18 жніўня на базе СТК «Азёркі» У Паставах адбудзецца свята-фестываль для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі

Понедельник, 12.08.2019 15:53 | Рубрика: Соцзащита
0474

«Асаблівыя, як і ўсе» -- пад такой назвай 18 жніўня на базе спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі» адбудзецца свята-фестываль для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. І вы можаце дапамагчы зрабіць яго яшчэ больш яркім.

Арганізатар гэтага ў многім унікальнага мерапрыемства — пастаўчанка Рыта Шылей. Яна ўпэўнена: абсалютна кожнае дзіця, хворае яно ці здаровае, мае права на радасныя эмоцыі. А падарыць іх не так і складана. На аналагічным фестывалі Рыта ўпершыню пабывала ў Варшаве, у рэабілітацыйным цэнтры Olinek, дзе шматразова аздараўлівалася яе дачка Сафія.

— Не толькі для дзетак, але і для іх мам гэта было глытком свежага паветра, — дзялілася яна ўражаннямі. — Калі ты жывеш у пастаянным напружанні, выматаны фізічна і маральна, любая змена абстаноўкі — ужо само па сабе свята. А тут сапраўдны фестываль! Яго ўдзельнікамі былі выключна асаблівыя дзеці — хлопчыкі і дзяўчынкі з цяжкімі захворваннямі, такімі як ДЦП, аўтызм, сіндром Даўна… Як і ўсе, яны любяць быць у цэнтры ўвагі, новыя ўборы, падарункі і яркія прадстаўленні. Ідэя такога фестывалю настолькі запала мне ў душу, што вырашыла правесці яго і ў Паставах.

Першым, да каго звярнулася Рыта, быў Станіслаў Чымбург, генеральны дырэктар ДА «Фізіч­ная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». Ён без ваганняў даў пляцоўку для фестывалю, паабяцаў дапамагчы вырашыць транспартныя пытанні. Гэта толькі натхніла на далейшую работу. Насустрач пайшлі райвыканкам, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Падключыліся валанцёры.

Да свята яшчэ амаль месяц, а ўжо праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Знойдзены прафесійны вядучы, які прыедзе ажно з Масквы, некалькі ані­матараў. Ёсць дамоўленасць пра дзве вялікія машыны з мыльнымі бурбалкамі. Будуць роставыя лялькі, лялькі на хадулях, міні-заапарк, запланавана катанне на конях. Тры чалавекі з Полацка і Пастаў зга­дзіліся размясціць свае творчыя фотазоны, ля іх будуць працаваць прафесійныя фатографы. Адгукнуліся і творцы, згодныя правесці розныя майстар-класы, а таксама паса­дзей­нічаць у стварэнні прадукцыі з лагатыпам свята.

Пошук тых, хто на дабрачыннай аснове гатовы дапамагчы ў арганізацыі свята, працягваецца.

— Яшчэ ёсць нямала нявырашаных пытанняў. Нам асабліва патрэбныя аніматары, спецыялісты па аквагрыме, відэёграфы. Калі вы ведаеце такіх, калі ласка, данясіце да іх гэту інфармацыю, — просіць Рыта Шылей. — Мяне прыемна здзіўляюць многія знаёмыя, якія, даведаўшыся пра фестываль, самі сталі перадаваць грошы на яго арганізацыю і падарункі дзецям. Калі хтосьці яшчэ зможа нас матэрыяльна падтрымаць, буду вельмі ўдзячная.

Рыту радуе, што ўжо дзясяткі сем'яў, якія гадуюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, пацвердзілі свой удзел. Запрашаюцца і іншыя. Абавязковая ўмова — пазваніць на нумар 8-(029)-719-70-55 і прайсці папярэднюю рэгістрацыю. Аргані­затары падкрэсліваюць: для гасцей фестывалю ўсё будзе бясплатным.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Іна Мікус.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений