У Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы на днях уведзены ў эксплуатацыю апарат камп’ютарнай тамаграфіі

logo
Понедельник, 17.05.2021 10:12 | Рубрика: Здоровье
02744

У Лепельскую раённую бальніцу набыты і ўстаноўлены сучасны апарат, нават правільней сказаць, дыягнастычны комплекс, які дапамагае хукта і дакладна паставіць дыягназ. Гэта стала магчымым, таму што некалькі месяцаў таму распачалася рэалізацыя праекта Сусветнага банка па дапамозе Беларусі ў барацьбе супраць інфекцыі COVID-19.

На адкрыцці прысутнічалі ганаровыя госці – намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка, начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі. Яны прайшлі па памяшканнях, пагутарылі з персаналам.

-- Такі апарат – адзін з першых у Віцебскай вобласці, – адзначыў Дзмітрый Чараднічэнка. – Прыемна бачыць, як умацоўваецца тэхнічная аснашчанасць устаноў аховы здароўя. Падобны апарат мы на днях увялі ў эксплуатацыю ў Браслаўскай раённай бальніцы, сёння ўводзім у Лепелі, бліжэйшым часам – у Глыбокім, такія ж апараты будуць працаваць у Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, абласным супрацьтуберкулёзным дыспансеры. Апарат магнітна-рэзананснай тэрапіі запускаем у Полацку.
З апаратам КТ у Лепелі будзе працаваць доктар Анастасія Губіч, якая спецыяльна дадаткова вучылася для гэтага ў Мінску на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

-- Камп’ютарны тамограф Siemens Somatom Go Up 64-зрэзавы, – тлумачыць Анастасія Аляксандраўна. – Гэта азначае, што за адзін праход трубкі ён выконвае 64 зрэзы. Унутры змяшчаюцца рэнтгенавыя элементы. Унікальная апаратура дае магчымасць пры меншым абпраменьванні атрымліваць больш дакладную карціну. У нас таксама ўстаноўлены комплекс , у які ўваходзяць тамограф, камп’ютарныя сістэмы, праграмнае забеспячэнне. Без любога элемента ўся сістэма непрацаздольная.

Як вядома, эфектыўнасць лячэння на 80-90 працэнтаў залежыць ад своечасовасці і дакладнасці пастаноўкі дыягназу. Апарат рэнтгена-камп’ютарнай тамаграфіі дазволіць падняць справу дыягностыкі на яшчэ большую вышыню. З яго дапамогай можна праводзіць дэтальныя абследванні органаў грудной клеткі, выяўляць лёгачныя пнеўманіі, прычым з даволі высокай дакладнасцю адрозніваць пнеўманіі бактэрыяльныя ад вірусных. У апошнім выпадку – сканцэнтроўваць увагу на лячэнні і прафілактыцы COVID-19.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Васіль МАТЫРКА, Лепель. Фота аўтара.