Натяжные потолки в Витебске. Жаркие цены!

Ад княства да вобласці: як змянялася тэрыторыя Віцебшчыны на працягу стагоддзяў і якую ролю адыгрываў Віцебск

Вторник, 06.02.2018 15:21 | Рубрика: Общество
03457
І зноў бясплатныя лекцыйныя курсы, прымеркаваныя да 80-годдзя Віцебскай вобласці, сабралі ў сценах абласной бібліятэкі аматараў мінуўшчыны. На гэты раз гісторыкі разважалі вакол тэмы Віцебска як адміністрацыйнага цэнтра.

Першыя згадкі і асобнае княства

З пачатку Віцебск быў усяго толькі заштатным гарадзішчам днепра-дзвінскай археалагічнай культуры. Іх было шмат, у тым ліку ў ваколіцах сучаснага горада. Абсалютная большасць з іх парасло лесам, але Віцебску быў наканаваны іншы лёс.

– Вакол былога балцкага гарадзічша ў сувязі з прыходам сюды славян з’яўляюцца неўмацаваныя паселішчы, якія можна лічыць першымі крокамі па стварэнні горада. Хутчэй за ўсё гэта быў племянны цэнтр крывічоў, – адзначыў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Юрчак.

Наступны значны этап – калі Віцебск стаў адміністрацыйным і эканамічным цэнтрам у складзе Кіеўскага княства, пра што сведчаць гістарычныя крыніцы. Можна прымаць ці не легенду пра Вольгу, але ўзнікае пытанне: хто мог уключыць Віцебск у склад Кіеўскага княства? І тут як раз прыгадваецца гэтая легенда. А ўжо з 1021 года горад пераходзіць да Полацкага княства, калі кіеўскі князь Яраслаў Мудры пасля бітвы на рацэ Судамір (Судома) перадаў Віцебск і Усвят свайму пляменніку Брачыславу Полацкаму.

Наконт далейшага развіцця горада як Віцебскага ўдзелу гісторыкі спрачаюцца. Ёсць дзве пазіцыі: пры жыцці Усяслава Чарадзея ці пасля яго смерці ў 1101 годзе яго сын Святаслаў атрымаў Віцебскае княства. Другі падыход грунтуецца на тым, што Віцебскі ўдзел як самастойная адзінка з’яўляецца пазней – у 30-я гады XII стагоддзя, што пацверджана дакументальна, бо ў тыя часы ў горадзе паўстае драўляны замак, з’яўляюцца два каменныя храмы, і ў крыніцах прыгадваюцца віцебскія князі.

– Па сутнасці ў нас дзве даты, калі можам гаварыць пра пачатак самастойнага Віцебскага княства: ці ад Святаслава (гэта гіпотэза), ці ад яго сына Васількі, роднага брата Еўфрасінні Полацкай, – звярнуў увагу гісторык.

Адпраўной кропкай для Віцебскага княства стаў 1320 год, калі апошні з прадстаўнікоў мясцовай славянскай дынастыі Яраслаў памірае, і адзіны, хто можа прыняць трон, застаецца муж яго дачкі Марыі Альгерд. Княства захоўвае сваю самастойнасць, але «па кудзелі» пераходзіць да іншага гаспадара, што для Сярэднявечча было нормай. Альгерд становіцца князем віцебскім і застаецца ім, калі стане вялікім князем літоўскім.

У складзе Вялікага княства Літоўскага

Чарговай значнай падзеяй для Віцебска як адміністрацыйнага цэнтра становіцца 1393 год. З гэтага часу вялікі князь літоўскі Вітаўт распачынае адміністрацыйную рэформу, мяняючы княствы на намесніцтвы.

– Замест князёў, якім улада даставалася па спадчыне, ён ставіць людзей, якіх сам прызначае. У Віцебск быў накіраваны замест сына Альгерда Свідрыгайлы сакольнічы Фёдар Весна. Але завяршаецца гэта трагічна, бо мясцовая віцебская эліта была кансерватыўная, не гатовая да такіх зменаў, і выліваецца ў адкрытае супрацьстаянне. Фёдара Весну, па адной версіі, скінулі з віцебскай вежы, ён загінуў. Пасля гэтага Вітаўт ідзе з карным паходам на Віцебск і чатырохтыднёвай асадай, – падкрэсліў даследчык. – З гэтага пачынаецца новая эпоха, калі Віцебскае княства становіцца намесніцтвам, але мае даволі шырокую аўтаномію ў складзе ВКЛ, што падцвярджалася адпаведнымі прывілеямі.

Наступны этап, які завяршае гісторыю Віцебска як цэнтра віцебскай зямлі, 1506 год – утварэнне аднайменнага ваяводства. Пазней, у 1565-66 гадах, у ВКЛ адбываецца яшчэ адна рэформа. У выніку яе ваяводствы падзялілі на паветы – пачынае дзейнічаць двухступенчатая сістэма кіравання. Дарэчы, тагачасныя межы ваяводстваў і паветаў моцна паўплывалі на стварэнне Віцебскай губерніі ў складзе Расійскай імперыі.

