. Пільна сочыць, каб пастаянным кліентам не трапляліся аднолькавыя вершы. Тут да месца будзе сказаць, што Людміла Дунец працуе кіраўніком народнага клуба творчых сустрэч «Муза», гуртуе вакол сябе творчых людзей. Сама выдатна піша. У 2019 годзе выйшаў першы зборнік вершаў «Женщина и птица». Ёсць матэрыялы і яшчэ на адну кнігу.


У сваіх марах Людміла выразна бачыць, як у яе будучую пякарню з самай раніцы ідуць людзі, каб купіць свежага хлеба да сняданка. А ў чэках апроч сумы за пакупку будуць і цытаты беларускіх паэтаў. Яна і назву брэнда прыдумала — «Жыта жыцця». Хіба ж можна сказаць лепш, як Рыгор Барадулін — славуты зямляк хлебапёка? 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота з архіва Людмілы ДУНЕЦ.