Зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны — важнейшы клопат органаў улады і грамадскасці

logo
Понедельник, 15.08.2016 17:42 | Рубрика: Официально
02965

Напрыканцы мінулага тыдня на Глыбоччыне праходзіла выязное пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў па тэме: «Аб рабоце, якая праводзіцца ў Віцебскай вобласці па выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Невыпадкова Глыбоцкі раён быў выбраны месцам яго правядзення — менавіта гэта і падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, адкрываючы пленарную частку пасяджэння ў Глыбокім.

Уладзімір Уладзіміравіч, у прыватнасці, адзначыў, што Глыбоччына з’яўляецца тым унікальным рэгіёнам Віцебскай вобласці, дзе праводзіцца досыць маштабная і шматвектарная работа па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дзякуючы зла­джаным, граматным дзеянням кіраўніцтва раёна, спецыялістаў адпаведных службаў, суб’ектаў гаспадарання, дэпутацкага корпуса, грамадскага актыву і духавенства тут зроблена вельмі і вельмі многа.

У рабоце пасяджэння прымалі ўдзел старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Морхат, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў.

Праграма выязнога пасяджэння была змястоўнай, насычанай і надзвычай карыснай у плане ўзбагачэння неабходнымі ведамі атрымання неацэннага вопыту, выпрацаванага на Глыбоччыне. І адным з адрасатаў, куды адразу накіраваліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння, стаў аграгарадок Празарокі — радзіма пачынальніка беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага, 155-гадовы юбілей з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем. Мясцовасць сапраўды ўнікальная і па сваёй гістарычнай састаўляючай, і па змесце ўсяго, што зроблена тут на ніве адраджэння, зберажэння і папаўнення гістарычнай спадчыны.

Празарокі — не проста звычайны населены пункт. Сёння з поўным правам мы можам гаварыць аб фармираванні ў гэтай мясцовасці ўнікальнага гісторыка-культурнага асяродку. І створаны ён пры непасрэднай падтрымцы раённай улады, намаганнямі людзей творчых, неардынарных, з неўтаймаванай энергіяй, шчырых, апантаных патрыётаў роднага краю. Гаворачы пра такіх, у першую чаргу маю на ўвазе дырэктара мясцовай школы, дэпутата абласнога Савета дэпутатаў па Падсвільскай выбарчай акрузе №8 Вольгу Гінько, старшыню Празароцкага сельскага Савета дэпутатаў Інэсу Міхайлоўскую. Менавіта яны ініцыятары ўсіх добрых спраў, скіраваных на праслаўленне Празароччыны, папулярызацыю яе гісторыка-культурнай спадчыны.

Празарачане, а разам з імі і артысты народнага тэатра фальклору «Цярэшка», сустракалі ўдзельнікаў выязнога пасяджэння на шырокім пляцы перад касцёлам і сельскім Домам культуры. Кветкі, прывітальныя песні, каравай — усё для дарагіх гасцей! Не без гонару за сваю родную Празароччыну старшыня сельскага Савета дэпутатаў Інэса Міхайлоўская паведала пра слаўную гісторыю краю, пра яго знакамітых людзей краю і тую спадчыну, якую вельмі шануюць тутэйшыя жыхары. Сярод аб’ектаў, якія занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, размешчаных на тэрыторыі Празароцкага сельсавета: касцёл Знебаўзятай Дзевы Марыі, царква Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Празароках, царква Святой Параскевы Пятніцы ў Чарневічах, надмагільны помнік І.Буйніцкаму, курганны мо­гільнік ранняга Сярэднявечча.

Інэса Міхайлоўская расказала таксама пра выпрацаваную ў Глыбоцкім раёне сістэму работы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў шляхам правядзення выязных пасяджэнняў райвыканкама, святаў вёсак. Пры падрыхтоўцы гэтых мерапрыемстваў калектывы прадпрыемстваў і арганізацый горада выконваюць даручэнні старшыні райвыканкама Алега Морхата і старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіны Унуковіч, дапамагаюць мясцовым жыхарам у добраўпарадкаванні вуліц і сядзіб. Узгадала выступоўца і пра тое, як дзякуючы намаганням раённай, абласной улад і дапамозе нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі быў адкрыты летась сучасны будынак сельскага Дома культуры ў Чарневічах. І гэта не проста факт, сёння ва ўстанове культуры дзейнічаюць творчыя аб’яднанні таленавітых людзей, якія клапоцяцца пра зберажэнне культурнай спадчыны.

Затым удзельнікі пасяджэння пабывалі ў касцёле Унебаўзяцця Дзевы Марыі і ў царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла, аддалі даніну памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны і памяці Ігната Буйніцкага, усклалі да помнікаў кветкі.