Перамены з усходу

Віцебскае ваяводства праіснавала ў першасным выглядзе да XVIII стагоддзя. Гэты час вельмі важны для развіцця Віцебска як адміністрацыйнага цэнтра, асабліва яго другая палова і падзелы Рэчы Паспалітай. Першы падзел 1772 года прывёў да таго, што наш горад і амаль усё ваяводства апынулася ў складзе Расійскай імперыі.

– Калі з 1506 года межы Віцебскага ваяводства не трансфармаваліся, то пасля далучэння да Расіі сітуацыя кардынальна змяняецца. На працягу аднаго 1772 года спачатку ў маі ствараецца Віцебская правінцыя ў складзе Магілёўскай губерні, а затым у лістападзе яна перадаецца Пскоўскай. Пры гэтым цэнтрам апошняй стаў не Пскоў, а Апочка. У наступны год правінцыя дзеліцца на ўезды з цэнтрамі ў Віцебску, Веліжы і Гарадку. У складзе Аршанскай правінцыі застаюцца Бабінавіцкі, Аршанскі, Сенненскі і Копыскі ўезды. Па сутнасці вымалёўваюцца новыя адміністрацыйныя цэнтры са сваёй геральдыкай, – акцэнтаваў увагу лектар. – 1776 год – чарговае пераўтварэнне: Віцебская, Полацкая і Дзвінская правінцыі аб’яднаныя ў Полацкую губерню. У 1778 годзе губерня пераймяноўваецца ў намесніцтва.

Пасля Другога і Трэцяга падзелаў РП у снежні 1796 года Полацкае і Магілёўскае намесніцтва аб’яднаныя ў Беларускую губернію. Тут Віцебск урэшце выходзіць на першы план – ён якраз геаграфічна размяшчаецца паміж двума гэтымі гарадамі – пачынаецца імклівае развіццё Віцебска як цэнтра.

– Яшчэ адной важнай датай становіцца 1802 год – ствараецца Віцебская губерня. З гэтага года яна стабільна існуе ў нязменным выглядзе да ўваходжання ў склад БССР ў 1924-м (не ўлічваючы тую яе частку, якая знаходзілся ў міжваеннай Польшчы), – працягвае спецыяліст.

Трансфармацыя Віцебшчыны ў ХХ стагоддзі

Падчас Першай сусветнай вайны і пасля рэвалюцый 1917 года Віцебская губерня спачатку была часткай Заходняй вобласці РСФСР, затым Заходняй камуны з цэнтрам у Смаленску. Першы дакумент, дзе наш рэгіён фігуруе і які надалей быў актыўна выкарыстаны беларускімі камуністамі падчас фарміравання БССР, гэта 3-я Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. БССР была ўтворана ў межах пражывання беларускага народа. Але сітуацыя разгортвалася так, што ў пачатку 1919 года Віцебшчына была выключана са складу БССР і далучана да РСФСР.

Другі лектар аспірант Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі расказаў пра першыя гады Віцебскай акругі ў савецкі перыяд, адзначыўшы разнастайныя перыпетыі ўваходжання раёнаў вобласці то да Магілёўскай, потым да Гомельскай акруг, а некаторых да Латвіі. Але пасля 1924 года сітуацыя «ўстаканілася» – Віцебская акруга вярнулася ў БССР.

Віцебская вобласць ствараецца 15 студзеня 1938 года ў адпаведнасці з Пастановай 1-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР, а 20 лютага ў адпаведнасці з рашэннем Прэзідыума ЦВК БССР у яе склад уключаны 20 раёнаў агульнай плошчай 28, 3 тысячы кіламетраў і насельніцтвам 1 мільён 293 тысячы чалавек. Але вобласць не мела сучасны выгляд, бо Заходняя Беларусь была ў складзе Польшчы. Пасля падзей 17 верасня 1939 года БССР вярнула заходнія землі.

– У гады Вялікай Айчыннай вайны тэрыторыя сучаснай Віцебшчыны была падзелена паміж генеральнай акругаю «Беларусь» і тылавой зонай групы армій «Цэнтр», – расказаў Дзяніс Юрчак. – Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе пачынаюцца новыя рэформы і замест суцэльнай Віцебскай вобласці ўтвараецца яшчэ і Полацкая з аднайменным абласным цэнтрам. А частка зямель сучаснай Віцебшчыны яшчэ дагэтуль апынулася у складзе Мінскай (Бягомль) і Вілейскай абласцей. Апошняя утварылася на беларускай частцы былой Віленскай губерні, і ў 1944 годзе была перайменавана ў Маладзечанскую, змяніў абласны цэнтр і межы.

У 1960-м Маладзечанская вобласць расфарміроўваецца, і Браслаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Міёрскі, Пліскі, Пастаўскі і Шаркаўшчынскі раёны перададзены Віцебскай вобласці. Праз два гады некаторыя з іх ліквідуюцца, а ў 1965-66-м зноў аднаўляюцца. Пасля гэтых гадоў Віцебшчына пачынае існаваць з сучасным раянаваннем, які мы сёння назіраем.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений