Торжественный пуск природного газа состоялся в агрогородке Борсуки Докшицкого района

logo
Среда, 07.06.2017 17:26 | Рубрика: Официально
013193

У панядзелак у Барсуках Докшыцкага раёна адбылася самая значная падзея года ў гісторыі аграгарадка — пуск прыроднага газу. Яна ператварылася ва ўсеагульнае свята, бо блакітнае паліва — гэта камфорт, цяпло і ўтульнасць.

На святочнае мерапрыемства прыбыло шмат высокіх гасцей. Вяскоўцы з радасцю сустракалі іх на плошчы ля сель­скага Дома культуры. Газавы факел, які як бы даў дабро на газіфікацыю вёскі, запалілі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Анд­рэйчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык (на здымку).

Пасля заканчэння ўрачыстай цырымоніі святочнае мерапрыемства прадоўжылася ў Барсукоўскім СДК, дзе былі ўручаны граматы і ўдзячнасці спецыялістам, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве газа­правода, і адбыўся канцэрт. Падчас выступлення на ім Уладзімір Андрэйчанка адзначыў вялікую значнасць падзеі для аграгарадка Барсукі.

— Прэзідэнт праводзіць моцную сацыяльную палітыку, і сённяшні пуск газу — яркае таму пацвярджэнне, — сказаў ён. — У 2008 годзе пускам блакітнага паліва ў Расонах закончылася газіфікацыя ўсіх райцэнтраў і гарадоў Віцебскай вобласці. Зараз працягваецца газіфікацыя сельскіх населеных пунктаў. Гэта мерапрыемства патрабуе вельмі вялікіх выдаткаў, але яно значнае і важнае, бо здымае многія бытавыя праблемы і паляпшае жыццё людзей.

Мікалай Шарснёў правёў паралель паміж наяўнасцю блакітнага паліва і адраджэннем жыцця ў вёсцы. «Там, дзе ёсць газ, там будзе прад­прыемства, будуць жыць людзі, нараджацца дзеці, — сказаў ён, — таму пажадана, каб газіфікацыя максімальна хутка прыйшла ў кожны аграгарадок, калі мы хочам спыніць адток людзей з вёскі. Каб ажыццявіць жаданне вяскоўцаў, якое яны выказалі, калі былі на прыёме ў Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, і газіфікаваць Барсукі, спатрэбіліся намаганні многіх структур рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў. Наступным населеным пунктам стане аграгарадок Порплішча».

Для Докшыцкага раёна гістарычнай датай стала 12 студзеня 2006 года, калі ў райцэнтры газавы факел запаліў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. За адзі-наццаць гадоў, якія прайшлі з таго часу, эканамічна выгадным, экалагічна чыстым відам паліва па прымальным кошце пачалі карыстацца жыхары Докшыц і Крулеўшчыны, Бягомля і Пруднікаў, Сітцаў і Параф'янава, Крыпуль і Таргуноў, Янкоў і Гліннага. Агульная працягласць газавых сетак на сёння складае 261 кіламетр, карыстальнікамі значацца больш за пяць тысяч абанентаў.

У сваім выступленні на мерапрыемстве старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук падзякаваў высокім гасцям за вялікую ўвагу і канкрэтную дапамогу ў газіфікацыі раёна. Ён паведаміў, што ў Барсуках газ паступіць у 200 індывідуальных дамоў, некалькі шматкватэрных, зернесушыльны комплекс. Паабяцаў, што за дзяржаўны клопат аб патрэбах вяскоўцаў працаўнікі раёна адкажуць добрасумленнай працай. Шчырыя словы падзякі за дарагі падарунак у выглядзе блакітнага паліва выказалі таксама старшыня ААТ «Барсучанка» Сяргей Маскалёнак і старшыня газавага кааператыва Аляксандр Варган.

У гэты ж дзень Уладзімір Андрэйчанка, Уладзімір Патупчык і Мікалай Шарснёў наведалі таксама прадпрыемства «Віцебскаблторф» у Крулеўшчыне.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.