«У каго сынкі, той пячэ блінкі. А ў каго дочкі, той ходзіць без сарочкі». Па слядах народнай мудрасці

logo
Четверг, 13.10.2022 08:51 | Рубрика: Мнения
05619
Маё дзіця з’ездзіла да бабулі ў госці і прывезла дамоў добры апетыт і трапнае бабуліна слова. Цяпер выразы тыпу «не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць», «дай Божа і нашаму цяляці ваўка спаймаці» і да таго падобныя асаблівым чынам аздобілі яго маўленне.


Дзяцей, як і дарослых, прываблівае лаканічнасць і метафарычнасць устойлівых выразаў, прыказак і прымавак. Іх ужыванне робіць мову насычанай, выказванні — трапнымі, а мысленне — глыбокім і развітым.

Сапраўды, можна доўга нешта тлумачыць, скажам, пра ўладкаванне сям’і, а можна сказаць што-небудзь накшталт: «Усе мужыкі з адной мукі», «Зяць любіць узяць», «У каго сынкі, той пячэ блінкі. А ў каго дочкі, той ходзіць без сарочкі», «Жонка не бот — не скінеш», «Хату мяці, а шуму вон не нясі», «Не піў бы, не еў бы, на жонку глядзеў бы».

Як правіла, з народнай мудрасцю цяжка спрачацца, носьбіт трапнага слова бывае надзвычай пераканаўчым. А беларуская мова акумулявала, зберагла і данесла да нас мудрасць, разважлівасць, памяркоўнасць і нейкі асаблівы погляд на жыццё нашых продкаў. «Чужыя грахі перад вачыма, а свае за плячыма», «Малы жук, ды вялікі гук», «На чыім вазку едзеш, таму і песенькі спявай», «Вары ваду, вада і будзе», «Не радуйся чужой бядзе, бо свая ззаду ідзе», «Як чорта ні хрысці, а ён усё роўна кажа: «У балота пусці», «Калі кажуць «не», то хочацца ўдвайне», «Мазалёваю працай не збудуеш палацаў» — хіба гэта народная філасофія хоць на кроплю страціла сваёй актуальнасцi?

Не спускаў беларус гультайства, несумленнасці, прыстасаванства, залішняй важнасці: «Убраўся ў жупан і думае, што пан», «І царыца — варона, калі спадзе карона», «Вырас да неба, а дурань як трэба», «Грозны рак, ды дзе ў яго вочы?», «Маладзец супраць авец, а супраць малайца — сам аўца», «Няхай лепш разумны паганіць, чым дурны пахваліць», «Гультаю — хлеб на кію», «Языком у Вільні, а галавою за печчу».

А пра любоў да роднага краю хіба скажаш лепш: «У сваёй хаце і качарга — маці», «У родным краю, як у раю», «На Беларусі пчолы, як гусі», «Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне».

Здараецца, мы выкарыстоўваем даслоўны пераклад рускіх фразеалагізмаў, але ж многім з іх ёсць выдатныя, не менш трапныя адпаведнікі і ў нашай мове: «Бог видит, кто кого обидит» — «Бог не цяля, бачыць круцяля», «В тихом омуте черти водятся» — «Цiхая свiння глыбока рые», «Век живи — век учись» — «Будзем вучыцца, пакуль смерць лучыцца», «Взялся за гуж — не говори, что не дюж» — «Калi ўлез у дугу — не кажы «не магу», «Всяк молодец на свой образец» — «Усякi гад на свой лад», «Мягко стелет, да жестко спать» — «На вуснах — мёд, а на сэрцы — лёд», «Ни жив, ни мертв» — «Hi сняты, нi павешаны», «Пьяному море по колено» — «П’янаму і козы ў золаце», «Слышал звон, да не знает, где он» — «Гавораць, гамоняць, ды не ведаюць, дзе звоняць», «Снявши голову, по волосам не плачут» — «Дзе прапала кароўка, там няхай і вяроўка». Прыемных усім размоў!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.