Адчыніць дзверы неба. Быць бліжэй да парафіян і з любоўю і малітвай даносіць да іх Божыя запаветы можна не толькі праз набажэнствы

logo
Воскресенье, 31.03.2024 09:46 | Рубрика: Религия
01523

Пры касцёле Святой Барбары ў Віцебску ксёндз Міхаіл стварыў каталіцкі тэатр, які размешчаны ў душпастарскім будынку. Памяшканні тэатра яшчэ дабудоўваюцца, але гэта не перашкаджае ставіць спектаклі з нагоды Вялікадня і ўсіх галоўных каталіцкіх свят і урачыстасцей.

Мастацтву жыцця трэба вучыцца

Тут гучаць і сярэдневяковыя п’есы, душпастыр Міхаіл можа чытаць іх у арыгінале, ён ведае лацінскую, грэчаскую, французскую, польскую мовы. Вывучаў іх ва ўніверсітэце і самастойна. 

— Старажытныя мовы трэба вывучаць, каб лепш зразумець, што хацелі данесці да людзей філосафы, багасловы праз стагоддзі і тысячагоддзі. Цяжка перадаваць сучаснымі словамі глыбіню іх думак, пры гэтым могуць страчвацца сэнсавыя адценні, арыгінал заўсёды лепшы за таленавіты пераклад, — лічыць душпастыр Міхаіл.


Монаспектаклі «Мастацтва памірання» і «Мастацтва жыцця», пастаўленыя да Светлага Уваскрэ­сення па сярэдневяковых творах дамініканскага манаха, які каталіцкай Царковой прылічаны да ліку блаславёных, дапамагаюць парафіянам лепш зразумець сэнс свайго існавання на зямлі. 

— Важна, каб людзі ўсвядомілі, што трэба сур’ёзна адносіцца да свайго жыцця і жыць так, нібыта кожны дзень — гэта апошні, — гаворыць ксёндз Міхаіл. — Каб чалавек быў гатовы да пераходу з гэтага свету ў вечнасць, каб жыць без граху, не рабіць зла, каб сэнс быў у тым, што чалавек пакідае пасля сябе на зямлі. Не марнаваць той каштоўны час, які ўцякае, бяжыць, а потым яго ўжо няма, не адкла­даць на заўтра тое, што можаш зрабіць сёння. Memento mori з латыні — «памятай аб смерці». Чаму? Можна і не паспець зрабіць тое дабро, якое павінен, і выправіць памылкі… Трэба старацца ўсе рабіць так, каб Богу падабалася, каб у любы час прадстаць прад ім чыстым ад грахоў. Калі людзі паміраюць да смерці не падрыхтаваныя, гэта аддаляе іх ад Бога. Касцёл існуе на зямлі для таго, каб дапамагчы чалавеку
пайсці ў неба і пазбегнуць пекла. 

Так як Хрыстос памёр і з мёртвых паўстаў, так і кожны чалавек пасля зямной смерці з мёртвых паўстане да жыцця вечнага. Толькі ёсць адно пытанне: да якога жыцця ўваскрэсне кожны чалавек? Да жыцця шчаслівага, без хвароб, без смерці — з Богам у небе, у раі — ці да вечных пакут у агні пякельным? Якая ў вас будзе будучыня, якое ў вас будзе жыццё пасля ўваскрэсення з мёртвых? Гэта выбірае сам чалавек у гэтым часовым зямным жыцці. Малітва, добрыя ўчынкі, выкананне Божых запаведзяў — гэтыя духоўныя рэчы дапамогуць кожнаму наблізіцца да Айца Нябеснага.


Мастацтву жыцця трэба вучыцца. Ксёндз Міхаіл гаворыць, што ёсць чатыры асноўныя моманты. Першы — трымацца ўнутранай дыстанцыі ад людзей, і расказвае, чаму. Многія людзі шукаюць таварыства для плётак, уводзяць адзін аднаго ў грэх і спакусы і тым самым ламаюць жыццё сабе і іншым. Калі лю­дзі збіраюцца разам, а сярод іх няма праведнасці, яны адзін аднаго да дабра не давядуць. Нават у сям’і часам няма павагі, бацькі хочуць усё вырашаць у жыцці за сваіх дзяцей, муж — за жонку, тым самым людзі пазбаўляюць другіх годнасці і адказнасці за свой лёс. 

Трымацца ўнутранай дыстанцыі — значыць не ўмешвацца ў тое, што цябе не датычыць. Толькі тады, калі чалавек навучыцца быць пэўны час у адзіноце і чуць Бога, ён будзе бяспечна адчуваць сябе і сярод лю­дзей. Калі чалавек будзе мець Бога ў душы, напоўніцца Божай ласкай, мудрасцю, тады ён не ўцягнецца ў грэх, а наадварот, бліжняга прывядзе да дабрыні і свету. Вось такі сэнс.

Другое правіла — адсоўваць ад сябе шкодныя вобразы, якія не ўзносяць душу да вечнага ўзнёслага хараства, а схіляюць да грэшных дум і жаданняў. Трэцяе — вызваляцца ад усяго, што можа ўнесці ў жыццё легкадумнасць, празмерную прывязанасць. Калі чалавек да кагосьці або чагосьці празмерна прывяжацца (нават да добрай справы), а гэта адымецца ў яго — сэнс жыцця страціцца. А сапраўды свет куды шырэй і можа даць чалавеку больш, чым ён думае. Таму да ўсяго трэба падыхо­дзіць з розумам. 


І чацвёртае правіла — узносіць сваю душу да Бога, ён пакажа той шлях, якім чалавек павінен ісці, трэба жыць у свядомасці прысутнаці Бога, навучыцца бачыць яго ў тым, што ён стварыў, у харастве свету, прыроды. Калі ён стварыў такі велічны неабсяжны свет, то які ж вялікі сам Бог!  


Божай апекі і ласкі!

Усё гэта ксёндз Міхаіл даносіць да парафіян і ў касцёле, і ў каталіцкім тэатры, таму што бывае, чалавек не адразу знаходзіць дарогу ў храм, яго туды трэба правесці праз іншыя шляхі. Каталіцкі тэатр — не адзінае дзецішча душпастыра Міхаіла. Ён пробашч парафіі Святой Троіцы ў Сянне. Яго час распісаны паміж Віцебскам і Сянном, таму што і ў абласным цэнтры, і ў глыбінцы душпас­тыра чакаюць парафіяне. 
Падыходзіць да завяршэння Вялікі пост у каталікоў. У нядзелю, 31 сакавіка, вернікі прыйдуць у касцёл, каб з вялікай радасцю вітаць з мёртвых паўсталага Сына Божага Езуса Хрыста, святкаваць Вялікдзень.

— Я прашу людзей: не прадавайце Езуса і Яго веру ні за якія матэрыяльныя рэчы, не адварочвайцеся ад Яго, не грашыце — уцякайце ад грахоў. Ідзіце да Бога, слухайцеся Бога, бо толькі так знойдзеце святасць жыцця. Усё пакінем на зямлі, а на Божы суд возьмем з сабой толькі малітвы і добрыя ўчынкі, якія рабілі ў жыцці на зямлі, — гаво­рыць айцец Міхаіл. — Добрыя справы — той ключ, якім ты адчыніш перад сабой дзверы неба. Нікога не крыўдзі: ні блізкіх, ні суседзяў, ні людзей, якіх сустракаеш на дарозе. Памятай, калі ты крыўдзіш чалавека, то ты крыўдзіш самога Бога! Няхай твая асабістая Кніга Жыцця, якая знаходзіцца ў Бога, будзе ўся спісана добрымі справамі. І рабіць іх трэба не толькі на вялікія святы, а заўсёды — усё сваё зямное жыццё. Калі чалавек не дапамагае састарэлым, адзінокім, хворым, бедным, абгаворвае іншых, п’янствуе, гаворыць нецэнзурныя словы, яму цяжка будзе выратаваць сваю душу, і таму такое жыццё важна перамяніць. Хрыс­тос уваскрэс і перамог смерць, а мы, лю­дзі, павінны перамагчы нашы грахі. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА. Фота аўтара.