Асобным аб’ектам наведвання стала Празароцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа, калектыў якой узначальвае выдатны пе­дагог, арганізатар, апантаны краязнаўца і творца, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Вольга Гінько. Час, праведзены ў школе, па прызнанні многіх удзельнікаў выязнога пасяджэння, узбагаціў не столькі пазнаннем новага і цікавага па гісторыі краю, колькі ўмацаваў, памножыў духоўныя сілы, падарыў шмат цеплыні і радасці. Вольга Дзмітрыеўна са сваімі калегамі-настаў­нікамі і вучнямі літаральна пакарыла ўсіх шчырасцю, шчодрасцю, няўрымслівасцю, бязмежнай любоўю да роднага краю, да высакароднай справы па захаванні і памнажэнні гісторыка-культурнай спадчыны. Перад гасцямі сапраўды адкрылася школа духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці. Пра стройную сістэму работы ў гэтым накірунку расказвалі ўсе: ад дырэктара да першакласніка.

Ступіўшы на «па­ла­вічок пажаданняў», гос­ці апынуліся ў асяродку душэўнай цеплыні, пяшчоты і павагі, у асяродку, дзе свята збе­рагаюць традыцыі. У гасцёўні «У дзядзькі Ігната» прэзентавалі стравы нацыянальнай кухні. Падчас экскурсіі па школе госці пачулі энцыклапедычны расказ пра летапісную гісторыю школы і Празароччыны, пра сённяшнюю кіпучую дзейнасць школьных дзі­цячых грамадскіх фар­­-мі­раванняў, клубаў, гурткоў. І, канешне ж, важ­нейшым аб’ектам у прэзентацыі стаў школь­­ны музей І.Буйніцка­га. Пакарыла шчырым прыз­наннем (прачы­тала сваё эсэ) у любові да сваёй школьнай сям’і Вольга Дзмітрыеўна. Па традыцыі з гасцямі развітваліся ў садку адчуванняў і пахаў. І сапраўды, кожны з удзельнікаў пасяджэння адчуў сэрцам, насамрэч перака­наўся, як на Глыбоччыне, у Празароках, клапоцяцца, дбаюць пра захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны, як выхоў­ ваюць у дзяцей любоў да гісторыі сваёй Радзімы.

Пленарнае пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў праходзіла ў Глыбокім, ў актавай зале СШ №1 імя П.Сухога. Адкрыў яго Уладзімір Цярэнцьеў. З дакладам па вынесенай на абмеркаванне тэме вы­ступіў Генадзь Ягораў. Ён акцэнтаваў увагу прысутных на самых актуальных пытаннях рэалізацыі Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь», у прыватнасці, на правядзенні ахоўных мера­прыемстваў, размяшчэнні ахоўных дошак на помніках, складанні пашпартоў, стварэнні ахоўных зон для аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, правядзенні рэстаўрацыйна-узнаўляльных работ і іншых.

У сваім дакладзе Галіна Унуковіч падрабязным чынам раскрыла сістэму работы ў раёне па зберажэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей. Ахарактарызаваўшы ў агульным плане аб’екты, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, Галіна Уладзіміраўна расказала пра тое, што зроблена і робіцца на Глыбоччыне па да­следаванні і захаванні гістарычнай спадчыны, аб рабоце раённага каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, аказанні практычнай дапамогі суб’ектам гаспадарання, якія з’яўляюцца ўласнікамі гістарычных каштоўнасцей, агучыла шэраг праблем і шляхі іх вырашэння на перспектыву, асобна спынілася на папулярызацыі гістарычнай і культурнай спадчыны праз арганізацыю экскурсій, правядзенне акцый і рэалізацыю цікавых праектаў. Пацвярджэннем гэтых слоў стала выступленне ўдзельнікаў тэатра моды «Аліса» Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна з дэманстрацыяй дзвюх калекцый адзення: «Жамчужыны Глыбоцкага краю» з малюнкамі самых вядомых мясцін раёна і «Родныя вобразы» па матывах творчасці Язэпа Драздовіча.

Аб папулярызацыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, пра ўдзел у міжнародных праграмах і праектах у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва еўрарэгіёна «Азёрны край» паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Тарасевіч. Выступленне старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў» Святланы Баранкоўскай было прысвечана дзейнасці мастакоў Віцебшчыны па захаванні культурнай спадчыны.

У Глыбокім удзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў
пабывалі ў саборы Ражджаст­ва Пра­святой Багародзіцы і ў Троіцкім касцёле, агледзелі будынкі, узведзеныя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, наведалі выставу мастака Ф. Ястраба, размешчаную ў раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. А завяршылася выязное пася­джэнне знаёмствам з сістэмай работы па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Пліскім сельсавеце. Прадстаўнікі дэпутацкага актыву вобласці наведалі таксама новы санаторна-курортны комплекс «Пліса». Уведзены нядаўна ў эксплуатацыю сучаснейшы аб’ект — яскравы прыклад таго, як праз рэалізацыю інвестыцыйнага праекта паспяхова папу­лярызуецца наша гістарычная спадчына.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Анатоль ЗІНКЕВІЧ. Фота Варвары ВАЯВОДАВАЙ.