Ад купецкага палаца да «Саюздруку»: расказваем гісторыю будынка на перакрыжаванні вуліц «Праўды» і Багдана Хмяльніцкага

logo
Вторник, 08.11.2022 09:57 | Рубрика: Год исторической памяти
0828
Гэты цікавы дом на перакрыжаванні вуліц «Праўды» і Багдана Хмяльніцкага прыцягвае ўвагу сваёй незвычайнай архітэктурай, нават нагадвае нейкі казачны замак у мініяцюры.




Будынак быў узведзены купцом Левінсонам напрыканцы XIX стагоддзя на тагачаснай вуліцы Духаўской. Забудова была здзейснена згодна з традыцыйнымі патрабаваннямі таго часу: жылы верхні паверх і гандлёвыя ды гаспадарчыя памяшканні ўнізе.

З пачаткам Першай сусветнай вайны ў будынку знаходзіліся розныя вайсковыя часці. У 1920-х тут размяшчаліся спачатку школа міліцыянераў, а затым губернскі крымінальны вышук і камандныя курсы праваахоўчых органаў. У 1923 годзе спадчыннікі былога гаспадара звярнуліся да гарадской улады з просьбай вярнуць маёмасць, але атрымалі адмову. Будынак стаў лічыцца камунальнай уласнасцю. Да Вялікай Айчыннай вайны тут знахо­дзіліся камандныя міліцэйскія курсы.


У час ваеннага ліхалецця будынак у адрозненне ад суседніх пацярпеў не вельмі сур’ёзна. Неўзабаве ён быў перададзены абласному суду для аднаўлення. Але будаўнічыя работы так і не пачаліся, і ў 1951 годзе дом перадалі вучэбна-вытворчаму камбінату глуханямых. У ім размясціліся чырвоны куток, швейная майстэрня, а таксама цэх па рамонце абутку.

У 1999 годзе гаспадаром гістарычнай каштоўнасці стала Віцебскае дзяржаўнае аптова-рознічнае прадпрыемства «Белсаюздрук». У 2003-м у будынку быў зроблены капітальны рамонт. Пры гэтым некалькі змянілі яго архітэктурнае аблічча. У прыватнасці, будынак быў атынкаваны, над дзвярнымі праёмамі ўсталяваны карнізы, на другім паверсе зрабілі балкон. Варта абавязкова адзначыць, што, нягледзячы на ўсё гэта, удалося захаваць агульную тэндэнцыю пластычнага вырашэння фасадаў, якая была характэрна для віцебскай архітэктурнай школы канца XIX стагоддзя.

Некалькі гадоў таму адбылася рэарганізацыя, і цяпер гэта Віцебскі філіял гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белсаюздрук». Усімі згаданымі дадзенымі я дзялюся дзякуючы яго дырэктару Людміле Гайдук. У свой час Людміла Віктараўна вельмі зацікавілася «жыццяпісам» гэтага будынка і ўзяла ў архіве гістарычную даведку. Аказалася, што гэтыя тоўстыя муры шмат чаго ведаюць.

Самае галоўнае, што працаваць за імі камфортна і самому кіраўніку, і яе дружнаму калектыву. Зараз прадпрыемства пераадольвае пэўныя цяжкасці, але яго каманда ўпэўнена глядзіць у будучыню.

Дарэчы, Віцебшчына ў свой час стала першым рэгіёнам, дзе ўсе кіёскі і павільёны перайшлі на камп’ютарнае абсталяванне з праграмай аналізу і ўліку дадзеных. Інфармацыю адсочвае цэнтр у рэжыме онлайн. Гэта дазваляе размеркаваць патокі неабходных тавараў паміж гандлёвымі аб’ектамі ў залежнасці ад попыту.

Людміла Гайдук асабліва адзначае, што друкаваныя выданні па-ранейшаму маюць свайго чытача. У агульным таваразвароце іх доля складае каля 20 працэнтаў. Ведаю пэўную катэгорыю чытачоў «Віцьбічаў», для якіх менавіта такі спосаб набыцця газеты найбольш звыклы. Таму — да новых сустрэч праз надзейнага пасрэдніка, які злучае мінулае і сучаснасць.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.