Прыемныя навіны з тэатральнага жыцця. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2016 года №427 вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч узнагароджаны ганаровым званнем «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».
Віктар Дашкевіч працуе ў Коласаўскім тэатры з 1973 года. З 1981-га па 2006 год быў загадчыкам трупы. Віктар Мікалаевіч — добра вядомы акцёр не толькі ў Віцебску, але і ў Беларусі. За вялікі ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва, эстэтычнае і духоўнае выхаванне гледачоў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.
Указам №427 кіраўніка дзяржавы ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны мастак, член Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Салаўёў.
Парадаваў і Беларускі тэатр «Лялька». Артыст тэатра Сяргей Талкач узнагароджаны дыпломам лаўрэата ІV Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля ў спектаклі для дзяцей і юнацтва» за выкананне ролі Клоўна Піка ў спектаклі «Горад клоўна Піка».
«Віцьбічы» сардэчна віншуюць Віктара Дашкевіча, Аляксандра Салаўёва і Сяргея Талкача з высокай адзнакай іх творчай дзейнасці!
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.