Маштабнае мерапрыемства, прымеркаванае да 74-й гадавiны прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны, адбылося ва Ушачах

logo
Понедельник, 07.05.2018 16:04 | Рубрика: Официально
05471

Маштабнае мерапрыемства, прымеркаванае да прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны, адбылося ў пятніцу, 4 мая, ва Ушачах.

Раздзяліць з ушачанамі важнасць падзеі на ўрачыстасць завіталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Даніловіч, кіраўніцтва Наваполацка, Лепельскага і Полацкага раёнаў, розных ведамстваў (на здымку зверху).

Па традыцыі аднымі з галоўных арганізатараў урачыстасці сталі прадстаўнікі ДТСААФ. Ва Ушачы - на аўтапрабег прыехалі прадстаўнікі не толькі суседніх раёнаў, але і Браслава, Талачына, Шаркаўшчыны, Пастаў, Оршы.

Сваю лепту ў правядзенне свята ўнеслі воіны-інтэрнацыяналісты: да ўшацкіх баявых калег далучыліся прадстаўнікі абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

Горача сустракалі прысутныя каларытную калону байкераў, транспартныя сродкі якіх былі ўпрыгожаны дзяржаўнай сімволікай і сцягамі сваіх рэгіёнаў.

Нікога з гледачоў не пакінулі раўнадушнымі паказальныя заезды картынгістаў і мотакрасменаў. Нават не верылася, што так па-майстэрску кіруюць на высокіх хуткасцях спартсмены, некаторым з якіх яшчэ не споўнілася і сямі гадоў. Ну а тыя, хто займаецца мотаспортам не першы год, наогул паказвалі вельмі складаныя прыёмы экстрэмальнага ваджэння. Пасля відовішчных выступленняў быў дадзены старт святочнаму аўтапрабегу. Яркая калона рушыла на мемарыяльны комплекс «Прарыў» і расцягнулася не на адзін кіламетр. Прадстаўнікі ўлады ў гэты час прынялі ўдзел у паніхідзе па загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, якую адслужыў у храме святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры гарпасёлка Ушачы архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.

«Калі набліжаецца 9 Мая, душу напаўняюць розныя пачуцці: гэта і радасць перамогі, і смутак аб загінуўшых. Мы не зможам забыць гэты дзень, бо за нас пралівалі сваю кроў нашы бацькі, дзяды, прадзеды», — казаў ужо на мемарыяльным комплексе уладыка. За значны ўклад у духоўнае адраджэнне народа ён уручыў узнагароду Беларускай права­слаўнай царквы У. Цярэнцьеву.

Вялікай славутасцю нашага рэгіёна, своеасаблівым звонам памяці пра гераічны подзвіг пакалення пераможцаў, унікальнай школай для выхавання юных грамадзян Беларусі назваў падчас мітынгу «Прарыў» старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка. Удзячнасць ветэранам за магчымасць жыць, любіць, ствараць і працаваць ад імя моладзі выказаў камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Андрэй Правада.

На жаль, з кожным днём застаецца ўсё менш сведак Вялікай Айчыннай вайны — вось і сёлета на мітынг змог завітаць толькі Дзям'ян Уладзіміравіч Крупеня. Для ветэрана гэта свята, сапраўды, са слязамі на вачах. У чарговы раз сум агортваў яго на гэтай палітай крывёю зямлі з-за нахлынуўшых успамінаў. Памяць пра тых, хто аддаў жыццё падчас прарыву варожай блакады, усе прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Эмацыянальнасці мерапрыемству дадалі вакальныя і харэаграфічныя нумары ў выкананні культ­работнікаў і дзіцячых калектываў. Кульмінацыйным момантам стала ўскладанне вянкоў і кветак да пліт з прозвішчамі загінуўшых.

— Ушацкі мемарыял для нас вельмі блізкі, — за­значае старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў. — У прарыве той варожай блакады ў ноч з 4 на 5 мая 1944-га ў ліку 16 партызанскіх брыгад былі і выхадцы нашага раёна. Таму сённяшняе свята лічу агульным, па-сапраўднаму народным. Дэлегацыя Лепельшчыны тут ужо не ў першы раз і, упэўнены, не ў апошні.

Да самага вечара ладзілася свята і ў райцэнтры. У гэты дзень наведаць музей народнай славы імя У. Е. Лабанка можна было бясплатна. Звінелі звонкія дзіцячыя галасы ў любімым месцы маленькіх ушачан — скверы гарпасёлка. Тут для хлопчыкаў і дзяўчынак было арганізавана мноства забаўляльных праграм. Атрымаць прызы за кемлівасць і спрыт можна было на спартыўнай і бібліятэчнай пляцоўках. На апошняй, дарэчы, акрамя традыцыйных літаратурных выстаў, была створана адмысловая сцяна памяці — на ёй усе жадаючыя пакідалі ўспаміны пра сваіх родных, блізкіх — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Непадалёку можна было паглядзець і набыць вырабы ўмельцаў Дома рамёстваў ці, скажам, сфатаграфавацца ў спецыяльна падрыхтаванай фотазоне ваеннай тэматыкі.

Шчыра дзякавалі ўшачане ўдзельнікам арт-групы «Беларусы», якія прадставілі на адкрытай танцавальнай пляцоўцы насычаную праграму. Заключным акордам свята стаў феерверк, які расквеціў неба над Ушачамі сотнямі рознакаляровых агнёў. І да світанку ззяў агнямі «Прарыў» — як і ў тую лёсавызначальную ноч 74 гады таму...

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вольга КАМАРКОВА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.