У Лепельскім раёне адбыўся першы пробны выезд камбайнаў на жніво

logo
Понедельник, 27.07.2020 09:34 | Рубрика: Экономика
02085

Пробны выезд камбайнаў на жніво вырашылі зрабіць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Лепельскі райаграсэрвіс”, якое з нядаўняга часу гаспадарыць на землях былога ААТ “Лядна”.

Толькі непасрэдна ў працы можна выявіць схаваныя дэфекты, недаробкі ў тэхніцы, пралікі ў арганізацыі працэсу, і зараз ёсць час зрабіць гэта, правесці, так бы мовіць, работу над памылкамі, каб у далейшым збояў не дапускаць.

У пятніцу на поле выправіліся камбайны механізатараў Сяргая Маліноўскага і Аляксандра Багдановіча. Літаральна на першай жа сотне метраў у камбайне Сяргея здарылася паломка, парваўся рэмень прываду абмалотнага барабана. Намалаціўшы пару цэнтнераў, камбайн рушыў назад на мехдвор.

Камбайн Аляксандра працягваў спакойна, планамерна працаваць. У бункер засыпалася тона збожжа, другая, трэцяя. Запоўніўшы, выгрузіў намалот у МАЗ вадзіцеля Аляксандра Лукіна, а сам пайшоў на другі круг.

-- Як сёлета першая збажына? – пытаюся ў камбайнера пасля таго, як ён намалаціў і выгрузіў другі бункер.

-- Нармальна. Месцамі пшаніца вельмі выдатная, месцамі – не дужа, пустазелле ўсё ж такі прабіваецца.

-- Колькі бункераў сёння плануеш яшчэ намалаціць?

-- На сёння досыць. Я сваю тэхніку выпрабаваў, няхай цяпер астатні ланцужок сваё адпрацуе: вадзіцель, склады, млыны.

Першае збожжа было змелена і пайшло на папаўненне кармавога рацыёну жывёлы.

Сёлетняя ўборачная кампанія на Лепельшчыне прадбачыцца даволі напружанай. Непасрэдна ў сельгасарганізацыях недастаткова ўласных сродкаў для масавага абнаўлення тэхнікі, мала хто можа набыць трактар, шлейф абсталявання да яго, а тым больш – камбайн. Сярэдні ўзрост збожжаўборачнай тэхнікі каля васьмі-дзесяці гадоў. Пад час уборачнай кампаніі камбайны эксплуатуюцца настолькі інтэнсіўна, што пасля дзесяці сезонаў некаторым патрабуецца капітальны рамонт. І ў такіх умовах асаблівая роля кладзецца на механізатараў, на іх вопыт, іх уменне, на іх культуру працы. Камбайнеры ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”, вадзіцелі якраз і паказваюць узоры самага адказнага стаўлення да працы і даручанай ім тэхнікі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Васіль МАТЫРКА. Фота аўтара.