Вечная спрэчка: ці ёсць доўг у дзяцей перад уласнымі бацькамі?

logo
Пятница, 30.10.2020 09:29 | Рубрика: Мысли вслух
02487

Даволі часта чую развагі пра доўг, які ёсць у дзяцей перад уласнымі бацькамі. Хочацца ўсё ж разабрацца, што гэта за даўгі, як і калі іх аддаваць, ці магчыма не браць у доўг наогул, і наколькі гарманічным можа быць жыццё з пастаяннай пазыкай.

Атрымліваецца прыкладна так: бацькі шмат даюць дзецям з самага нараджэння, тыя «бессаромна» бяруць, а потым наступае нейкі ўзрост, калі прыходзіць чарга гэтыя даўгі вяртаць.

«Выбіванне даўгоў» сур’ёзна азмрочвае жыццё ўжо дарослым дзецям ды і самім бацькам, якія перайшлі ў катэгорыю бабуляў і дзядуляў.

Чаму няма супакою, чаму здаецца, што любоў і клопат ужо дарослых дзяцей несупастаўныя з усім тым, што далі ім бацькі ў дзяцінстве? Навошта ім гэта невычэрпнае пачуццё віны, недавыкананага доўгу, які і выканаць у поўнай меры немагчыма? Вы далі дзецям жыццё – хіба можна за гэта неяк «расплаціцца»?

Ніхто не стане спрачацца з тым, што бацькоўства патрабуе вялікіх намаганняў. Праславутыя бяссонныя ночы, несканчоныя клопаты і перажыванні. Гэта адказнасць, побач з якой нічога нельга паставіць. Толькі хіба гэта ахвяра? Хіба дзіця мы нараджаем не для ўласнага шчасця? «Зарплату і прэмію» за гэту працу ёсць магчымасць атрымліваць адразу ж. Малы ўсміхаецца, агукае, смачна пахне – ён не стамляецца радаваць бацькоў, тым самым «апраўдваючы» ўсе іх клопаты. Галоўнае – прыняць гэту ўдзячнасць, не прайсці міма, ацаніць.

Усё міне, а маленькімі нашы дзеці будуць толькі аднойчы. Трэба паспець на іх наглядзецца, нацешыцца іх маленькай ручкай у сваіх далонях, іх першым крокам, першым каханнем. Адно імгненне – і ім ужо не патрэбна наша калыханка на ноч, наша «пабудзь са мной, пакуль я не засну».

Калі вас не было побач з дзіцяці ў гэты момант, калі вы ўсё прапусцілі, недаатрымалі таго, што ніколі ўжо не паўторыцца, скажам, займаліся кар’ерай, то можа з’явіцца адчуванне, што вас падманулі, што дарослыя дзеці штосьці вам не вярнулі, завінаваціліся. Дарэчы, каб прайсці міма, мама і неабавязкова павінна быць занятая кар’ерай. Яна можа быць побач, але за гатаваннем, прыбіраннем, сацыяльнымі сеткамі, тэлевізарам і размовамі з сяброўкамі не заўважыць, не ацаніць таго, што можа ёй даць дзіця. Не ўспрымаць яго як паўнацэннага партнёра, з якім таксама можа быць цікава.

Чапляцца за кожную травінку, катацца разам з ледзяной горкі, гуляць у тэатр ценяў, будаваць шалаш з коўдраў, карміць птушак, хадзіць па лужах, рамантаваць цацкі, марыць, маляваць на запацелым шкле – усё гэта сапраўды вельмі і вельмі цікава. І заняцца гэтым у нас, дарослых, ёсць магчымасць толькі тады, калі дзеці яшчэ маленькія. Гэта іх нам падарунак.

Якімі б цяжкімі не былі роды, як бы не хапала грошай, як бы няпроста не складвалася асабістае жыццё – нічога не ўстане перакрэсліць радасць мацярынства, бацькоўства. Наадварот. Усё праходзіць так хутка, і каб потым не шкадаваць, не патрабаваць ад ужо дарослых дзяцей гіперувагі да сябе, лепш прама зараз адкласці ўбок усе свае справы і пабыць з дзецьмі, пачытаць ім, паглядзець разам мульцікі, проста паваляцца, памарыць. Больш зручнага для гэтага часу, чым прама зараз, не прадставіцца ніколі. Гэта важна, гэта і ёсць любоў.

Гэтую любоў нашы дзеці павінны перадаць ужо сваім дзецям. І так бясконца. Чым больш мы ім дадзім, тым большы рэсурс дабра, душэўнай шчодрасці, умення дарыць любоў будзе ў іх распараджэнні потым. Такі бясконцы ланцужок.

І гэта зусім не абазначае адмаўлення ад састарэлых бацькоў. Усё, што звычайна маецца на ўвазе, калі гаворка ідзе пра тую самую шклянку вады, ляжыць у плоскасці нармальных чалавечых стасункаў. Калі ў сям’і панавалі гарманічныя ўзаемаадносіны, настоеныя на ўвазе, клопаце, любові, то дзіця, якое выйшла адтуль у свет, ніколі не пакіне сваіх састарэлых бацькоў. І не таму, што павінна аддаваць нейкі доўг. Проста па-іншаму немагчыма.

Фота Яндекс.Дзен.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА